Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каляндар Свабоды – 8 чэрвеня


Ул. інф. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 8 чэрвеня.

8 чэрвеня 1656 году беларускі асьветнік Самуіл Пятроўскі-Сітняновіч страчвае сваё сьвецкае імя і ператвараецца ў манаха Сімяона, якога кожны беларускі школьнік ведае як Сімяона Полацкага. Але для слаўнага продка гэта быў ня просты крок. Ён прыняў манаства, бо вырашыў цалкам прысьвяціць сябе навуцы і пасьля не аднойчы разважаў над тым, ці слушна ён зрабіў, пазбавіўшы сябе магчымасьці мець сям’ю.

8 чэрвеня 1749 году тагачасная сталіца Беларусі Вільня была зьнішчаная пажарам. Сотні дамоў гараджан, палацы і бажніцы – усё ператварылася ў вуглі. Гэта быў найбуйнейшы пажар у гісторыі Вільні. Спатрэбіцца 30 гадоў, каб горад адбудаваўся нанова, а ягонае насельніцтва дасягнула 60-ці тысяч чалавек.

8 чэрвеня 1934 году ў Савецкім Саюзе быў прыняты закон “пры здраду радзіме”. Дакумэнт прадугледжваў калектыўную адказнасьць усёй сям’і і адчыняў браму ГУЛАГу ня толькі для так званых ворагаў народу, але й для іхных сваякоў, для якіх нават была прыдуманая афіцыйная абрэвіятура – ЧСИР – “член сям’і ізьменьніка родзіны”.

Дзьве літаратурныя даты. 8 чэрвеня 1949 году выйшаў у сьвет знакаміты раман Джорджа Орўэла “1984”, беларускі пераклад якога зьявіцца толькі ў 1990-я гады. А 8 чэрвеня 1958 году ў Беластоку было створана беларускае літаратурнае аб’яднаньне “Белавежа”. Беларускім пісьменьнікам з далучанай да Польшчы Беласточчыны было зусім ня проста патрапіць на старонкі менскіх часопісаў, таму яны аб’ядналіся вакол сваёй уласнай газэты “Ніва”, выдавалі альманахі і кнігі сваіх аўтараў уласнымі сіламі.

8 чэрвеня 1996 году ў Барсэлёне была прынятая Сусьветная дэклярацыя лінгвістычных правоў. Сучасная афіцыйная практыка ў дачыненьні да беларускае мовы ў Беларусі шматкроць гэтую дэклярацыю парушае ва ўсіх сфэрах жыцьця – у адукацыі, сродках масавай інфармацыі, у найноўшых тэхналёгіях і сувязі. Пра факты такіх парушэньняў на Радыё Свабода нам даводзіцца паведамляць ледзьве не штодня.

Сярод знакамітых людзей, што прыйшлі на сьвет 8 чэрвеня ў розныя гады, згадаем сёньня вэнэцыянскага кампазытара і скрыпача Тамаза Альбіноні, нямецкага кампазытара Робэрта Шумана і беларускага літаратара і палітыка Ігната Дварчаніна. Дварчанін нарадзіўся ў 1895 годзе ў вёсцы Погіры на Дзятлаўшчыне, скончыў Праскі ўнівэрсытэт, і найбольш плённыя гады свайго жыцьця правёў у Заходняй Беларусі, пад польскай уладай. Рыхтаваў настаўнікаў, ствараў тэатральныя калектывы, быў дэпутатам польскага сэйму. За сваю дзейнасьць Дварчанін паспытаў і польскай турмы. У 1932 годзе ў выніку абмену палітвязьнямі паміж Польшчай і СССР, трапіў у Менск і тут празь пяць гадоў быў расстраляны. Адно з найбольшых дасягненьняў Дварчаніна – гэта ягоная “Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры”, якая ня страціла сваёй актуальнасьці да нашага часу.
XS
SM
MD
LG