Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто мог бы замяніць Лукашэнку і якую ролю можа адыграць Расея?


Юры Дракахруст, Прага

Апошнім часам у некаторых выданьнях зьявіўся шэраг публікацыяў пра магчымасьць хуткіх кардынальных палітычных зьменаў у Беларусі. Разглядаюцца нават канкрэтныя асобы, якія маглі б замяніць Аляксандра Лукашэнку на пасадзе кіраўніка дзяржавы – прынамсі называюцца імёны старшыні камітэту дзяржкантролю Анатоля Тозіка і прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага.

Некаторыя з гэтых публікацыяў належаць пяру сёньняшніх удзельнікаў перадачы “Экспэртыза Свабоды” – публіцыстаў Міхаіла Падаляка і Аляксандра Фядуты.

У чым прычына зьяўленьня такіх сцэнароў, у чым палягаюць чыньнікі палітычнага крызысу, зьвязанага з працягам ці перадачай ўлады, якую ролю ў гэтым будзе адыгрываць Расея?

(Дракахруст: ) “Паважанае спадарства, Аляксандар і Міхаіл. Чаму наагул і Вы, і іншыя аналітыкі пачалі размовы пра сцэнары перадачы ўлады? Беларусь апынулася ў ізаляцыі? Але ж яна апынулася ў гэтым стане даволі даўно. Сярод уладных элітаў існуе незадавальненьне існай сытуацыяй? Дык, па-першае, далёка ня ўсе незадаволеныя, а па-другое і раней чыноўнікі бурчэлі і ніякіх палітычных наступстваў гэта ня мела”.

(Падаляк: ) “Я мяркую, што зьяўленьне гэтых сцэнароў тлумачыцца як раз ня тым, што ў намэнклятурных колах Беларусі зьяўляецца незадавальненьне. На мой погляд прычына – гэта вакуўм інфармацыі, які адчувае сам беларускі прэзыдэнт. На сёньняшні дзень ягонае атачэньне, якое апроч іншага павіннае займацца аналізам палітычных рызыкаў, ня ў стане ясна яму гэта выкласьці, выкласьці, якая сытуацыя складваецца вакол магчымага працягу ягоных паўнамоцтваў і таго, што будзе адбывацца пасьля гэтага. Мэта сцэнароў, якія зьяўляюцца зараз – ня ў тым, каб падказаць нешта Аляксандру Рыгоравічу ці альтэрнатыўным палітычным групам, у тым ліку і апазыцыі. Перш за ўсё, яны павінны запоўніць гэты вакуўм і засьцерагчы Лукашэнку ад сур’ёзных памылак. Гэтыя памылкі могуць істотна паўплываць на лёс Беларусі.

Я хачу падкрэсьліць, што мэханізмаў зыходу Лукашэнкі з пасады прэзыдэнта і прыходу пераемніка – такія мэханізмы на сёньняшні дзень ня вызначаныя. З названых Вамі прозьвішчаў Анатоль Тозік сапраўды можа разглядацца як сур’ёзная фігура, якая валодае інфармацыяй і мае вагу ў пэўных колах Расеі. Што тычыцца прэм’ер-міністра, то я лічу, што гэта дастаткова сумнеўная фігура”.

(Дракахруст: ) “Спадар Фядута, наколькі я зразумеў, спадар Падаляк расцэньвае свае сцэнары як гіпотэзы, груба кажучы, як спэкуляцыі, якія пакуль ня маюць аб''ектыўнага грунту. А тыя схемы, якія Вы аналізуеце ў сваіх артыкулах – гэта таксама канструкцыі, якія маюць апасродкаваныя адносіны з рэчаіснасьцю. па меншай меры зь сёньняшняй рэчаіснасьцю?”

(Фядута: ) “Давайце зыходзіць з таго, што рэчаіснасьць існуе ня толькі ў нашым мозгу. Рэчаіснасьць ужо вызначаная. Перад Аляксандрам Рыгоравічам паўстаў выбар з двух злоў – або перадача ўлада пераемніку-гаранту (бо прыход апазыцыйнага палітыка яго не задавальняе ні ў якім выпадку), або захаваньне паўнамоцтваў. У першым выпадку ён можа разьлічваць на пэўныя гарантыі як унутры Беларусі, гэтак і вонкі. Галоўная гарантыя – гэта працяг дзеяньня Канстытуцыі 1996 году, прэцэдэнт мірнай перадачы ўлады пераемніку, які будзе вымушаны дзейнічаць у межах гэтай Канстытуцыі. Тым самым Лукашэнка пазбаўляецца ад ярлыка арганізатара дзяржаўнага перавароту.

