Міністар замежных справаў Латвіі Арціс Пабрыкс выказаў занепакоенасьць разгонам дэманстрацыі ў Менску 21 ліпеня. “Абыходжаньне беларускіх уладаў з маніфэстантамі сьведчыць аб іхнай нецярпімасьці да палітычных апанэнтаў, якія асьмельваюцца выказваць меркаваньні, адрозныя ад афіцыйных. Такая неталерантнасьць супярэчыць асноўным прынцыпам дэмакратыі” – гаворыцца ў заяве латвійскага МЗС. Латвія таксама занепакоеная абмежаваньнямі свабоды друку ў Беларусі і лёсам зьніклых грамадзкіх дзеячаў. “Беларускія ўлады працягваюць арышты і перасьлед прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі, дысідэнтаў і грамадзкіх дзеячаў. Дагэтуль знаходзіцца пад вартай былы амбасадар Беларусі ў Латвіі Міхаіл Марыніч,” – адзначаецца ў заяве міністра замежных справаў Латвіі. Атціс Пабрыкс падкрэсьліў, што такія парушэньні асноўных прынцыпаў дэмакратыі ў Беларусі могуць адмоўна адбіцца на двухбаковых адносінах.