ВАШЫНГТОН
ЗША выказалі сваё расчараваньне плянамі ўраду Філіпінаў паскорыць вывад сваіх вайскоўцаў з Іраку ў адказ на патрабаваньні экстрэмістаў, што захапілі філіпінскага закладніка. Прэсавы сакратар Дзярждэпартамэнту Рычард Баўчар заявіў, што гэтае рашэньне дае “няправільны сыгнал” выкрадальнікам. Намесьнік міністра замежных справаў Філіпінаў заявіў учора, што Маніла зьбіраецца вывесьці сваіх 51 вайскоўца з Іраку як мага хутчэй. Тым часам два баўгарскія закладнікі, што былі захопленыя экстрэмістамі ў Іраку, дагэтуль жывыя. Пра гэта паведаміў сёньня міністар замежных справаў Баўгарыі Саламон Пасі. Паводле яго словаў, дамовіцца з выкрадальнікамі аб іх вызваленьні пакуль не ўдаецца. Экстрэмісты пагражаюць забіць баўгараў, калі ня будуць вызваленыя ўсе паўстанцы, узятыя ў палон войскамі Злучаных Штатаў Амэрыкі.