Другі варыянт – гэта спроба сілавога ціску, рэфэрэндум, спроба працягу паўнамоцтваў. Паспрабаваць гэта зрабіць ён можа, але гарантыяў у гэтым выпадку ён ніякіх не атрымае. Паводле досьведу постсавецкай прасторы працяг паўнамоцтваў ня тоесны ўтрыманьню ўлады. Немагчыма ўтрымліваць уладу, знаходзячыся ў стане канфрантацыі з Захадам і з Усходам адначасна.

Што тычыцца пэрсонаў, то яны сапраўды яшчэ ня вызначыліся, бо, па-першае, сам Аляксандар Рыгоравіч шчыра гаворыць, што ня ведае, ці будзе рэфэрэндум. Па-другое, паколькі ён не зрабіў гэтага выбару, ён і не пераймаецца пытаньнем, хто будзе яго пераемнікам.

Любая няпэўнасьць выклікае адчуваньне нестабільнасьці ў дзяржаве і ў грамадзтве. І вынікам гэтай нестабільнасьці робіцца зьяўленьне гэткіх сцэнароў, якія друкуюцца і агучваюцца ў прэсе. Спрыяльным фонам для іх зьяўленьня сталіся таксама падзеі ў Грузіі, Аджарыі і Ўкраіне.

(Дракахруст: ) “Спадар Падаляк, Вы сказалі, што сваімі тэкстамі запаўняеце вакуўм інфармацыі ў Аляксандра Лукашэнкі. Але можа быць, што тыя людзі, якія даюць Вам інфармацыю, проста маніпулююць Вамі і спрабуюць праз Вас маніпуляваць кіраўніком дзяржавы? Палітоляг Віталь Сіліцкі, камэнтуючы прагнозы і сцэнары зьмены ўлады, адзначыў, што самы надзейны спосаб пахаваць кар’еру беларускага чыноўніка – гэта выкрыць яго палітычныя амбіцыі, яго шчыльныя сувязі ў Расеі, якія па цяпершнім часе – сур’ёзны кампрамат. Ці не атрымліваецца так што Вы, спрабуючы маніпуляваць Лукашэнкам, самі маніпуляваны?”

(Падаляк: ) “На самой справе маніпуляцыя – гэта заўсёды дарога з двухбаковым рухам. Маніпуляцыя – гэта ўзаемны працэс. Увогуле, інфармацыя – гэта сыстэма маніпуляваньня. Я б хацеў вярнуцца да Вашага сьцверджаньня, што сцэнары, якія мы апісваем, цалкам гіпатэтычныя і ня маюць пад сабой рэальнага грунту. Але на самой справе яны ня ёсьць чыстымі спэкуляцыямі. Менавіта гэтыя варыянты ўжо сёньня разглядаюцца аналітыкамі і зацікаўленымі бакамі. Іншая справа, што напаўняць іх ужо сёньня пакрокавымі мэханізмамі – Вы ж разумееце, гэта даць карты ў рукі. Палітыка ёсьць вялікая гульня і таму сёньня толькі адзначаецца кірунак, па якім рушаць палітычныя групы як у Беларусі, гэтак і па-за яе межамі.

Сёньня Аляксандар Рыгоравіч мусіць зразумець простую ісьціну: няма кампрамісу палітычных групаў, зацікаўленых у пэўных правілах гульні ў Беларусі. Ён не зьяўляецца гарантам ні для адной з гэтых групаў, нават для свайго ўласнага атачэньня. Ён не зьяўляецца элемэнтам магчымага кампрамісу. А кампраміс патрэбны.

