Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Івашчанка: “Веру ў Закон бумэранга й таму не шапчу праклёнаў”


Радыё Свабода Анатоль Івашчанка – удзельнік перадачы “Ў што я веру”.

Веру ў невыпадковасьць выпадковых сустрэчаў. У магічныя лічбы, вэрбальныя знакі ды іншую падобную трасцу, якую зрэдзьчасу заўважаю, але ня ўмею правільна разумець. Бо шляхі Госпада невыказныя.

Веру ў Шлях. У тое, што ўвесь гэты гармідар мае законы падпарадкаваньня. Вера ў пэўную кіраванасьць сьветабудовы, падначаленасьць усеагульнаму закону лучыць усе рэлігіі й культы. Ці, можа, гэта ня столькі вера, як адчуваньне кіраванасьці. Адчуваньне Шляху.

Веру ў Душу з усімі вынікальнымі (тонкае цела, біяполе, аўру, энэргетычныя каналы). У тое, што ўсе мы – зіхоткія аб’екты ў касьмічнай прасторы.

Цьвёрда веру ў тое, што паралельныя прамыя скрыжоўваюцца.

Веру ў Закон бумэранга й таму не шапчу праклёнаў. Няхай плявузгаюць ды сурочаць іншыя. Я — люстра.

Веру, што маё выкладаньне мовы для студэнтаў адной тэхнічнай ВНУ ня пройдзе дарма. Бачу, зь якой прагай усмоктваюць яны новае й сапраўднае. Беларускае. Тое, што ад іх хаваюць. Дальбог, яно прарасьце!

Веру ў маладую паэзію. Адзін знаны літаратар, пабыўшы на прэзэнтацыі дзьвюх дэбютных кнігаў паэзіі, у якой удзельнічалі зь дзесятак несамотных паэтаў (хоць покуль у большасьці бяз кнігаў), пазайздросьціў паэтычнаму роўню гэтага пакаленьня. Ды Бог зь ім з роўнем — абы вучыліся на памылках папярэднікаў ды трымаліся адно аднога.

Веру, што нехта зь пільных супрацоўнікаў “Камітэту добрых спраў”, які з прафэсійнага абавязку слухае/чытае перадачу “У што я веру?”, знойдзе мужнасьць задаць гэтае пытаньне сабе.

Веру ў дабраславеньне айца Сергія, які вянчаў нас з жонкай і хрысьціў нашую дачку. Ён гадуе шасьцёх дзяцей у беларускай мове, служыць як у Катэдральным саборы, гэтак і ў адным “сакрэтным” храме ў цэнтры Менску, і калі мы прыходзім да яго на споведзь — ладзіць багаслужбу па-беларуску.

Веру, што чалавек, які цяпер сядзіць у “позе Буды” (мэдычны тэрмін) ва ўлоньні маёй жонкі, зьявіцца ў патрэбны час і абярэ для гэтага найлепшы шлях. Веру, што разам з дачкой, сямейнікамі ды сябрамі мужна прычакаем іх вяртаньня з радзільні.

Анатоль Івашчанка — паэт, літаратуразнаўца, супрацоўнік часопісу “Дзеяслоў”. Малады бацька. Любіць “Крамбамбулю” – слухаць і спажываць.


Ці верыце Вы ў нешта? Што дапамагае Вам жыць? Як і чаму Вы прыйшлі да сваіх перакананьняў? Вашы каштоўнасьці і прынцыпы могуць натхніць іншых, сёньня і ў будучыні, у Беларусі і за мяжой. Раскажыце, ў што верыце Вы!

Пішыце на адрас у Беларусі: П/С 111 Менск 220005, у Чэхіі: П/С 44 Vinohradska 1, Praha 110 00

E-Mail: svaboda@rferl.org

Тэлефон-аўтаадказьнік у Менску: 266 39 52
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG