Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палескі “Рабінзон” 42 гады хаваўся ад КГБ


Міхал Стэльмак, Менск Агляд рэгіянальнага друку

“Беларуская дзелавая газэта” ў сваім сёньняшнім нумары паведамляе пра намер памочніка Аляксандра Лукашэнкі ў пытаньнях спорту Мікалая Ананьева, які адначасова зьяўляецца віцэ-прэзыдэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэту, пакінуць гэтыя пасады па ўласным жаданьні. Паводле вэрсіі “БДГ”, гэтае рашэньне выклікана незадаволенасьцю Лукашэнкі працай спадара Ананьева. Той нібыта праваліў прэзыдэнцкае даручэньне па рэстаўрацыі менскага Палацу воднага спорту. Апроч таго, даўні сябра лукашэнкаўскай каманды падазраецца ў нямэтавым выкарыстаньні сродкаў падчас узьвядзеньня спартовых аб’ектаў, а таксама ў кватэрных махлярствах.

“Новая газэта Смаргоні” знаёміць сваіх чытачоў з удзельнікам Алімпійскіх гульняў у Грэцыі Аляксандрам Апанасёнкам. Баксёр Апанасёнак – ураджэнец Смаргоні. У інтэрвію выданьню ён заявіў, што накіроўваецца ў Афіны за мэдалём вышэйшай пробы. Паводле 23-гадовага спартоўцы, яго галоўнымі супернікамі на Алімпіядзе будзе леташні чэмпіён сьвету расеец Паветкін, фіналіст Усясьветнага першынства 2001 году украінец Мазікін, а таксама кубінец Карыён і немец Убер. Смаргонскі баксёр, як вынікае зь яго тлумачэньня, выдатна ведае іх стратэгію на рынгу і верыць у сваю перамогу.

У чаканьні Дня перамогі увесь апошні час жыў і яшчэ адзін ўраджэнец тутэйшых мясцінаў, пра якога ў сьвежым нумары паведамляе “Новая газэта Смаргоні”. Гэта вэтэран вайны Аляксандр Дацэнка зь вёскі Войстам. Сваякам здавалася, што менавіта чаканьне падтрымлівае жыцьцё сталага чалавека, які зьлёг і ўжо не мог падымацца з ложку. Нарэшце, надышло сьвята. Але ў гэты дзень ніхто не ўспомніў пра вэтэрана. Калгас тут разваліўся, а сельскі савет прыслаў паштоўку, у якой, паводле выданьня, было зьдзеклівае запрашэньне гэтага чалавека бяз ног на арганізаваны ўладамі мітынг. Вэтэран, які здабываў Перамогу, такога чэрствага да сябе стаўленьня не сьцярпеў. Днямі яго ня стала.

Крыўдуюць на жорсткую рэчаіснасьць і жыхары Лунінеччыны, якія жылі у тутэйшых інтэрнатах. Як паведаміла мясцовая газэта “Информ-прогулка”, з прычыны пажарнай небясьпекі іх зачынілі. Між тым, толькі ў інтэрнатах прадпрыемства “Палесьсеэлектрамаш” жыльцамі лічацца 580 чалавек, у тым ліку з маленькімі дзецьмі. Як вынікае з публікацыі, у прадпрыемства няма грошай на ўсталяваньне супрацьпажарнай сыгналізацыі. Няма магчымасьці набыць гэтую сыгналізацыю за свой кошт і ў насельнікаў інтэрнатаў, паколькі заробкі на “Палесьсеэлектрамашы” мізэрныя, дый выплочваюць іх, паводле газэты “Информ-прогулка”, нерэгулярна.

Лунінеччыну наведаў і карэспандэнт “Камсамольскай праўды ў Беларусі”. Адну з публікацыяў сёньняшняга нумару газэта прысьвяціла знакамітаму палескаму рабінзону Івану Бушыле з тутэйшай вёскі Бостынь. Той 42 гады пражыў у лесе, хаваючыся ад людзей. “Рабінзонам”, як зазначае газэта, Бушыла стаў не па сваёй волі. Пагрозы ўчастковага і лейтэнанта-кагэбэшніка прымусілі лунінецкага селяніна падацца ў балоты і чатыры доўгія дзесяцігодзьдзі экспэрымэнтаваць над сабой.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG