Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве з аншлягам адбылася прэм’ера забароненага ў Беларусі фільму “Акупацыя. Містэрыі”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Учора ў Варшаве адбылася прэм’ера забароненага ў Беларусі мастацкага фільму “Акупацыя. Містэрыі”. Кіназаля ў прэстыжным Уяздоўскім Палацы не хапіла месцаў, прыйшлося дастаўляць дадатковыя крэслы.

“Акупацыя. Містэрыі” – гэта, паводле рэжысэра Андрэя Кудзіненкі, першая незалежная беларуская поўнамэтражная мастацкая стужка. Фільм запрошаны на шмат прэстыжных міжнародных кінафэстываляў, а у самой Беларусі – забаронены.

(Кудзіненка: ) “Мы не хацелі рабіць гэты фільмам, але ў нас, калі ты не займаесься палітыкай, дык яна табой зоймецца. Мы не рабілі гэты фільм супраць кагосьці ці за кагосьці. Каб здымаць новае беларускае кіно, незалежнае кіно, трэба было выказацца на тэму партызанскага кіно. Там ёсьць шмат іроніі па беларускіх-савецкіх мітах”.

Можна меркаваць, што менавіта гэтая іронія беларускім уладам і не спадабалася. Працягвае Андрэй Кудзіненка.

(Кудзенка: ) “Фільм забаранілі тады, калі нас запрасілі на маскоўскі міжнародны кінафэстываль, што ладзіць Міхалкоў. Гэта фэстываль клясы А – вельмі прэстыжны. Там і Фэліні атрымоўваў узнагароду, і Чухрай. У гэтай забароне шкада нам толькі аднаго – гэты фільм жа быў зроблены для беларусаў”.

“Акупацыя. Містэрыі” – гэта ваенная драма пра людзей, што робяць рэчы, якія ўжо ня можна выправіць. Як Адам, якога змусілі стаць партызанам, а ён марыў пра сям’ю і сваю гаспадарку”, – напісана на касэце з англамоўнай вэрсіяй фільму.

(устаўка з фільму) – А я, калі скончыцца вайна, пайду вучыцца, каб кіно рабіць – Якое кіно? Савецкае? Нямецкае? – Не, наша кіно, беларускае! – Дурань ты, Пятро!

Гэта быў урывак размовы двух беларусаў, якія, паводле сюжэту, ў часе акупацыі служылі ў паліцыі.

Ангелец Бэнджамін Коўп, які рабіў ангельскія субтытры для фільму кажа, што быў вельмі ўражаны фільмам і тым, якая насамрэч складаная беларуская гісторыя, і як цяжка было беларусам, якія ў часе вайны апынуліся паміж камуністычынм Савецкім Саюзам і гітлераўскай Нямеччынай.

(Коўп: ) “Падчас перакладу я увесь час спыняўся, каб запытацца Андрэя – дзе тут фашысты, а дзе савецкія партызаны, а хто паміж імі. Гісторыя вайны ў вас складаная і вельмі цяжка адназначна сказаць, што толькі тыя добрыя, а тыя ўсе дрэнныя”.

А вось меркаваньні варшаўскіх беларусаў, якія пабачылі фільм упершыню.

(Глядачка: ) “Мяне фільм вельмі ўразіў. Ня думала, што ён будзе настолькі мастацкім”.

(Глядач: ) “Рэжысэру фільму сапраўды ўдалося зламаць стэрэатыпы. Ён паказаў падзеі вайны ў іншым ракурсе – больш складана, чым нам паказвалі. Там ёсьць ня толькі “нашыя” і “ворагі”, але сярод воргаў ёсьць “нашыя”, а сярод “нашых” – ворагі”.

Апрача Варшавы “Акупацыя. Містэрыі” будзе паказаны яшчэ ва Ўроцлаве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG