Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Валер Урублеўскі: (27.12.1836 -- 5.8.1908)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Калі будзеце ў Парыжы, паспрабуйце адшукаць каля вядомай сьцяны Камунараў на могілках Пэр-Ляшэз камень зь імем Валер Антоні Ўрублеўскі. Там знайшоў свой апошні зямны прыстанак найбліжэйшы паплечнік Каліноўскага, адзін з апошніх выдатных рэвалюцыянэраў ХІХ стагодзьдзя.

У юначым веку на яго моцна паўплываў арышт у Вільні роднага дзядзькі Яўстаха, якога абвінавацілі ў спробе стварыць кансьпірацыйную арганізацыю з мэтаю дапамогі вугорскай рэвалюцыі.

Пасьля ваенізаванага Пецярбурскага Ляснога інстытуту Валер, які ў гады студэнцтва меў дачыненьне да нелегальнага гуртка Зыгмунта Серакоўскага, атрымаў прызначэньне ў егерскую вучэльню ў Саколцы на Гарадзеншчыне. У 1862 годзе ён узначаліў навучальную ўстанову. Цэнячы энэргічнага й дысцыплінаванага афіцэра, улады і не здагадваліся, што ён таемна сустракаецца з Каліноўскім, Серакоўскім ды іншымі кіраўнікамі ўжо блізкага паўстаньня.

Служба давала яму выдатныя магчымасьці для падпольнай дзейнасьці: сялянскія юнакі, скончыўшы егерскую навуку, разьяджаліся па розных кутках краю, маючы ў душы пасеянае выкладчыкам зерне вызвольных ідэяў. Цалкам верагодна, што сёй-той вёз з сабою і “Мужыцкую праўду”, якая пры чынным удзеле Ўрублеўскага пачала выходзіць у тым самым 1862-м.

Напярэдадні збройнага выступу ён быў прызначаны паўстанцкім начальнікам Гарадзенскай губэрні. Адзін з сучасьнікаў пісаў, што Ўрублеўскі “выступаў за падтрымку беларускай народнасьці і быў адным з кіраўнікоў “літоўскай”, гэта значыць, беларускай партыі”. На пяты дзень паўстаньня ён ужо вёў сваіх людзей у бой у Сакольскай пушчы паблізу Валілаў (у тых мясьцінах цяпер жыве, дарэчы, наш знакаміты мастак Лёнік Тарасэвіч). Імя Ўрублеўскага ведала тады ўся Літва-Беларусь. Мураўёў-вешальнік стварыў для яго пошукаў адмысловую групу захопу, але яе місія правалілася.

Як і тысячы іншых былых паўстанцаў, ён апынаецца ў Парыжы, дзе спачатку зарабляе на жыцьцё працаю ліхтарніка. Падзеі Парыскай камуны сталіся новай яскравай старонкаю ў жыцьцяпісе. Разам з Яраславам Дамброўскім Ўрублеўскі становіцца генэралам і камандуе адной з трох арміяў камунараў. Я знайшоў гістарычныя мэмуары, дзе даецца параўнаўчае апісаньне двух славутых генэралаў: “Урублеўскі — цёмны брунэт з шэрымі надзвычай жывымі вачыма, на цэлую галаву вышэйшы ад Дамброўскага. “Прыгожы, як Апалён”,— ня раз чуліся аб ім захопленыя жаночыя галасы. У вайсковым майстэрстве для Дамброўскага прызваньнем і стыхіяй ёсьць абарона, а для Ўрублеўскага — наступ і націск”.

Пасьля падзеньня Камуны Валер жыве ў Лёндане. Тыя гады таксама заслугоўваюць цэлай кнігі. Чаго вартае, прыкладам, яго нелегальнае падарожжа ў Расею, дзе былы паўстанцкі камандзір сустракаецца з нарадавольцам Андрэем Жалябавым і, магчыма, з Ігнатам Грынявіцкім, які выканае сьмяротны прысуд імпэратару Аляксандру ІІ.

Жыцьцёвы гадзіньнік Урублеўскага спыніўся ў 1908-м. Зь ягоным сконам адышла ў мінуласьць цэлая эпоха, у якой я зноў і зноў знаходжу сваіх герояў — тых, дзякуючы якім на мапе сьвету ўрэшце зьявіўся назоў “Беларусь”.
XS
SM
MD
LG