(Дыктарка: ) “Гаворыць Радыё Свабода. Дарагія радыё-слухачы, вы чуеце свабодны голас сваіх суродзічаў-беларусаў з вольнага сьвету”.
У 1964 годзе на Беларускай Свабодзе адбыліся некаторыя кадравыя зьмены. Ад пачатку году ў бюро Радыё Свабода ў Нью-Ёрку пачала працаваць паэтка Натальля Арсеньнева, якая брала ўдзел у падрыхтоўцы тыднёвых паўгадзінных праграмаў, а таксама займалася ў бюро справаводзтвам і ліставаньнем. Увосень гэтага году тамсама, у нью-ёркаўскім аддзеле зьявілася новая сьпікерка – Зоя Каліноўская (Зора Кіпель). У структуры праграмаў зьявілася новая перадача – адказы на лісты слухачоў, што адразу выклікала рэакцыю ў савецкім друку. Там пачалі зьяўляцца абвінавачаньні ў фальсыфікацыі і ў фабрыкаваньні лістоў ад слухачоў, якіх нібыта насамрэч не існавала. Аднак актыўныя контарпрапагандысцкія захады савецкіх ідэолягаў прынамсі ўскосна сьведчылі пра цікавасьць жыхароў падсавецкай Беларусі да заходніх радыёгаласоў.
Сёньня мы працягнем тэму, распачатую ў адной з папярэдніх перадачаў і пагаворым пра мову Беларускай Свабоды. Якога моўнага стандарту трымаліся супрацоўнікі Свабоды? Распавядае вэтэран нашага радыё Ян Запруднік:
(Запруднік: ) “Мы ад самага пачатку карысталіся вымаўленьнем традыцыйным. Тым, што цяпер называюць тарашкевіцай. І пытаньні мовы ў прынцыпе не стаялі войстра, хоць час ад часу былі разыходжаньні што да таго ці іншага тэрміну. Гэта асабліва зьвязана з тым, што я мусіў у Нью-Ёрку, таксама як і часткова ў Мюнхене, карыстацца англамоўнымі матэрыяламі, пішучы рэпартажы пра падзеі ў Амэрыцы, пра Аб’яднаныя Нацыі, артыкулы-камэнтары амэрыканскага друку. Даводзілася перакладаць з ангельскай мовы і не заўсёды было ясна, які тэрмін у беларускай мове будзе найлепш падыходзіць. Пагатоў, што паміж нашай мовай і мовай савецкай Беларусі разыходжаньні былі вялікія”.
Ян Запруднік працягне расказваць пра мову Свабоды крыху пазьней, а зараз – аўтэнтычны эфір 1964 году:
(Дыктарка: ) “Пераходзім цяпер да літаратурнай перадачы пра паэтку Натальлю Арсеньневу. Ля мікрафону літаратуравед Станіслаў Станкевіч”.
(Станкевіч: ) “Найсьвяжэйшай навінкай у беларускай паэзіі за мяжой зьявіўся вялікі цыкль вершаў Натальлі Арсеньневай “Тэма – вясна”. Вершы цыклю былі напісаныя сёлета ўвесну і надрукаваныя ў нью-ёркаўскай газэце “Беларус”. Увесь цыкль становіць сабой яшчэ адзін разьдзел у нью-ёркаўскім пэрыядзе творчасьці паэткі. Пэрыяд гэты пачала Арсеньнева яшчэ ў 1952 годзе новай кніжкай вершаў “Між чужых берагоў”. Агульная ідэйная рыса, што зьвязвае паэтычную творчасьць Арсеньневай гэтага пэрыяду ў адно цэлае, гэта моцныя патрыятычныя матывы. Вобразы і зьявы з жыцьця найвялікшага ў сьвеце гораду сваім кантрастам родзяць у паэтычным уяўленьні Арсеньневай вобразы-зьявы далёкае Бацькаўшчыны. Адным з прыкладаў такога настраёвага паралелізму можа служыць ва ўспомненым цыклі “Тэма – Вясна” верш пад назовам “Сон”. (Гучыць клясычная музыка.)
