Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сын Маргарэт Тэтчэр абвінавачваецца ў датычнасьці да спробы перавароту ў экватарыяльнай Гвінэі


Віталь Цыганкоў, Прага Марк Тэтчэр, адзіны сын Маргарэт Тэтчэр, былога прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі, учора быў арыштаваны у Паўднёваафрыканскай Рэспубліцы. Ён падазраецца ў датычнасьці да падрыхтоўкі перавароту супраць прэзыдэнта Экватарыяльнай Гвінэі.

Бізнэсмэн Марк Тэтчэр быў затрыманы ў сераду паўднёваафрыканскай паліцыяй, якая ўварвалася ў ягоную шыкоўную вілу ў горадзе Кэйптаўн. Байцы элітнага злучэньня прад’явілі ордэр, арыштавалі Тэтчэра і правялі ператрус у доме.

Сын былога брытанскага прэм’ера, “жалезнай лэдзі” Маргарэт Тэтчэр падазраецца ў фінансавай і арганізацыйнай падтрымцы спробы перавароту ў Экватарыяльнай Гвінэі, якая правалілася некалькі месяцаў таму. Удзельнікаў путчу ўжо пачалі ў панядзелак судзіць у сталіцы Экватарыяльнай Гвінэі Малабо, і ім пагражае сьмяротнае пакараньне. Аднак Тэтчэра будуць судзіць у Паўднёваафрыканскай Рэспубліцы, дзе законы значна больш мяккія – працэс пачнецца ў лістападзе.

Марк Тэтчэр аказаўся ўцягнутым у гэтую гісторыю галоўным падазраваным – паўднёваафрыканцам, які ўжо пачаў даваць паказаньні. Таксама сьцьвярджаецца, што Тэтчэр – сябар Шымона Мана, былога брытанскага спэцназаўца, які ўзначаліў групу змоўшчыкаў, арыштаваных у Зімбабве. Варта адзначыць, што Экватарыяльная Гвінэя займае трэцяе месца ў Афрыцы па вытворчасьці нафты.

Сіпфа Нгвэма, прэсавы сакратар Пракуратуры ПАР, заявіў, што ўлады Паўднёвай Афрыканскай Рэспублікі маюць доказы далучанасьці Тэтчэра.

(Нгвэма: ) “Мы дасьледуем парушэньні Закону аб замежнай ваеннай дапамозе, і мы мяркуем, што Тэтчэр парушыў гэты закон праз фінансаваньне путчу ў Экватарыяльнай Гвінэі. Мы атрымалі інфармацыю ад сьведкаў, якія зьбіраюцца дапамагаць нам у часе сьледзтва”.

Нгвэна таксама адзначыў, што новая Паўднёвая Афрыка імкнецца адмежавацца ад апартэіднага мінулага краіны, калі ПАР была базай для многіх наёмнікаў, гэтак званых салдат фартуны, якія бралі ўдзел у многіх афрыканскіх войнах і пераваротах.

Здаецца, мала каго зьдзівіла, што сын Маргарэт Тэтчэр патрапіў у чарговую скандальную гісторыю. “БіБіСі” з гэтай нагоды нагадвае заблытаную біяграфію сына былога прэм’ер-міністра. Марк доўга ня мог знайсьці сабе працу, тройчы правальваў экзамэны на фінансавага спэцыяліста. 20 гадоў таму Марк абвінавачваўся ў спрыяньні адной брытанскай фірме, якая атрымала вялізны кантракт у Амане пасьля таго, як краіну наведала Маргарэт Тэтчэр. Марк быў вымушаны пакінуць Брытанію і пераехаў у амэрыканскі штат Тэхас, а два гады таму зноў-такі пасьля пэўных праблемаў са сваім бізнэсам накіраваўся ў Паўднёвую Афрыку.
XS
SM
MD
LG