Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскія навукоўцы зрабілі вакцыну супраць какаіну?


Кастусь Бандарук, Прага Новая перадача сэрыі “Навіны сучаснай мэдыцыны”. У сёньняшнім выпуску: брытанскія навукоўцы цьвердзяць, што ў хуткім часе можна будзе ўсьцерагчы дзяцей ад наркотыкаў.

“Гэта будзе звычайная прышчэпка, як тыя, што ўжываюцца супраць грыпу і сухотаў”, – кажуць навукоўцы з брытанскай фірмы XENOVA. Вынікі іхных дасьледаваньняў нагэтулькі шматабяцальныя, што ўлады Вялікай Брытаніі ўжо папярэдне плянуюць праграму прышчэпліваньня дзяцей, каб усьцерагчы іх ад наркатычнай залежнасьці.

“Чакаем толькі канчатковай справаздачы, якая мае быць падрыхтаваная пасьля апошніх выпрабаваньняў з удзелам людзей ў сакавіку 2005 годзе”, – патлумачыў на старонках газэты The Independent урадавы дараднік ў справе лекаў Дэйвід Нат (David Nutt).

На рынак прышчэпка трапіць праўдападобна праз два гады, і гэта можа быць пералом ў барацьбе з какаінам. Справа ў тым, што хаця навукоўцы здаўна працуюць над лекамі, якія дапамаглі б людзям вырвацца з наркатычнага трансу, аднак дагэтуль у гэтай барацьбе перамагаў какаін. У яго быў важны козыр: ён быў “нябачны” для нашай імуннай сыстэмы.

Чалавечы арганізм безупынна патрулююць, бы праваахоўныя службы, белыя крывяныя цельцы. Дзякуючы ім, нашае цела распазнае, напрыклад, бацылы і зьнішчае іх. Аднак ёсьць такія месцы, куды белыя крывяныя цельцы не даходзяць. У прыватнасьці мозг ня можа стаць арэнай змаганьня зь мікробамі, паколькі ён для гэтага занадта далікатны. Вось таму яго ахоўвае спэцыяльная мяжа, так званы бар’ер “кроў-мозг”. Апрача некаторых субстанцыяў нішто іншае не працісьнецца пра гэты бар’ер. Аднак часьцінкі какаіну нагэтулькі малыя, што яны без перашкодаў пранікаюць у мозг. А там яны непасрэдна ўплываюць на функцыі мозгу, выклікаючы пачуцьцё эўфарыі.

Пакуль няма магчымасьці ўсьцерагчыся ад зьнішчальнага дзеяньня наркотыку. Менавіта таму навукоўцы з “Ксэновы” вырашылі пайсьці па іншым шляху: знайсьці спосаб, каб з дапамагай прышчэпкі ў ўпусьціць какаін у мозг.

Імунная сыстэмы чалавека ня ўмее распазнаць часьцінкі какаіну, паколькі яны занадта малыя. Аднак брытанскія біятэхнолягі прэпаравалі спэцыяльны “кактэйль” з субстанцыі падобнай на какаін і бялка небясьпечнай бактэрыі, якая выклікае халеру. Сам фрагмэнт мікробу ня ў стане выклікаць халеру, але здольныя падняць трывогу й зьвярнуць на сябе ўвагу з боку імуннай сыстэмы. Гэта нешта накшталт таго, калі да невялікага аўтамабілю падчапіць вялізны прыцэп з чырвоным сьцяжком (бялок бактэрыі). Зацікавіўшыся бялком антыцелы, адначасова навучацца распазнаваць какаін. Калі прышчэпленая асоба прыме какаін, ён будзе адразу заўважаны і аблеплены антыцеламі. Дзякуючы гэтаму, часьцінкі какаіну павялічацца да такой ступені, што не здолеюць пранікнуць у мозг.

Навукоўцы таксама правяраюць, як гэтая прышчэпка дзейнічае на людзей, якія ўжо даўно прымаюць наркотыкі. Зь ліку 130 пацыентаў, якія паддаліся тэрапіі, пасьля трох месяцаў ад какаіну цалкам адмовіліся 58%. “Вынікі аказаліся лепшымі, чым мы спадзяваліся”, – кажа Дэйвід Окслэйд (David Oxlade) з кампаніі “Ксэнова”.

Адначасова навукоўцы падкрэсьліваюць, што большасьць тых наркаманаў, якія ня здолелі адмовіцца ад гэтай пагібельнай звычкі кажуць, што наркотык ня ўзьдзейнічае на іх гэтак моцна, як перад прышчэпліваньнем. Дарэчы, скарыстоўваючы традыцыйныя мэтады, з залежнасьці ад наркотыкаў удавалася вырваць ўсяго болей за 10% наркаманаў.

Зацікаўленьне брытанскага ўраду прышчэпкай вынікае ня толькі з гуманітарных, але з эканамічных меркаваньняў. Здаўна вядома, што таньней засьцерагаць ад хваробы, чым лячыць яе. Кошты праграмаў прышчэпліваньня й вытворчасьці леку будуць напэўна меншыя, чым кошты лячэньня наркаманаў, і тых злачынстваў, якіх людзі дапускаюцца пад ўплывам наркотыкаў. Ацэньваецца, што на гэтыя мэты ў Вялікай Брытаніі штогод выдаткоўваецца каля 12 мільярдаў фунтаў. “Людзей трэба прышчэпліваць супраць залежнасьці ад наркотыкаў адразу пасьля нараджэньня гэтак, як у выпадку сьвінкі й адзёру”, – кажа прафэсар Дэйвід Нат.

Прышчэпленае ў маленстве дзіцё ня стане залежным ад наркотыкаў, бо нават калі прыме яго, ня будзе адчуваць таго эўфарычнага стану ачмурэньня. Аднак тыя, хто ўжо залежны ад наркотыкаў ня будуць цудоўна вызваленыя з гэтага палону, бо лек ня здыме наркатычнага голаду.

“Дык што ў такім выпадку зробяць наркаманы? Праўдападобна будуць шукаць іншай наркатычнай субстанцыі, або пачнуць прыймаць большыя дозы какаіну”, – кажуць скептыкі. Апрача таго варта памятаць, што кожны чалавек па-рознаму рэагуе на лячэньне.

“Наркаманам таксама патрэбная псыхатэрапія. Яны самі павінны хацець парваць з гэтай звычкай, а адно толькі лек ім не дапаможа” , – кажа доктар Лесьлі Кінг-Люіс (Lesley King-Lewis) кіраўнік арганізацыі “Action on Addiction”.

Застаюцца таксама этычныя праблемы. “Перад тым, як пачнём некага прышчэпліваць, трэба спытацца, што грамадзтва думае на гэты конт. Мы ж ня ведаем, ці людзі хочуць, каб за іх адвольна прымаліся такія рашэньні” , – сказаў Ян Гібсан (Ian Gibson), старшыня Камітэту навукі й тэхналёгіі ў брытанскім парлямэнце. Пакуль жа парлямэнтарыі заклікалі правесьці грунтоўнае дасьледаваньне ўсіх аспэктаў праграмы прышчэпліваньня супраць наркотыкаў, усіх яе плюсаў і магчымых мінусаў.
XS
SM
MD
LG