Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым прычына сучаснага заняпаду беларускага пчалярства?


Міхал Стэльмак, Менск На стале ў беларусаў зьявіўся сьвежы, здабыты ў новым сэзоне мёд. Аднак, мяркуючы па водгуках пчаляроў, чакаць сёлета павелічэньня вытворчасьці гэтага прадукту у Беларусі не выпадае.

Здабыча мёду, як няцяжка зразумець, найперш, вызначаецца колькасьцю пчол ці, дакладней, пчоласем’яў, якія вырабляюць гэты прадукт. Паводле дасьведчаных асобаў, колькасьць пчаліных пасекаў і, адпаведна, пчаліных сем’яў у краіне ў апошнія гады зьмяншаецца. Вельмі моцнае скарачэньне адбылося летась. Як зазначыла куратар пчалярства ў Камітэце лясной гаспадаркі Вольга Фастовіч, гэты год такі сама неспрыяльны, як і мінулыя гады, таму сёлета можна чакаць працягу гэтай тэндэнцыі.

(Фастовіч: ) “Баюся, што за гэты год будзе таксама вялікі падзеж. Халодна. Пчолы любяць лётаць, але пры холадзе яны ня лётаюць. Кепска і калі сьпёка – нэктар цяжка ўзяць. Асабіста ў нас тэндэнцыя да зьмяншэньня. І ня толькі ў нас, але і ў сельскай гаспадарцы. Таксама ў прыватнікаў шмат загінула пчоласем’яў”.

Шараговыя пчаляры таксама кажуць пра заняпад беларускага пчалярства. Да ліку скептыкаў належыць і вядомы на Берасьцейшчыне пчаляр з мястэчка Шарашова Пружанскага раёну Валеры Хеншэль:

(Хеншэль: ) “У мяне пазалетась таксама амаль усе прапалі. Я апрацаваў біпінам, а ён аказаўся не зусім якасным. Я мяркую, што іх у першую чаргу губіць клешч.”

(Карэспандэнт: ) “Ці выгадна, на вашу думку, разьвіваць пчалярства?”

(Хеншэль: ) “Пчолы – самыя выгадныя. Парася, напрыклад, трэба купіць, грошы выдаткаваць, потым карміць яго кожны дзень. А на пчолы сродкаў траціцца найменей”.

Пчалярства – адзін з самых даўніх заняткаў беларусаў, і да таго ж, як вынікае з тлумачэньняў саміх пчаляроў, занятак гэты вельмі выгадны. Аднак ягоны цяперашні заняпад – зьява аб’ектыўная. Большасьць пчаляроў, нават кіраўнікоў, якія блізка ведаюць пчалярскую справу, лічаць, што ў Беларусі ёй недастаткова надаецца ўвагі з боку дзяржавы. Гэтым меркаваньнем падзяліўся са мной кіраўнік Салігорскага рэгіянальнага таварыства пчаляроў “Бортнік” Васіль Кавалец.

(Кавалец: ) “Рэч у тым, што высяваецца ў нас на палях вельмі мала меданосаў. Наогул, у нас дзяржаўнае пытаньне–гэта не пытаньне мёду, а хлеба і малака. А на мёд дзяржава не зьвяртае ўвагі. А пытаньняў шмат. Тыя самыя пэстыцыды, гербіцыды, кошт інвэнтару, цукар. У тым ліку й дзяржаўная дапамога. Напрыклад, у Польшчы дзяржава дапамагае сялянству цукрам. У Аўстрыі дзяржава выдае кожнаму пчаляру пчаліныя маткі штогод. Гэта цудоўная і вялікая дапамога”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG