БАГДАД. Дзяржаўны сакратар ЗША Колін Паўэл знаходзіцца цяпер у Іраку, пра свой візіт ён не абвяшчаў загадзя. Пасьля перамоваў з прэзыдэнтам Іраку і іншымі афіцыйнымі асобамі Колін Паўэл паведаміў, што аптымістычна глядзіць на магчымасьць прагрэсу у Іраку. Прэзыдэнт Іраку Газі аль-Яўр сказаў журналістам, што візіт Коліна Паўэла – праява блізкіх дачыненьняў паміж Іракам і ЗША, і гэта спрыяе разьвіцьцю рэгіёну.
Колін Паўэл: “Я пацьвердзіў і нашую рашучасьць далей працаваць зь пераходным урадам Іраку дзеля ўсталяваньня дэмакратыі на глебе датрыманьня свабодаў і правоў чалавека. У наступныя тыдні нам трэба вырашыць шмат цяжкіх задачаў. Я ўпэўнены, што мы зь імі справімся”.
Дзяржсакратар ЗША зьвінаваціў Іран у спробах уплываць на будучыню Іраку, заместа таго, каб дапамагаць яго стабілізацыі: “Адносна Ірану. Іран мае патэнцыял для станоўчай ролі ў Іраку, але нас турбуюць некаторыя захады Ірану на поўдні Іраку і ўплыў, які Іран спрабуе пашырыць там. Мы спадзяемся, што іранскія ўлады зразумеюць, што гэта ў іх інтарэсах – мець суседам стабільны Ірак”.
Паўэл таксама сказаў, што ЗША паскораць фінансаваньне рэканструкцыі Іраку і тыя амэрыканскія сілы, што застаюцца ў краіне, дапамогуць у гэтым ірацкаму народу.
Колін Паўэл прыбыў у Багдад пасьля візыту ў Саудаўскую Арабію, дзе абмяркоўваў магчымасьць накіраваць у Ірак войскі з арабскіх і іншых мусульманскіх краінаў