(Арсеньнева: ) “Сон Папырскаў крышку дождж, Ляны, вясновы, цёплы. Яшчэ й цяпер гальлё ягоны чуе смак. Вісела доўга на аднэй з галінаў сонца. Ды перадумала. З’ірвалася ў ноч. Бяруцца слацца моўчкі нанач клёны, Ня надта ўжо шумлівыя і ўдзень. Тут не яны шумяць лісьцём, птушыным звонам, Не шчыгел, не жаўна сюды не заляціць. Шуміць, гудзе, грыміць вялізны молах-горад, На’т найдзічэйшы джаз такі ня выб’ё рытм. І спаць, прадаўшы ўжо ня толькі што пшаніцу, Але й душу, ня кожны тут дапне. Сон тут – маўляў той джаз – парваны і пачварны Ціхім андантэ вейкі не спаўе. Прахопісься, крычаць каты на панадворку. Імчаць пажарнікі, грукочаць цягнікі. А так хацелася б прысьніць між яблык сьпелых Вісіць бляшаны ветаху ражок Сінеюць азярцы туману на атаве, Сьцюдзёна плюхаецца срэбра ў вядры. А каміны ўжо сьцяжкі ўзьнімаюць дыму, Што пахне бульбаю і бяростай, Плывучы насустрач цішыні перад усходняй. Момант. І горлейкі ўзіўюцца паласкаць Расою салодкаю і звонкаю жаўронкі. Не цалавала рук нікому я ў жыцьці. Табе ж, мая зямля, я цалавала б ногі. За цішу, за туман, за жаўрукоў, за ўсё. Чаму я ўжо відаць ня выйду на пярэймы”.
Праз колькі хвілінаў мы вернемся да тэмы мовы беларускай Свабоды, а зараз – панарама падзеяў у сьвеце ў 1964 годзе.
Год 1964 у сьвеце
Палітыка
Нэльсан Мандэла засуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне. – Мікіта Хрушчоў адхіляецца ад улады, савецкім прэм’ерам становіцца Касыгін, першым сакратаром ЦК КПСС – Брэжнеў. – Франсуа Дзювалье абвяшчае сябе пажыцьцёвым прэзыдэнтам Гаіці. – Незалежнасьць абвяшчаюць Малаві, Паўночная Радэзія, Замбія і Бэліз. – Кітай праводзіць выпрабаваньне сваёй першай атамнай бомбы.
Навука
Амэрыканскі спадарожнік Ranger VII робіць больш за 4000 здымкаў паверхні Месяца. – Упершыню выяўлена, што курэньне тытуню спрычыняе рак.
Літаратура
Нобэлеўская прэмія прысуджаная францускаму пісьменьніку Жану-Полю Сартру. Ляўрэат ад прэміі адмовіўся. Выходзяць раманы ”Перасоўнае сьвята” Эрнэста Гэмінгуэя.
Папулярная музыка
У Каліфорніі зьяўляюцца псыхадэлічныя гурты The Grateful Dead i Jefferson Airplane – носьбіты контаркультуры 1960-х. Beatles заваёўваюць Амэрыку. Гіты 1964 году:
The Beatles/I Want To Hold Your Hand The Animals / The House Of The Rising Sun
А зараз далей пра мову Свабоды. Ян Запруднік распавядае пра разыходжаньні ў поглядах на мову, якія заўважыліся ў працы радыё ў 1960-я гады:
(Запруднік: ) “Прынцыповыя разыходжаньні паўсталі пазьней. Пачатак разыходжаньняў прынцыповых быў пакладзены ў выніку таго, што ў Мюнхен паехаў зь Нью-Ёрку дараднікам да беларускай і украінскай рэдакцыяў амэрыканец канадцкага паходжаньня з украінскага роду Дзякоўскі, які беларускай мовы ня ведаў. Ён гаварыў ламанай украінскаю моваю. І ён пачаў дамагацца, каб мы пачалі карыстацца моваю савецкага друку. Гэта была мова даступная для яго. Ён глядзеў на артыкулы ў газэце “Зьвязда”, “Чырвоная Зьмена”, “Літаратура і Мастацтва” і бачыў, што ў нашых перадачах мова савецкіх газэтаў выкарыстоўваецца далёка не заўсёды. І на гэтай аснове ён пачаў ціснуць на тое, каб мы вымаўлялі і карысталіся тэрмінамі савецкіх газэтаў. На гэтай глебе паўсталі канфлікты. Пасьля яны завайстрыліся, калі прыехаў у Мюнхен на месца Дзякоўскага іншы ўкраінец, Мікола Гэрус. На месцы Цьвіркі прыйшоў Сяднёў. Сяднёў быў больш пакладзісты ў сэнсе саступак на карысьць савецкага вымаўленьня, зрусыфікаванага вымаўленьня. І на гэтай глебе паміж Нью-Ёркам і Мюнхенам пастаў даволі востры канфлікт. Мы ў Мюнхене, маючы на сваім баку дарадніка нямецкага паходжаньня амэрыканца Бурбэля і аўтарытэт Адамовіча і Станкевіча, баранілі свае пазыцыі. І на гэтай глебе ў нас былі зь Сяднёвым даволі напружаныя сустрэчы”.