Для мяне больш важнае пытаньне – не мэханізм пераходу да пажаданага ці непажаданага Лукашэнкам пераемніка, а тая спадчына, якую Аляксандар Рыгоравіч пакіне яму. Калі Лукашэнка пойдзе на працяг паўнамоцтваў праз рэфэрэндум ці іншыя неканстытуцыйныя формы, яго пераемнік атрымае надзвычай цяжкое становішча ў Беларусі – ізаляцыя стане ўсебаковай, эканамічныя праблемы стануць вельмі балючымі.

Недахоп інфармацыі спараджае ўпэўненасьць у сваіх сілах. А на самой справе ў Аляксандра Рыгоравіча зараз няма аніякіх рэсурсаў для працягу татальнага кантролю над Беларусьсю. Яму трэба пайсьці на кампраміс”.

(Дракахруст: ) “Аляксандар, паводле Міхаіла прычына зьяўленьня сцэнароў перадачы ўлады – ня ў тым, што надыходзіць канец другога прэзыдэнцкага тэрміну Лукашэнкі, а права на трэці ён ня мае, а ў тым, што кіраўнік дзяржавы ўжо не зьяўляецца гарантам элітнага кампрамісу. А што раней ён быў такім гарантам? Ён здаецца заўсёды імкнуўся перамагчы, зьнішчыць, а не дамовіцца”.

(Фядута: ) “На самой справе да рэфэрэндуму 1995 году Аляксандар Лукашэнка сапраўды быў гарантам пэўных кампрамісаў. У гэты балянс не ўключалася дэмакратычная частка грамадзтва, тыя людзі, што ўсур’ёз казалі пра правы чалавека, але з гэтага ня вынікае, што ён ня быў гарантам для розных эканамічных групаў інтарэсаў. Але пасьля таго, як рэфэрэндум 1995 году ўмацаваў ягоную ўпэўненасьць, што ён кантралюе і дзяржаву, і грамадзтва, менавіта тады палітыка кампрамісаў скончылася.

Можна казаць пра іншае, пра тое, што ён перастаў быў гарантам стабільнасьці для той элітнай групы, якая кантралявала значную частку эканомікі ад яго імя і паводле яго даручэньня. І ён перастаў быць гарантам для дзяржаўнага апарату. І справа тут зусім ня ў тым, што дзяржаўны апарат ня ўпэўнены, хто заўтра будзе прэзыдэнтам – чыноўнікі ўжо зразумелі, што будучыня прэзыдэнцкай пасады вельмі моцна залежыць ад іх уласнай пазыцыі. Справа ў іншым.

І мясцовыя, і дзяржаўны бюджэты да апошняга часу датаваліся фактычна з адной крыніцы – з Расеі. Зараз гэтыя крыніца зачынілася. І менавіта таму і ўзьнікла адчуваньне нестабільнасьці. Усе разумеюць, што трэба будзе абаграваць дамы, запраўляць машыны. Сёлета гэта неяк адбываецца, неяк ідуць перамовы паміж "Белтрансгазам" і расейскімі пастаўшчыкамі. Але тое, што дамовы на пастаўкі газу заключаюцца на два тыдні – максымум на месяц – гэта выклікае страх і перасьцярогі. І з гэтага пункту гледжаньня Лукашэнка ўжо не задавальняе эліту.

Іншае пытаньне, што як толькі ён дакладна скажа, што ён перадасьць уладу ў поўнай адпаведнасьці з Канстытуцыяй, то з гэтага моманту па-першае ён спакойна даседзіць на прэзыдэнцкай пасадзе да 2006 году, па-другое – ён здолее кансалідаваць эліту вакол свайго патэнцыйнага пераемніка па меншай меры на тым узроўні, на якім гэтага дасягнуў Леанід Кучма, і па-трэцяе і самае галоўнае – ён атрымае гарантыі ад усіх суб''ектаў палітычнага працэсу як у Беларусі, гэтак і вонкі. Бо галоўнае пытаньне, якое стаіць зараз і перад Эўропай, і перад Расеяй, і перад Злучанымі Штатамі, і перад беларускай намэнклятурай і апазыцыяй – сыходзіць ці не сыходзіць. Калі сыходзіць мірна, то я мяркую, пад гарантыямі асабіста для Лукашэнкі і яго сям’і, якая нічога злачыннага не рабіла, падпішацца ня менш як дзьве траціны беларускай апазыцыі”.

(Дракахруст: ) “Міхаіл, спадар Фядута ўжо пачаў размову пра ролю, якую можа адыграць Расея ў палітычных пераменах у Беларусі. Наколькі я памятаю, два гады таму Вы апублікавалі ў газэце "Наша Свабода" вялікі дакумэнт, прысьвечаны расейскім плянам адхіленьня ад улады кіраўніка Беларусі. Дарэчы, менавіта гэтая публікацыя сталася тады падставаю для закрыцьця газэты, штраф, які газэта была вымушаная заплаціць аднаму з герояў Вашай публікацыі – Анатолю Тозіку, зрабіў немагчымым далейшы выхад "Нашай Свабоды".

Дык вось я прыгадваю, што ў той публікацыі сьцвярджалася, што пасьля верасьня 2003 году шанцы Лукашэнкі на ўтрыманьне ўлады стануць зусім мізэрнымі. Зараз травень 2004 году, Лукашэнка па-ранейшаму кіруе Беларусьсю”.

(Падаляк: ) “Што тычыцца тэрмінаў, то верасень-кастрычнік 2003 году – гэта быў момант, калі Лукашэнка канчаткова згубіў магчымасьць дамовіцца пра што б то ні было з расейскім кіраўніцтвам. На сёньняшні дзень ён ізаляваны ад Расеі. Што тычыцца расейскіх ці нерасейскіх сцэнароў, то разумееце – не існуе ідэальнага сцэнару адхіленьня палітычнага гульца. І нават не адхіленьня – сапраўдны палітычны гулец мусіць адчуваць, якія карты ў яго на рукох. Сёньня ў Аляксандра Рыгоравіча такія карты, якія не дазваляюць яму згуляць колькі-небудзь сур’ёзную гульню.

На сёньняшні дзень відавочна, што Расея гатовая сесьці за стол перамоваў з Эўропай, з амэрыканцамі і зь беларускай альтэрнатыўнай групай – гэта можа быць і апазыцыя, і намэнклятура.

Тэмамі такіх перамоваў могуць стаць і пакет гарантыяў, і мэханізмы пераходу ўлады, і мэханізмы пераходнага пэрыяду.

Гэта ня будзе так, як у 1979 годзе ў Аўганістане – высадзіўся дэсант, забіў прэзыдэнта і пачалася грамадзянская вайна.

Тое, што зь верасьня 2003 Аляксандру Рыгоравічу настойліва паказваюць на стол перамоваў – гэта відавочна. Сёньня Расея дэманструе, што гатовая размаўляць з Лукашэнкам толькі па адным пытаньні –пра палітычную будучыню Беларусі. Расея адназначна не зьбіраецца ані інкарпараваць Беларусь, пра што ў нас любяць пагаварыць, ані дзяліць з Эўропай сфэры ўплыву: "Мы кантралюем Беларусь, вы – Ўкраіну", пра што ў нас таксама часта гавораць. Расея зьбіраецца дамаўляцца пра нармальны пераход палітычнай ўлады, бо яе інтарэсы гэтым пераходам так ці інакш будуць закранутыя”.

(Дракахруст: ) “Спадар Фядута, а на Ваш погляд якую ролю Расея будзе і можа адыгрываць у гэтых сцэнарах палітычных пераменаў у Беларусі? І больш дакладна – ці ня лічыце Вы, што Расею ў яе плянах стрымлівае перасьцярога, што хто б ні прыйшоў на зьмену Лукашэнку, ён сьвядома ці міжволі будзе дыстанцыянавацца ад Масквы?”

(Фядута: ) “Расея сапраўды ня мае намеру інкарпараваць Беларусь у свой склад, бо карміць 10 мільёнаў чалавек, забясьпечваць іх танным цяплом, электрычнасьцю, палівам Расея не зьбіраецца. Мы цікавім Расею выключна як транзытная зона. Але атрыбут транзытнай зоны палягае ў тым, што яна адкрытая з двух бакоў. Аляксандар Рыгоравіч упарта будуе заслонкі па абодва канцы таго, што можна назваць "беларускай трубой". Зразумела, Расею гэта не задавальняе. Але Расею гэтаксама не задаволіла б і пабудова заслонкі на любым канцы гэтай "трубы". Гэта таксама не задаволіць і Эўропу. Расея выдатна разумее, што эканамічна мы можам выжыць толькі за кошт добрых адносінаў зь ёй, бо асноўны транзыт ідзе ўсё ж не з Эўропы ў Расею, а з Расеі ў Эўропу.

