Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраваць спартовым клюбам “Дынама” будзе былы кіраўнік службы бясьпекі Лукашэнкі


Былы кіраўнік Службы бясьпекі Аляксандра Лукашэнкі Юры Бародзіч узначаліў дзяржаўнае аб’яднаньне “Дынама”, у якое днямі было рэарганізаванае аднайменнае спартовае таварыства. Цягам апошніх гадоў Бародзіч быў прыкамандаваным прадстаўніком КГБ Беларусі пры ФСБ Расеі.

Ня вельмі адметную пасаду, якую заняў Бародзіч, некаторыя назіральнікі ацэньваюць як прыступку да магчымага прызначэньня на больш адказную пасаду. Прыгадаем, што былы кіраўнік МУС Юры Сівакоў пасьля звальненьня зь міністэрскай пасады таксама быў абраны кіраўніком “Дынама”, а затым нечакана ачоліў Міністэрства спорту і турызму.

У Беларусі нярэдка дзейныя ці былыя сілавыя міністры, як і кіраўнікі спэцслужбаў, узначальваюць спартовыя фэдэрацыі і таварыствы. Старшыня КГБ Леанід Ерын яшчэ і кіраўнік фэдэрацыі біятлёну, сакратар Савету бясьпекі Генадзь Нявыглас кіруе футбольнай асацыяцыяй, а міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў ачольвае фэдэрацыю хакею.
XS
SM
MD
LG