Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны Алімпіяды – Дзень чацьверты: Беларусы дагэтуль без мэдалёў


RFE/RL Адно за адным ня спраўджваюцца спадзяваньні беларусаў на алімпійскія мэдалі

Навіны 28-х алімпійскіх гульняў у Афінах

Беларускі стралок з лука Антон Прылепаў на алімпійскім турніры выйшаў у 1/8 фіналу, перамогшы ва ўпартай барацьбе бутанца Ташы Прэльера. Наступным ягоным супернікам будзе карэйскі майстар стральбы з лука. Антон Прылепаў два гады таму стаў чэмпіёнам сьвету сярод юніёраў. На старце турніру ён перамог алімпійскага чэмпіёна Сыднэю аўстралійца Саймана Файруотэра.

Беларускі баксёр, чэмпіён Эўропы 2002 году Хаважы Хацыгаў, выступаючы ў вагавай катэгорыі да 54 кіляграмаў, упэўнена перамог пуэртарыканца Хуана Лопэса. Напярэдадні ўдала стартаваў яшчэ адзін беларускі баксёр, бронзавы прызёр чэмпіянату Эўропы Міхаіл Бярнадзкі.

Самы лёгкі беларускі баксёр Бато Ванкееў, які выступае ў вагавай катэгорыі да 51 кілаграма, выбыў з барацьбы на алімпійскім турніры. Вечарам 17 жніўня ў першым крузе ён прайграў Хуану Карласу Паяна з Дамініканскай Рэспублікі. Дагэтуль беларускія баксёры паспяхова пераадольвалі першы бар''ер. Спачатку гэта ўдалося Магамеду Арыпгаджыеву (да 81 кг), затым - Міхаілу Бярнадскаму (да 57 кг) і Хаважы Хацыгаву (да 54 кг).

Беларуская спартоўка Вікторыя Паўловіч выйграла стартавы матч алімпійскага турніру ў настольным тэнісе. Сёньня ў адзіночным разрадзе яна перамагла тайляндзкую тэнісістку Нантану Каўмонг. На наступным этапе турніру Вікторыя Паўловіч заўтра сустрэнецца з прадстаўніцай Харватыі Тамарай Бораш. Сёньня ўвечары ў барацьбу за алімпійскія ўзнагароды ўступіў лідэр мужчынскай каманды Беларусі Ўладзімер Самсонаў. У 1/16 фіналу ён перамог паляка Люцыяна Блашчыка.

Максім Мірны і Уладзімір Ваўчкоў выбылі з барацьбы ў парным разрадзе алімпійскага тэніснага турніру. Сёньня у другім коле беларусы прайгралі першай пары планеты Бобу і Майку Браянам з ЗША ў двух сэтах - 3:6, 3:6. У парным разрадзе тэніснага турніру для беларусаў прагназаваўся медаль. У другі круг гэтых спаборніцтваў М.Мірны і У.Ваўчкоў прайшлі без барацьбы з прычыны хваробы аднаго з прадстаўнікоў дуэта з Марока. Пасля гэтай няўдачы У.Ваўчкоў пакідае Афіны, а М.Мірны сканцэнтруецца на выступленні ў адзіночным разрадзе, раніцай 17 жніўня ў другім крузе ён выйграў у фіна Яарка Ніемінена - 6:3, 6:4. Наступным сапернікам беларуса стане амерыканец Мардзі Фіш.

Беларускі дзюдаіст Сяргей Шундзікаў упэўнена стартаваў на алімпійскім турніры. Выступаючы ў вагавай катэгорыі да 82 кіляграмаў, ён атрымаў чыстую перамогу над Рамзідынам Саідавым з Узбэкістану. Аднак у другім коле Шундзікаў саступіў азэрбайджанцу Мэхману Азізаву і выбыў з далейшага змаганьня. У камандзе беларускіх дзюдаістаў свайго выступу яшчэ чакаюць бронзавыя прызёры леташняга чэмпіянату сьвету Сяргей Кухарэнка і Ігар Макараў, а таксама цяжкавагавік, прызёр чэмпіянату Эўропы Юры Рыбак.

Ня спраўдзіліся спадзяваньні на алімпійскія мэдалі, зьвязаныя зь беларускімі стралкамі. Ігар Басінскі і Канстанцін Лукашык сёньня не адолелі папярэдні этап спаборніцтваў у стральбе з матчавага пісталета на дыстанцыі 50 мэтраў. Прызёр чатырох алімпіядаў Басінскі заняў у кваліфікацыі 15-е месца, а алімпійскі чэмпіён 1992 году Лукашык апынуўся толькі на 37-м месцы.

19 жніўня ў Афінах адбудзецца ўрачыстае адкрыцьцё Беларускага Дома. Як паведаміў прэсавы аташэ Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі Пятро Рабухін, у гэты дзень кіраўніцтва каманды Беларусі, а таксама трэнэры і спартоўцы сустрэнуцца з журналістамі, акрэдытаванымі на Гульнях. Плянуецца дэтальна прааналізаваць выніку выступу беларусаў за шэсьць першых дзён спаборніцтваў.
XS
SM
MD
LG