Таму пытаньне палягае ў тым, ці дастаткова Расеі абмежавацца ўгаворваньнем дзейнага прэзыдэнта сысьці ці паспрабаваць згуляць больш актыўную ролю, ставячы на нейкага патэнцыйнага кандыдата. Натуральна, што Расея хацела б згуляць менавіта другую ролю, іншымі словамі, ня толькі садзейнічаць дэмакратызацыі, але і праз дэмакратызацыю ўмацоўваць сваё лобі ў Беларусі.

Тут праўда ёсьць адно "але", якое гледзячы па ўсім, стрымлівае Пуціна. Ніводзін зьнешнепалітычны праект Расеі на постсавецкай прасторы нельга назваць удалым. Людзі, якія праводзілі гэтыя праекты, былі абсалютна зацыкленыя на старых стэрэатыпах. Яны былі ўпэўненыя, што прарасейскі палітык абавязкова павінен зьнішчаць сувэрэнітэт уласнай краіны, перашкаджаць стварэньню нацыянальнай эканамічнай эліты. На такім ўяўленьні пра прарасейскага палітыка Расея ў свой час купілася ў выпадку з Лукашэнкам. Яна лічыла, што Лукашэнка – гэта Багдан Хмяльніцкі, які мусіць абавязкова падараваць Беларусь Расеі.

Менавіта за гэта Лукашэнка ўвесь час атрымліваў ад Расеі прэфэрэнцыі. Прычым не палітычныя – палітычныя ён сам забясьпечваў сабе ўнутры Беларусі, а эканамічныя. Гэта тое, за кошт чаго Беларусь існавала 10 гадоў. Зараз пачынаецца "ломка", як у наркамана. Толькі зараз Лукашэнка ўспрымаецца як антырасейскі палітык, хаця на самой справе ён зьяўляецца нармальным дзяржаўнікам.

Тое, што ўсе расейскія праекты на постсавецкай прасторы сканчаліся няўдачай, мяне вельмі насьцярожвае. Калі Расеі апынецца па-за межамі актыўнай палітычнай гульні ў Беларусі, гэта выкліча ў краіне поўную эканамічную катастрофу”.

(Падаляк: ) “Ці ня будзе пераемнік Лукашэнкі ў той ці іншай форме рэзка адмаўляцца ад адносінаў з Расеяй? Увогуле, вялікая палітыка – гэта поле для кампрамісаў. Стратэгічныя інтарэсы Беларусі ў любым выпадку прадугледжваюць дваістыя адносіны – добрыя стасункі і з Эўропай, і з Расеяй.

Можна, зразумела, паспрабаваць стаць зараз ці пазьней вялікім нацыяналістам. Але гэта не прывядзе ні да чога добрага, палітычны рэжым будзе такім жа ізаляваным.

Ня трэба перасьцерагацца таго, што прыйдзе больш праэўрапейскі палітык. Цяперашні грузінскі прэзыдэнтт Міхаіл Саакашвілі – відавочна праамэрыканскі прэзыдэнт. Так, па меншай меры, падавалася. А на самой справе ён зусім нармальна размаўляе і дамаўляецца з прэзыдэнтам Пуціным, у тым ліку і па пытаньнях сэпаратысцкіх рэгіёнаў – Аджарыі і, я спадзяюся, Абхазіі. Тое самае будзе і з новым беларускім прэзыдэнтам. Ён можа добра размаўляць на чыстай беларускай, чыстай расейскай і чыстай ангельскай мовах, яго будуць з задавальненьнем прымаць у Брусэлі і ў Вашынгтоне, і разам з тым ён будзе пажаданым госьцем у Маскве. Няўжо такое немагчыма? Чаму мы робім выбар паміж крайнасьцямі – ці Лукашэнка ці абавязкова павінен прайсьці мадэрнізаваны варыянт Зянона Станіслававіча Пазьняка?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG