ВАРШАВА. Тоні Блэр, Герхард Шродэр і Джордж Буш – гэта найбольш папулярныя ў Польшчы замежныя палітыкі. Горш за ўсё палякі ставяцца да Фідэля Кастра і Аляксандра Лукашэнкі – гэтак вынікае з дадзеных апошняга апытаньня, што наладзіў аўтарытэтны польскі Цэнтар дасьледаваньняў грамадзкай думкі.
Паводле гэтага апытаньня, брытанскаму прэм’еру сымпатызуюць 40% палякаў, а прэзыдэнту ЗША і канцлеру Нямеччыны – па 38%. Адначасова, амаль кожны трэці паляк адмоўна ставіцца да Джорджа Буша.
Увогуле, першае мейсца сярод замежных палітыкаў, якіх палякі найбольш ня любяць, займае Фідэль Кастра – 56%, а другое – кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка – 49%. Далей ідуць Ясір Арафат і Арыель Шарон.
Найбольш пазнавальныя ў Польшчы замежныя палітыкі гэта прэзыдэнт ЗША - яго ведаюць 97% палякаў і Расеі – 96%.