Нагадаю, што сёньня госьць нашай перадачы Ян Запруднік працягвае тэму беларускай мовы на Свабодзе. А зараз – зноў наш архіў. З аўтэнтычнага эфіру 1964 году паслухайце фрагмэнт фэльетону Васіля Крыцкага (Антона Адамовіча).
(Дыктарка: ) “Гаворыць Радыё Свабода. Ёсьць адзін вельмі занядбаны ідэалягічнай работы ў камуністычным будаўніцтве, пра які і будзе цяпер гутарка ў фэльетоне “На чартавінным фронце”. Чытае фельетон Васіль Крыцкі”.
(Крыцкі: ) “У адным з кастрычніцкіх нумароў “Чырвонае Зьмены” напароўся я на цікавае папярэджаньне: “Асьцярожна – шарлатаны!” Добра, думаю сабе, робіць “Чырвоная Зьмена”, што насьвятляе такое надзённае пытаньне. Бо што мы маем на сёньняшні дзень? Маем тое, што вядзецца ў нас ідэалягічна-навукова-растлумачальная работа супраць рэлігіі. А тым часам шарлатаны і ўсякае чартавіньне застаюцца ў ценю грамадзкае ўвагі. Гляньма на факты. І што мы пабачым? На Случчыне мы пабачым варажбітку Алену Хаванскую, якая падкопвае камуністычнае будаўніцтва. Мы пабачым таксама цялятніцу Агату Кучнову, у вёсцы Машава, што 150 кілямэтраў ад Масквы. І, як піша сама грамадзянка Агата ў лісьце да газэты “Комсомольская Правда”, яе (Агату, а не “Комсомолькую Правду”) вінаваціць у тым, што яна – ведзьма і лётае на памяле. Колькі яна мае лётных памёла-гадзінаў, ня піша. Але гэта дармо. Факт, што грамадзянку Агату суграмадзяне вінавацяць у сувязях зь нячыстаю сілаю. Калі б сказалі пра Агату, што яна парушае маральны кодэкс будаўнікоў камунізму неяк інакш, прыкладам, спэкулюе прымуснымі голкамі ці вядзе антыпартыйную раскладальную работу сярод цялячага пагалоўя, было б напэўна прыкра. Але хоць зразумела. Дык жа не – ведзьма, кажуць. І ўсё... (Шум глушылак) шэрагу небясьпечных памылак у галіне чарцізму-сатанізму, грамадзяне! Вялікі Ленін казаў, што ў камуністычнай краіне ўсялякая чартавінка прыдасца. І калі партыі на карысьць, дык можна і пятамі наперад хадзіць, і пальцы кусаць. Партыя як тая ведзьма Хімка – яна ведае. Яна бадай ужо паўстагодзьдзя ходзіць пятамі наперад. І пальцы кусае. Праўда, не свае пальцы, а чужыя. Але ж на гэтым якраз і палягае дыялектыка”.
1964 ГОД У БЕЛАРУСІ
У Менску адкрыты Радыётэхнічны Інстытут. – Заснаванае Беларускае таварыства культурных сувязяў з суайчыньнікамі за мяжою. – На тэрыторыі Беларусі (пад Рэчыцай) адкрытыя першыя прамысловыя радовішчы нафты. – У вёсцы Цімкавічы Капыльскага раёну адкрыты літаратурны музэй Кузьмы Чорнага. – Менскі аўтазавод выпусьціў 200-тысячны аўтамабіль. – У Маладэчне адкрыты Менскі абласны краязнаўчы музэй.
А зараз – менскі эфір 1964 году. Выступае Герой Сацыялістычнай Працы Любоў Асіюк, даярка калгасу імя Жданава Берасьцейскай вобласьці...
