БРУСЭЛЬ. Лідэры 25 краін Эўрапейскага Зьвязу павіталі ўзгадненьне канчатковага варыянту праекту Канстытуцыі Эўразьвязу. Францускі прэзыдэнт Жак Шырак назваў дасягнутае пасьля двухдзённых перамоваў пагадненьне “гістарычным”. У адпаведнасьці з канстытуцыяй, большая частка пастановаў Эўразьвязу будзе прымацца пры згодзе як мінімум 15 краін, якія рэпрэзэнтуюць ня менш за 65 працэнтаў насельніцтва Зьвязу. Дзяржавы Эўразьвязу захоўваюць права вэта ў пытаньнях падаткаабкладаньня, замежнай і абароннай палітыкі. Праект эўраканстытуцыі мае быць ухвалены ў кожнай з краін Эўразьвязу.