Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі адбыўся агульнанацыянальны страйк прадпрымальнікаў – паводле арганізатараў, у ім удзельнічалі каля 80 тысяч чалавек


Галіна Абакунчык, Менск У Беларусі адбыўся палітычны страйк прадпрымальнікаў, праведзены грамадзкім аб’яднаньнем “Пэрспэктыва” на знак салідарнасьці з галадоўнікамі парлямэнцкай групы “Рэспубліка” і іх паплечнікаў.

Паводле арганізатараў, акцыя суправаджалася ціскам уладаў на актывістаў прадпрымальніцкага руху, асабліва моцным у Менску. Тым ня менш, у страйку ўзяла ўдзел большасьць гандляроў шэрагу буйных сталічных рынкаў, а таксама прадпрымальнікі ўсіх абласных цэнтраў і такіх буйных гарадоў як Бабруйск, Пінск, Салігорск, Полацак. Усяго ў Беларусі, паводле зьвестак арганізатараў, страйкавалі каля 80 тысяч чалавек у дваццаці гарадах краіны.

Каля кожнага менскага рынку з самай раніцы сёньня стаялі міліцэйскія патрульныя машыны. Каля найбуйнейшых — “Ждановічы” і “Дынама” — іх было некалькі. Гандляры працавалі тут у адзінкавых выпадках. Значна большая колькасьць прадпрымальнікаў распачала працу на драбнейшых, у тым ліку, Чэрвеньскім рынку. Гаспадары адчыненых намётаў і шапікаў адмаўляліся камэнтаваць свае дзеяньні. Людзі, якія не працавалі, тлумачылі гэта вынікам запалохваньня з боку кіраўніцтва рынкаў.

(Карэспандэнтка: ) “Я прыйшла на рынак даведацца: ці падтрымліваюць прадпрымальнікі страйк?”

(Прадпрымальнік: ) “Трэба падтрымліваць, бо толку ня будзе. Разумееце, эканамічныя патрабаваньні, яны ж выцякаюць з палітычных. Вось гэтая зграя, якая стаіць пры ўладзе, зь ёю толку ня будзе”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да таго, што вашыя калегі — іх вельмі шмат, мы цяпер гэта бачым — яны ўсё ж такі працуюць?”

(Прадпрымальнік: ) “Бо яны нават не разумеюць што робяць: працуюць, як рабацягі, не зважаючы, колькі яны плацяць падаткаў, як парушаюцца іхныя правы і гэтак далей”.

(Прадпрымальнік: ) “Адміністрацыя тут таксама папрацавала: папярэдзілі — калі вы ня выйдзеце на працу, пазбавіцеся месца”.

(Прадпрымальніца: ) “А гэтым часам людзі галадуюць за нашыя правы”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы падтрымліваеце гэтых людзей ці не?”

(Прадпрымальніца: ) “Канечне, трэба падтрымаць людзей, яны ж змагаюцца за нашыя правы, за нашыя ж правы!”

Тое, што на Чэрвеньскім рынку запалохвалі гандляроў, пацьвердзілася неўзабаве: чалавек у фарме кантралёра і некалькі невядомых у цывільным блякавалі працу і карэспандэнткі Свабоды, спрабуючы выклікаць кіраўніцтва рынку і міліцэйскі патруль.

(Карэспандэнтка: ) “Калі ласка, назавіцеся, скажыце, што я парушыла і якія прэтэнзіі ў вас да мяне ёсьць”.

(Чалавек у форме: ) “Я цяпер ня буду з вамі размаўляць”.

(Карэспандэнтка: ) “А калі?”

(Чалавек у форме: ) “Я вам сказаў: пачакайце, зараз начальнік аддзелу прыйдзе”.

(Карэспандэнтка: ) “А хто вы?”

(Чалавек у форме: ) “Гм…”

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, хто вы?”

(Чалавек у цывільным: ) “Пакупнік”.

(Карэспандэнтка: ) “Якія прэтэнзіі да мяне ёсьць у вас?”

(Чалавек у цывільным: ) “Ніякіх”.

(Карэспандэнтка: ) “Тады чаму вы мяне трымаеце?”

(Чалавек у цывільным: ) “Я вас увогуле не трымаю”.

Тое, што адміністрацыі рынкаў ціснуць на гандляроў, азначае, што ўлады баяцца палітычнай актыўнасьці прадпрымальнікаў, якія гэтым разам патрабавалі вызваліць Міхаіла Марыніча, правесьці справядлівыя выбары і забараніць трэці прэзыдэнцкі тэрмін — гэтак пракамэнтаваў сёньняшнія падзеі лідэр “Пэрспэктывы” Анатоль Шумчанка.

(Шумчанка: ) “Тое, што сёньня ўлада цісьне на прадпрымальнікаў, азначае, што мы на правільным шляху. Так, мы сёньня вінаватыя, што ў нас зьнікалі палітыкі, што зачыняліся сродкі масавай інфармацыі. І нам час ачышчацца ад таго бруду, у якім мы сёньня знаходзімся”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG