РАМАЛА. Прэм’ер-міністар Палестынскай аўтаноміі Ахмэд Курэй падаў у адстаўку пасьля сэрыі выкраданьняў людзей у паласе Газы. Аднак кіраўнік аўтаноміі Ясір Арафат не прыняў гэтай адстаўкі.
Напярэдадні ўзброеныя палестынцы ненадоўга забралі ў закладнікі кіраўніка палестынскай паліцыі, а таксама яшчэ аднаго палестынскага чыноўніка й чацьвярых французаў – супрацоўнікаў гуманітарнай арганізацыі. Выкрадальнікі выражалі тым самым пратэст супраць карупцыі ў аўтаноміі. Арафат прызначыў сёньня новых начальнікаў паліцыі й службы бясьпекі. Сілы палестынскай бясьпекі цяпер будуць кансалідаваныя ў тры асноўныя ведамствы замест ранейшых дванаццаці. У паласе Газы ўведзена надзвычайнае становішча.