(Асіюк: ) “Дарагія таварышы, у нас, савецкіх людзей, стала харошым правілам сустракаць знамянацельныя падзеі новымі пасьпехамі ў рабоце. Другі год нашай сямілеткі прынес нам многа радасьці. У гарадах вырасьлі новыя корпусы прамысловых прадпрыемстваў, жылыя кварталы. У магазінах больш стала тканяў, абутку, адзеньня, мяса і малака. Жыцьцё працоўных з кажным годам усё лепш. Людзі цяпер сталі жыць багацей. Добра ядуць і адзяваюцца. Мы жывем сягоньня добра, а заўтра будзем жыць лепш”.
Музычнае прывітаньне з 1964 году – адна са шматлікіх вэрсіяў фірмовай мэлёдыі нашага радыё – Люблю Наш Край – у выкананьні невядомых самадзейных артыстаў... (Гучыць песьня.)
Нагадаю, у сёньняшняй перадачы мы працягваем тэму беларускай мовы ў эфіры Радыё Свабода. Ці былі спробы выпрацаваць нейкія агульнарэдакцыйныя правілы, нейкі стандарт, якога б прытрымваліся супрацоўнікі радыё? Ян Запруднік працягвае...
(Запруднік: ) “Мы гаварылі пра гэта ў лісьце да Цьвіркі ў верасьні 1962 году. Я пісаў, што “над сэрыяй скрыптаў аб правапісе трэба будзе падумаць. Адамовіч згаджаецца, што гэта мэтазгодна, і што можна будзе зрабіць”. Але сэрыі скрыптаў такіх не было. Хоць у Адамовіча была такая кароткая сэрыя гутарак пра літаратуру. Да моўных пытаньняў ён не дайшоў. Неяк гэтая сэрыя абарвалася, напэўна Мюнхен быў ня надта прыхільны да такіх перадачаў. Наагул, моўныя асаблівасьці, асаблівасьці нашай мовы, у сэнсе адрознасьці ад стандартызаванай мовы БССР, былі”.
I на заканчэньне – зноў наш архіў. Паслухайце фрагмэнт музычнай перадачы 1964 году...
(Дыктарка: ) “Перадаю цяпер мікрафон Арсеню Загорнаму”. (Гучыць джаз)
(Загорны: ) “На Захадзе апошнімі гадамі штораз больш клясыкаў мінулых стагодзьдзяў пачынаюць сваё другое жыцьцё ў джазавай аранжыроўцы. Спрычыняецца да гэтага спаміж іншых і францускі вакальна-інструмэнтальны ансамбль пад кіраўніцтвам Ворд Суінгл. У ансамблі – шасьцёх вакалістых. Кожнай – з вышэйшай музычнай асьветай. Кожны – сам выдатны музыка і сьпявак. Ворд Суінгл, аранжыруючы клясыкаў, ніякіх радыкальных зьменаў у іхнай музыцы ня робіць. Трымаецца як мага бліжэй да арыгіналу. Дадае толькі пры дапамозе басу і бубну новы джазавы рытм. Новае тут таксама і тое, што паасобныя ноткі перадаюцца не інструмэнтамі, а галасамі, але бяз словаў. Дарэчы, з чыста тэхнічнага боку гэта незвычайна цяжкая форма выкананьня, якая вымагае індывідуальнай дасканаласьці кожнага сьпявака. Вось як гучыць у джазавым выкананьні групы Суінгл фуга італьянскага кампазытара Вівальдзі з 18 стагодзьдзя”. (Гучыць музыка.)
(Дыктарка: ) “... (шум глушылак) да 21-ай гадзіны ўвечары на хвалі 31 мэтар, і ад 21-ай да 23-яй гадзіны ўвечары на хвалі 41 мэтар. Апрача таго, у нядзелю, панядзелак і сераду нашыя праграмы перадаюцца ад 24-ай да 1-ай гадзіны ўначы на хвалі 41 мэтар. У другой частцы праграмы бралі ўдзел Станіслаў Станкевіч, Вітаўт Зубкоўскі, Васіль Крыцкі, Арсень Загорны і Тамара Наваградчанская. А пакуль што – з Богам. Бывайце здаровы! Вы слухалі Радыё Свабода”.