Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Веру, што беларускі мужык стане сапраўдным мужыком”


Ганна Соўсь, Прага На гэтым тыдні слухачы і госьці “Свабоды” адказвалі на пытаньне “У што я веру”.

Старшыня менскай арганізацыі Таварыства беларускай школы Хрысьціна Вітушка, якая была госьцяй “Начной Свабоды”, гэтак гаворыць пра сваю веру.

(Вітушка: ) "Я веру ў тое, што калі чагосьці сапраўды хочацца, то гэта дасягальна. Я веру ў чалавечы эгаізм і чалавечыя інтарэсы. Чалавек, які сфармуляваў для сябе свае інтарэсы і прыярытэты, прыдатны для перамоваў. Зь ім абавязкова можна дамовіцца".

Наступны госьць “Начной Свабоды” бард з Вілейкі Алесь Наркевіч гэтак кажа пра свае перакананьні.

(Наркевіч: ) "Веру я ў тое, што за ўсё абавязкова будзе заплачана, за ўсё давядзецца заплаціць -- і за добрае, і за дрэннае. Думаю, што ўсім. Гэта нейкая , калі так можна назваць, справядлівасьць".

Слухач “Свабоды” Зьміцер Кузьміцкі даслаў на наш электронны адрас ліст, як ён піша, з замежжа. “Я веру ў беларускі народ, піша ён, -- пабываў у шмат якіх краінах, вывучаў норавы людзей, іх традыцыі. Разважаў, чаму адзін народ жыве лепш, а другі горш. Цікавіўся думкамі людзей наконт беларусаў. Ў першую чаргу беларусы вылучаюцца сярод іншых народаў сваёй дабразычлівасьцю, гасьціннасьцю, працавітасьцю, памяркоўнасьцю. Узровень адукацыі нашых людзей таксама вельмі высокі. И наш народ мае поўнае права заняць свае належнае месца у нармальным цывілізаваным грамадзтве. Гэтае месца абумоўлена геаграфічным і геапалітычным размяшчэньнем краіны.

І абваляцца сьцены ізаляванасьці нашага народу, штучна ўзьведзеныя групай людзей на чале з прэзыдэнтам, каб яму было лягчэй кіраваць і трымаць уладу. Абрушацца, як некалі абрушылася Бэрлінская сьцяна, не стрымаўшы людзкога ікненьня жыць разам. Як не вытрымаваюць шматгадовага ціску вады старыя дамбы. Таму я веру таксама ў натуральныя працэсы. І вольна ўздыхнуць людзі, ня будзе больш палітычных вязьняу, тысячы людзей змогуць вярнуцца з замежжа, не баючыся за сваю будучыню, і краіну назаўседы пакіне страх, піша слухач “Свабоды” Зьміцер Кузьміцкі. А зараз госьці “Начной Свабоды” -- стваральнікі новага часопісу для мужчынаў “Байцоўскі клюб” – Юры Аляшэвіч і Яўген Валошын і іхняя вера.

(Валошын: ) "Па-першае, я веру ў каханьне. Я малады хлопец. таму веру ў каханьне. Па-другое, я веру ў тое, што беларускі мужык стане сапраўдным мужыком. Для гэтага мы стваралі гэты часопіс. Разумееце, у гады Вялікага Княства Літоўскага беларускі ваяр быў самым моцным у сьвеце. Мы ў гэта верым. А зараз у што нашы мужыкі пераўтварыліся. Я веру, што беларускі мужык стане сапраўды моцным духам. І што наша краіна таксама стане вялікай, і што гэты час прыйдзе".

(Аляшэвіч: ) "Я веру ў чалавечую годнасьць, у гонар, а таксама ў тое, што ў сьвеце больш добрых людзей, чым кепскіх. І гэта такое перакананьне. Думаю, што кожны чалавек павінен аб гэтым ведаць і заўсёды памятаць. І ў гэтым выражаецца і каханьне, і адносіны да другіх людзей".



Ці верыце Вы ў нешта? Што дапамагае Вам жыць? Як і чаму Вы прыйшлі да сваіх перакананьняў? Вашы каштоўнасьці і прынцыпы могуць натхніць іншых, сёньня і ў будучыні, у Беларусі і за мяжой. Раскажыце, ў што верыце Вы!

Пішыце на адрас у Беларусі: П/С 111 Менск 220005, у Чэхіі: П/С 44 Vinohradska 1, Praha 110 00

E-Mail: svaboda@rferl.org

Тэлефон-аўтаадказьнік у Менску: 266 39 52
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG