Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад МЗС залежыць, як хутка назіральнікі ад БДІПЧ АБСЭ змогуць прыехаць у Беларусь


Любоў Лунёва, Менск Прадстаўнікі назіральнай групы БДІПЧ АБСЭ маюць намер ня толькі прысутнічаць на выбарчых участках падчас восеньскіх выбараў у Беларусі, але й адсочваць хаду ўсёй выбарчай кампаніі. Ад беларускага Міністэрства замежных справаў залежыць, наколькі хутка прадстаўнікі АБСЭ пачнуць сваю працу ў Беларусі.

Міжнародныя назіральнікі могуць наведаць Беларусь толькі пасьля таго, як атрымаюць адпаведныя запрашэньні. У Беларусі ёсьць чатыры праўныя суб''екты, якія маюць права дасылаць запрашэньні. Гэта – кіраўнік дзяржавы, Урад, ад імя якога зазвычай выступае МЗС; Палата прадстаўнікоў і нарэшце – Цэнтравыбаркам.

Як разьмяркоўваюцца паўнамоцтвы? На гэтае пытаньне Радыё Свабода адказаў сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік.

(Лазавік: ) "Кіраўнік дзяржавы выдае запрашэньні на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў. Міжнародныя арганізацыі запрашае МЗС. Парлямэнт запрашае сваіх калег-парлямэнтароў. Цэнтравыбаркам запрашае кіраўнікоў Цэнтравыбаркамаў іншых краін. Магчыма, прэзыдэнт можа даць дазвол запрашаць тых ці іншых назіральнікаў. Хаця няма нейкага адпаведнага закону, ці нарматыўнага акту, які рэглямэнтаваў бы гэты працэс. У нас практыка ўсталявалася, і гэта ўсіх задавальняе. Парлямэнтары не крыўдуюць і запрашаюць сваіх калег зь іншых парлямэнтаў. Нас гэта таксама задавальняе. Мы запрашаем сваіх калег з Захаду і з Усходу."

Цэнтравыбаркам запрашэньняў пакуль не дасылаў.

(Лазавік: ) "А нам няма куды сьпяшацца. Мы сваіх калег запрашаем на самую гарачую пару. Як правіла, робім гэта за два-тры дні. За тыдзень дашлем запрашэньні, яны за дзень ці два прыяжджаюць”.

Група БДІПЧ АБСЭ, якая будзе працаваць у Беларусі, пакуль вырашае асноўныя арганізацыйныя пытаньні. Пасьля канфэрэнцыі, якая праходзіць у Вене, мы даведаемся пра ейны склад.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG