Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дзяцінстве Васіль Быкаў любіў “лавіць шпіёнаў” і быць камандзірам памежнай заставы


Ігар Карней, Віцебская вобласьць 72-гадовы Сямён Быкаў — сусед і сябра дзяцінства пісьменьніка Васіля Быкава. Усё жыцьцё пражыў у вёсцы Бычкі на Вушаччыне. Нашаму карэспандэнту спадар Сямён расказаў пра дзіцячыя радасьці й дарослыя клопаты падлеткаў у гады ліхалецьця.

У роднай вёсцы Васіля Ўладзімеравіча Быкава, Бычках, — адно прозьвішча на ўсіх. Хто ня Быкаў — той не мясцовы. Сямён Быкаў ужо 72 гады жыве побач з хатай Васіля Быкава, той самай, што была адноўленая да 80-годзьдзя пісьменьніка. Мой суразмоўца згадвае, што малы Васіль у дзіцячых гульнях заўсёды быў галоўны:

(Сямён Быкаў: ) “Жылі ўвесь час побач, гадаваліся змалку разам. Гулялі да вайны, памятаю, у заставу — бо ў нас у Кублічах камэндатура была. Пацаноў у нас было шмат, дык вось, Васіль быў начальнікам заставы, быў за галоўнага, выпісваў нейкія квіткі, пасьведчаньні, а потым усе разам лавілі шпіёнаў. Ён ад малку хлопец такі быў здольны”.

(Карэспандэнт: ) “А калі ён пачаў пісаць — таксама ў дзяцінстве?”

(Сямён Быкаў: ) “Пісаць ён не пісаў, а быў скульптар і маляваў добра. Бо да вайны яшчэ вучыўся ў мастацкай вучэльні. А пісаць ужо пачаў у вайну і асабліва пасьля вайны. А дагэтуль у нас ён не пісаў нічога. Ён заўсёды быў схільны да справаў вайсковых. Па-суседзтву заўсёды былі разам, я меншы быў, а з братам маім большым яны сябравалі, хадзілі ў школу і на вайну разам пайшлі. Праўда, і брат мой таксама застаўся жывы. Але апошнім часам Васіль, як ужо пастарэў, то прыедзе ў Бычкі і хутка ад’яжджае”.

Спадар Сямён згадвае: калі бацькі і старэйшыя хлопцы пайшлі на вайну, увесь цяжар гаспадараньня зваліўся на плечы жанчын ды падлеткаў. І малому Сямёну, як і малодшым брату і сястры Васіля — Валянціне і Мікалаю, даводзілася працаваць, як дарослым.

(Сямён Быкаў: ) “Цяжка было… Я да вайны дзьве клясы скончыў, пацан ужо быў сапраўды. Дык вось, на жанчынах плуг цягалі, агароды заворвалі. На нашую вёску (калгас “Другая пяцігодка”), два кані былі й дзьве каровы-падцёлкі. Бабы рыдлёўкамі ўскапаюць зямлю, а я на гэтых падцёлачках араў — босы, у ногі колецца, зямля сухая, а я за гэтымі кароўкамі… На тры ўпражкі дзень дзяліўся: да дзявятай раніцы, да гадзіны дня і да восьмай вечара. І ўсю зямлю заворвалі — кустоў, як зараз, нідзе не было. Езьдзіш-езьдзіш — неяк зробіш… Усё перажылі, і ўсё ў памяці”.

Сямён Быкаў дагэтуль ня можа зразумець, чаму ягоны зямляк, прызнаны ва ўсім сьвеце, у сярэдзіне 1990-х раптам не знайшоў паразуменьня на радзіме. Спадар Сямён лічыць, што справа тут асабіста ў Лукашэнку.

(Сямён Быкаў: ) “Я зьдзівіўся: што такое? Што яму трэба? Чаму раптам вораг Быкаў Лукашэнку? Гэта дужа цікава. Можа, таму, што праўду пісаў? Так гэта ці не, ня ведаю. Мы людзі цёмныя. Я толькі тры клясы скончыў: пасьля вайны яшчэ год павучыўся, але хутка матка памерла, а бацьку рэпрэсавалі яшчэ ў 1938-м — дванаццатага чалавека з Бычкоў”.
XS
SM
MD
LG