Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандру Мілінкевічу ўручылі прэмію імя Сахарава (відэаанонс)


Радыё Свабода Сёньня ў Страсбуры на сэсіі Эўрапарлямэнту лідэр дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандар Мілінкевіч атрымаў прэмію імя Андрэя Сахарава “За свабоду думкі”. Прысуджэньне прэміі лідэру беларускай апазыцыі эўрапармямэнтары назвалі “рашучым сыгналам” для Лукашэнкі пра тое, што Эўразвяз “не забыўся на сытуацыю ў Беларусі”.

Прадстаўляючы Аляксандра Мілінкевіча ў часе цырымоніі, яго назвалі "лідэрам дэмакратычных сілаў, які змагаецца з апошняй дыктатурай Эўропы".

Выступаючы перад дэпутатамі Эўрапарлямэнту, Аляксандар Мілінкевіч падкрэсьліў, што "гэта прэмія й Аляксандра Казуліна , таксама як і Зьмітра Дашкевіча, і Паўла Севярынца, і Міколы Статкевіча, і Андрэя Клімава ды ўсіх іншых палітзняволеных у маёй краіне. Гэта прэмія – знак неабыякавасьці Эўропы да сытуацыі ў Беларусі. Гэта прэмія – прыклад маральнай палітыкі. Гэта прэмія – сымбаль прызнаньня эўрапейскай будучыні Беларусі".

"Калі свабоду трэба заслужыць – мы яе заслужылі. Усёй сваёй гісторыяй і ахвярамі, прынесенымі дзеля яе”, – сказаў, зьвяртаючыся да дэпутатаў Эўрапарлямэнту Аляксандар Мілінкевіч. У сваім выступе ён таксама зьвярнуўся да сакавіцкіх падзеяў у Менску: "Рэжым завёў Беларусь у гістарычны тупік. І нашыя акцыі на плошчы былі адчайнай спробай вывесьці Беларусь з гэтага тупіка. Мы выйшлі не за кавалкам хлеба, а за маральныя каштоўнасьці – свабоду і праўду. Калі б вы здолелі быць з намі, вы б адчулі захапленьне і натхненьне, пачуцьце свабоды і адсутнасць страху. Таксама як боль і адчай, пасьля таго, як плошча позьняй ноччу стала пустой. Зьмерзлых і стомленых маладых людзей тады проста закінулі ў грузавікі й адвезлі ў турму", – сказаў Аляксандар Мілінкевіч.

Прэмія імя Сахарава “За свабоду думкі” заснаваная Эўрапарлямэнтам у 1998 годзе й прысуджаецца штогод за “дасягненьні ў справе абароны правоў чалавека ды яго асноўных свабодаў, а таксама за павагу да міжнароднага заканадаўства й разьвіцьцё дэмакратыі”. Намінантаў вылучаюць дэпутацкія фракцыі Эўрапарлямэнту альбо група дэпутатаў. Вылучэньне кандыдатуры Мілінкевіча падтрымала набуйная фракцыя Эўрапарлямэнту “Эўрапейская народная партыя – эўрапейскія дэмакраты”.

Відэаанонс сёлетняй Сахараўскай прэміі:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG