ВАШЫНГТОН. Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заявіў сёньня, што ён упэўнены, што міжнародная супольнасьць падтрымае намаганьні ЗША пераўтварыць Ірак ва ўстойлівую, дэмакратычную краіну. Гэтую заяву амэрыканскі лідэр зрабіў у Пэнсільваніі праз некалькі гадзінаў пасьля таго, як ЗША й Вялікабрытанія падалі ў Раду Бясьпекі ААН праект новай рэзалюцыі ў пытаньні Іраку. Яна прадугледжвае перадачу ўлады пераходнаму ірацкаму ўраду і ўпаўнаважвае шматнацыянальныя сілы гарантаваць бясьпеку ў Іраку. Буш сказаў, што Дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл вядзе перамовы з сябрамі Рады Бясьпекі з тым, каб тыя ўхвалілі рэзалюцыю. Адмысловы пасланьнік ААН у Іраку Лахдар Брахамі на гэтым тыдні назаве імёны чальцоў пераходнага ўраду - прэзыдэнта, двух віцэ-прэзыдэнтаў , прэм’ер-міністра і 26 міністраў.