ТБІЛІСІ. Грузінскі прэзыдэнт Міхаіл Саакашвілі заклікаў краіны Захаду аказаць ціск на Расею й падтрымаць рэінтэграцыю Паўднёвай Асэтыі ў склад Грузіі. Выступаючы ў Лёндане, Саакашвілі сказаў:
“Я перакананы, што ў Маскве ёсьць сілы, якія выношваюць агрэсіўныя пляны, і ня толькі пляны, а агрэсіўныя дзеяньні. Гэта людзі, якія так і пазбыліся сваіх імпэрскіх амбіцыяў”.
Прэзыдэнт Грузіі заявіў, што ўжо праз паўгоду Паўднёвая Асэтыя вернецца ў склад Грузіі.
Сытуацыя ў самой Паўднёвай Асэтыі застаецца напружанай. У зоне грузінска-паўднёваасэтынскага канфлікту сёньня зноў аднавіліся перастрэлкі. Тым часам у Маскве праходзіць паседжаньне камісіі ў пытаньнях урэгуляваньня грузінска-асэтынскага канфлікту – з удзелам прадстаўнікоў Расеі, Грузіі, Паўднёвай і Паўночнай Асэтыі. Бакі заявілі пра недапушчальнасьць сілавога разьвязаньня крызісу.