Лінкі ўнівэрсальнага доступу

21 ліпеня нарадзіліся Поль Ройтэр і Эрнэст Хэмінгуэй


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 21 ліпеня

21 ліпеня ў 1930-м годзе ў Менску быў арыштаваны Вацлаў Ластоўскі. НКВД 10 месяцаў трымала акадэміка Ластоўскага ў турме, пасьля чаго выслала ў расейскі горад Саратаў, дзе ў 1937 годзе ён быў расстраляны. А арыштавалі яго ў справе прыдуманага чэкістамі “Саюзу вызваленьня Беларусі”. Разам з Ластоўскім у ліпеньскія дні 1930 году было арыштавана больш за сто навукоўцаў і літаратараў. Гэта была першая хваля масавых сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі, якія зьнішчылі ў краіне ўсю незалежную нацыянальную інтэлігенцыю.

21 ліпеня 1999 году, пяць гадоў таму, мастак Алесь Пушкін правёў у Менску пэрфоманс “Падарунак прэзыдэнту”. Пушкін падкаціў да рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі тачку гною, вываліў яе зьмесьціва і ўтыркнуў вілкі ў партрэт першай асобы. За пэрфомансам назіралі журналісты, публіка і міліцыянты, якія затрымалі мастака.

21 ліпеня ў 1816 годзе нарадзіўся чалавек, прозьвішча якога мы ўсе чуем па некалькі разоў на дзень, але пра самога мала што ведаем. Гэта – Поль Юліюс Ройтэр, заснавальнік найбуйнейшага сучаснага ангельскага інфармацыйнага агенцтва Ройтэрз. Нарадзіўся ён у Нямеччыне, у габрэйскай сям’і, і першапачатковае імя ягонае было Ізраіль Бэер Ясафат. Пачынаў кар’еру як банкаўскі работнік, пасьля хрысьціўся, зьмяніў імя і ажаніўся. Працаваў перакладчыкам у Парыжы, а адтуль перабраўся ў Лёндан і стварыў там адно зь першых у сьвеце агенцтва навінаў. За гэта ў Нямеччыне яму прысвоілі тытул барона і ён стаў звацца фон Ройтэр.

Таксама 21 ліпеня нарадзіўся Эрнэст Хэмінгуэй, славуты амэрыканскі раманіст, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі. Ён прыйшоў на сьвет у 1899 годзе.

А яшчэ сёньня нарадзіўся беларускі артыст Фёдар Балабайка з Магілёва, якога ведаюць усе, хто хоць раз бачыў выступы танцавальнага ансамблю “Харошкі” – там ёсьць такі малы забаўны дзядзька, якому для сьмеху даюць у пару высачэзную дзеўку. Сёньня спадару Балабайку спаўняецца 55 гадоў.
XS
SM
MD
LG