Першымі адгукнуліся расейскія профільныя кампаніі, якія прыцэньваюцца да аўтагіганта за паўтара мільярда даляраў. Экспэрты называюць суму сьмехатворнай і раяць ураду не сьпяшацца з продажам заводу ці часткі яго акцыяў.
Расказваючы пра вытворчыя пэрспэктывы Менскага аўтазаводу, тэхнічны дырэктар прадпрыемства Аляксандар Ракомсін паведаміў, што свае прапановы на акцыянаваньне МАЗу ўжо назвалі кіраўнікі расейскіх гігантаў – Горкаўскага (ГАЗ) і Камскага (КамАЗ) аўтазаводаў. Абодва прадпрыемствы выйшлі на максымальны аб'ём вытворчасьці і для далейшага пашырэньня ім не хапае магутнасьцяў.
Усе “зьліваюцца”, а МАЗ у “ганаровай адзіноце”
З улікам, што МАЗ – 100-працэнтна дзяржаўнае прадпрыемства, канчатковы вэрдыкт умоваў прыватызацыі ўрэшце вынесе ўрад краіны. Але ў тым, што зьмены заводу неабходныя, не сумняюцца на ўсіх узроўнях.
“Наколькі сур'ёзныя намеры? Тое, што МАЗу трэба вызначацца са стратэгіяй разьвіцьця – гэта відавочна, – прызнае Валянцін Лопан, дырэктар Агенцтва дзелавых сувязаў, якое забясьпечвае інфармацыйную падтрымку МАЗу. – Ёсьць тры варыянты: ці ён застаецца самастойным гульцом на рынку, ці нейкім чынам кансалідуецца з пэўнай расейскай групай, ці кансалідуецца з кімсьці з заходніх інвэстараў. Кожны з гэтых варыянтаў патрабуе распрацоўваньня стратэгіі і ацэнкі – што больш выгадна, якія пэрспэктывы і г.д.
Ня дзіўна, што расейскія дзелавыя колы цікавяцца, што завод “усплывае”. Сытуацыя на рынку грузавікоў у Расеі зьмяняецца, патрабуе ад удзельнікаў пэўнасьці ў стратэгіях. Дый працэсы кансалідацыі ўва ўсім сьвеце такія, што ўсе зьліваюцца, аб'ядноўваюцца. Таму дзіўна выглядае тое, што МАЗ яшчэ стаіць асобна. Але відавочна, што аднаасобна МАЗу і ня вырашыць задач стратэгічных, паколькі ўнутраных рэсурсаў у яго можа папросту не хапіць”.
Расейскія аналітыкі ўжо агучылі магчымы кошт Менскага аўтазаводу – 1,5 мільярда даляраў. Аднак, мяркуюць расейцы, у працэсе рэалізацыі кошт можа істотна зьнізіцца.
На беларускі аўтапрам наступаюць расейскія алігархі
Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” эканаміст Леанід Заіка такія разьлікі называе эканамічна неабгрунтаванымі і перасьцерагае ўрад ад пасьпешлівых захадаў:
“МАЗ і МТЗ адразу прадаваць сэнсу няма. Лепей альбо прадаць частку паекту акцыяў, на што расейцы наўрад ці пойдуць, альбо прадаць адно з прадпрыемстваў. У гэтым пляне МАЗ больш зручны, таму што ён па каапэрацыі добра працуе з расейцамі, у тым ліку з буйнымі аўтавытворцамі. Будзе магчымасьць стварыць транснацыянальную карпарацыю беларуска-расейскую, і такім чынам расейскія алігархі прыйдуць на наш чэсны і непадкупны рынак.
Цяпер што да кошту. Кошт маленькі, адразу скажу. На ўзроўні 10% ад таго, што давалі ў якасьці адкупнога Раману Абрамовічу. Таму цана вырасьце і ў два, і ў тры разы. Па вялікім рахунку, тыя ржавыя трубы, якія мы прадалі за 5 мільярдаў, меней каштуюць, хоць у іх ёсьць крыху іншае прызначэньне. А кошт МАЗу можа быць вылічаны па-рознаму: па капіталізацыі, па капіталізаванай рэнце і г.д. Але ў любым выпадку за 1,5 мільярда даляраў ніхто прадаваць ня будзе. Рэальны кошт можа быць і 5, і 6 мільярдаў”.
Замежнікаў Беларусь ня ўражвае бізнэс-кліматам
На МАЗе кажуць: чакаць інвэстараў з Захаду асабліва не выпадае. Так, Валянцін Лопан згадвае досьвед супрацоўніцтва МАЗу зь нямецкім канцэрнам МАN, якое мела вельмі сьціплыя вынікі:
“Мая ацэнка такая: МАN са стратэгіяй вызначыўся. За 5 гадоў праз СП тут выведку правёў, паўдзельнічаў, пажыў у нашых умовах. Потым таксама кіраўніцтва на МАN зьмянілася, і ўжо новае кіраўніцтва прадало акцыі СП МАЗ-МАN, пабудаваўшы завод у Кракаве. І ўжо 4 кастрычніка запусьціла яго ў працу. Будуць 15 тысяч машын рабіць, і яны не хаваюць, што гэта ўсё нацэлена на Ўсход. Таму з МАN усё зразумела. Астатнія?
“Рэно-Вольва”, аб’яднаўшыся, пад Калугай заклалі першы камень пад завод, гэтаксама на 15 тысяч грузавікоў. То бок яны для гэтага рэгіёну будуць вырабляць грузавікі ў Расеі. Нядаўна ISUZU публічна заявіла, што ў Ялабузе таксама будуць весьці зборку. Напачатку сьціплыя лічбы, але паступова яны будуць расьці. Хто з гульцоў яшчэ застаўся? “Сканія”, “ДАФ”, “Мэрсэдэс”. Але яны сваю палітыку да рынку Расеі, які імкліва расьце, ясна ня вызначылі”.
Нядаўна беларускі ўрад даў дазвол на набыцьцё замежнымі кампаніямі пакетаў акцыяў прадпрыемстваў, якія раней належалі дзяржаве. Найбольш гучныя сёлетнія ўгоды – гэта продаж дзяржаўных акцыяў менскага заводу “Мотавела”, а таксама апэратараў мабільнай сувязі МТС і Velcom.