Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто будаваў Вільню?


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Удзельнічае мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, Вільня

Вільня, якую стагодзьдзямі будавалі нашыя продкі, уяўляе сабою адзіны і непадзельны скарб. Дойліды-беларусы, будуючы тут сьвятыні й палацы, здолелі ўзьняцца да напраўду эўрапейскага ўзроўню архітэктурнага майстэрства.

Мінулай перадачай мы распавядалі пра славутага майстра Яна Франковіча, які запачаткаваў у Вільні стыль барока, збудаваўшы на пачатку 17 стагодзьдзя тры найбуйнейшыя храмы. Сяргей, ты казаў, што дойлід-езуіт Франковіч, працуючы на свой закон, будаваў ня толькі касьцёлы, але і праваслаўную царкву Сьвятога Духа. Цяжка гэта ўсьвядоміць, памятаючы блізкую гісторыю міжканфэсійных дачыненьняў. А ці былі гэткія ж талерантныя іншыя беларускія дойліды Вільні 17–18 стагодзьдзяў?”

(Сяргей Харэўскі: ) “Да часоў Расейскае імпэрыі талеранцыя была цалкам натуральнай зьяваю. Пагатоў у асяродзьдзі адукаваных людзей. Ян Гляўбіц, напрыклад, будаваў і касьцёлы, і ўніяцкія цэрквы, і аднавіў сабор Сьвятой Сафіі ў Полацку, і рабіў праекты іканастасаў для праваслаўных цэркваў у Вільні й Магілёве. І касьцёлы, і цэрквы, і нават пратэстанцкія бажніцы будавалі нашыя землякі Аўгуст Касакоўскі, Казімер Камінскі, Дыянізі Чадай ды іншыя”.

(Ракіцкі: ) “Славуты дойлід Франковіч пакінуў гэты сьвет у 1627 годзе. Праз колькі ціхамірных гадоў старадаўнюю сталіцу зноў захлынула навала. 8 жніўня 1655 году ад рана, калі люд віленскі кленчыў і маліўся ў бажніцах, у Вільню ўварваліся дзесяткі тысяч казакаў, што былі перадавымі войскамі арды маскоўскага цара Аляксея. У адзін той дзень у Вільні загінула 20 тысяч чалавек, пасьля чаго казакі падпалілі горад з усіх бакоў. А як увайшоў сюды і сам цар Аляксей, то ў Вільні трэба было Вільні шукаць. І адбудоўваць Вільню давялося ўжо наступнаму пакаленьню беларускіх дойлідаў... А дзе ж вучыліся тагачасныя беларускія архітэктары?”

(Харэўскі: ) “Напрыклад, ведама, што Тамаш Жаброўскі вучыўся ў Вене, Аўгсбургу, Празе. Габрыэль Лянкевіч тры гады вучыўся ў Рыме, Марцін Пачобут-Адляніцкі спачатку вучыўся ў Празе, затым тры гады ў Францыі, затым у Італіі, Андрэй Езярніцкі, прыдворны дойлід Радзівілаў, навучаўся ў Францыі, Італіі, Вене... Караль Падчашынскі вучыўся ў Пецярбургу, Італіі й два гады ў Парыжы. Так што ўзровень адукацыі быў самы высокі, эўрапейскі”.

(Ракіцкі: ) “Але вернемся ў Вільню. Што яшчэ тамака будавалі нашыя землякі?”

(Харэўскі: ) “Пасьля менчука Франковіча самым славутым беларусам-дойлідам у Вільні быў Тамаш Жаброўскі. Нарадзіўся ён пад Наваградкам, у вёсцы Мітраполь у 1714 годзе. Яго ўважаюць за клясыка стылю ракако. Ён таксама быў езуітам і доўгі час выкладаў у іхнай віленскай Акадэміі матэматыку, архітэктуру і астраномію. Пры ёй ён і пабудаваў славутую абсэрваторыю для сваіх дасьледаваньняў, у стылі ракако, што цудоўна перахавалася і да нашых дзён.

Таксама ў Вільні ён пабудаваў у 1748–50 гадох касьцёл Сьвятога Ігната зь езуіцкім кляштарам, дзе засталіся багатыя ракайльныя аздобы паводле ягоных праектаў, а таксама кіраваў чарговай перабудоваю касьцёлу Сьвятога Яна...”

(Ракіцкі: ) “Чакай, ты быў казаўшы, што касьцёл Сьвятога Яна, што пры ўнівэрсытэце, перабудоўваў Ян Франковіч...”

(Харэўскі: ) “Усё слушна. Касьцёл Сьвятога Яна перабудоўвалі яшчэ больш за 150 гадоў, пасьля Жаброўскага. Дарэчы, і апошнія аздобы, і будаўнічыя працы скончыліся толькі ў 1778 годзе, паміж першым і другім пазеламі Рэчы Паспалітае.

Тады паводле праекту выбітнога беларускага дойліда, Габрыэля Лянкевіча, прафэсара архітэктуры Полацкага калегіюму езуітаў, была завершаная рэканструкцыя капліцы Агінскіх і быў аформлены фасад прэзьбітэрыя, што выходзіць на вуліцу.

Скончыўшы апошнія работы ў гэтым выбітным касьцёле, Габрыэль Лянкевіч вярнуўся ў Полацак, дзе ачоліў Полацкі калегіюм, стаўшы ягоным рэктарам. Лянкевіч, зрэшты, не праводзіў карэнных капітальных рэканструкцыяў, ён толькі дадаваў свайго, для хараства... Упрыгожаная Лянкевічам бажніца Сьвятога Яна са званіцаю, набыла завершаны выгляд. Але і затым яе рэканструяваў наш зямляк Караль Падчашынскі, родам з Жырмунаў, што на Воранаўшчыне”.

(Ракіцкі: ) “Атрымліваецца, што менавіта беларускія архітэктары цягам двух стагодзьдзяў будавалі слынны Віленскі ўнівэрсытэт і цудоўную бажніцу Сьвятога Яна. А што ж Жаброўскі? Чым ён быў ведамы яшчэ?”

(Харэўскі: ) “Заняткі Жаброўскага астраноміяй, фізыкай, матэматыкай дзівілі многіх ягоных сучасьнікаў, пра яго было багата чутак. Некаторыя атаясамлівалі яго з чарнакніжнікам Твардоўскім. Памятаеце гэты пэрсанаж у інтэрпрэтацыі Яна Баршчэўскага?

Але Твардоўскі зь Вільні больш пэрсаніфікаваны: езуіт, настаўнік, вучоны, чорнавалосы і даўганосы. А тое, што ў віленскай вэрсіі ён яшчэ і астраном, будаўнік і матэматык, робіць алюзію цалкам празрыстай. Такой калярытнай асобаю мог быць адно Тамаш Жаброўскі... Нават ягоны партрэт цалкам адпавядае паданьням”.

(Ракіцкі: ) “Але ў віленскай вэрсіі паданьняў пра знакамітага чарнакніжніка з псэўданімам Твардоўскі больш гумару. Пасьля Твардоўскага засталося багата кнігаў, што пасьля расьцярушаныя былі па розных бібліятэках. Але адна зь іх, пад назваю “Liber magnus”, прыкутая жалезным ланцугом да сьцяны, заставалася ў патаемным пакоі Віленскай акадэміі езуітаў.

Адзін шкаляр-боўдзіла дачуўся, што нібы той, хто тую кнігу чытаў, атрымліваў у дарунак ад д’ябла ўсё, чаго б жадаў. А таму шкаляру ўсё маніліся незьлічоныя скарбы. Закраўся ён уночы да біблятэкі, адшукаў тую патаемную камору, дзе была запаветная кніга. Разгарнуў яе і пачаў чытаць розныя матэматычныя формулы слыннага чарнакніжніка... Неўзабаве перад ім паўстала жахлівая постаць і пакорліва спыталася, чаго б той шкаляр пажадаў. Юнак зьлякаўся і зь перапуду, замест таго, каб папрасіць безьліч грошай, як меўся, зьдзервянелым ротам прамовіў: “Хачу пятрушкі!” Паслухмяны шатан пачаў насіць яму тую пятрушку ў біблятэку. Праз вокны і дзьверы, ад усіх бакоў пасыпалася вазамі зяленіва. Але, на шчасьце, за акном засьпяваў певень. Д’ябал спыніў сваю работу. А недарэку шкаляра гэтак і празвалі Пятрушкам”.

(Харэўскі: ) “Гэтая байка нагадвае мне казку пра Алядынаву лямпу…”

(Ракіцкі: ) “А я ўявіў сабе нейкі сюррэалістычны старавечны кампутар”.

(Харэўскі: ) “Сьмех сьмехам, але ў нашым расповедзе зьвяртаюць на сябе ўвагу дзьве сур’ёзныя рэчы. Па-першае, сапраўды тыя найскладанейшыя матэматычныя разьлікі, якімі займаўся архітэктар і астраном Жаброўскі, былі няўцямнымі для бальшыні людзей. А па-другое, нічога ў тым страшнага не было, пра што й сьведчыць гэтае камічнае паданьне”.

(Ракіцкі: ) “І праўда, камэдыя. А ў Баршчэўскага ж Твардоўскі змусіў шатана-карузьліка залезьці ў цела забітага шкаляра. А вось прататып Твардоўскага, сам Тамаш Жыброўскі – ці будаваў што ў Беларусі?”

(Харэўскі: ) “Так, і нямала. Хоць і пражыў усяго 44 гады. Жаброўскі збудаваў на стромым беразе Вяльлі сядзібу Агінскіх у Гануце, што цяпер на Смаргоншчыне, рэзыдэнцыю езуітаў з касьцёлам у Жодзішках, што дайшла да нашага часу, ад 1746 году будаваў езуіцкі кляштар з касьцёлам, што пазьней прыстасавалі пад муры вядомае фартэцыі ў Бабруйску, пра што мала каму цяпер ведама. Мяркую, што знойдзецца і яшчэ нешта. Беларускія дасьледчыкі толькі прыступаюць да гэтых пошукаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG