Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валеры Леванеўскі спыніў галадоўку


Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Валеры Леванеўскі сёньня спыніў галадоўку за кратамі. Ён галадаў 13 дзён, патрабуючы сустрэчаў з роднымі і з судзьдзём, а таксама — дадатковага знаёмства з матэрыяламі крымінальнай справы супраць яго.

Заўтра пачынаецца суд над спадаром Леванеўскім і ягоным паплечнікам Аляксандрам Васільевым. Іх абвінавачваюць у нанясеньні публічнай абразы прэзыдэнту Лукашэнку. Валеры Леванеўскі спыніў галадоўку, каб суд не расцаніў яе, як спробу зацягнуць працэс. Спыніць яе таксама параіў адвакат, каб абвінавачаны лепей адчуваў сябе на судзе.

Сп. Леванеўскага трымаюць за кратамі зь 1 траўня. Тэрмін знаходжаньня яго ў сьледчым ізалятары Гарадзенскай турмы N1 працягнуты да 13 верасьня. Паводле раскладу, апошняе судовае паседжаньне прызначана на 3 верасьня, хаця гэтая дата можа быць і не канчатковай. Працэс пачнецца 26 жніўня а 10-й гадзіне ў Ленінскім раённым судзе Горадні. Валерыя Леваенўскага даставяць туды пад вартай.
XS
SM
MD
LG