Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РНЕ патрабуе, каб віцебскі тэатар перайшоў на расейскую мову


Радыё Свабода "Беларусь у бліжэйшыя год-два ўвойдзе ў склад Расеі, але засталіся некаторыя ўстановы культуры, у якіх расейская мова выкарыстоўваецца мала. І адной з такіх устаноў ёсьць Беларускі тэатар "Лялька". Так напісана ў лісьце, які атрымала кіраўніца літаратурна-драматычнай часткі тэатру Вікторыя Дашкевіч. Ліст прыйшоў ад імя арганізацыі "Русское Национальное Единство».

Як распавяла Вікторыя Дашкевіч, аўтары ліста зьвярнуліся да яе з досыць канкрэтнымі прапановамі.

(Дашкевіч: ) "Мне прапанавалі перакласьці ўсе п’есы Беларускага тэатра "Лялька" на расейскую мову, зрабіць гэта трэба не пазьней як за год. І за гэта абяцаюць нават вялікія грошы – незразумела, праўда, ці то артыстам, якія будуць гэта прадстаўляць, ці то мне, калі я ўсё гэта перакладу. У маім прозьвішчы зрабілі памылку, напісаўшы яго праз "о" – "Дошкевич" – напэўна, каб выглядала больш расейскім. Карацей, нам прапанавалі перайсьці на расейскую мову, бо зь ліста вынікае, што Беларусь праз год-два ўвойдзе ў склад Расеі, і нам няма чаго дрыгацца. Яшчэ напісана, што РНЕ ўжо шмат для гэтага зрабіла, і мяркуе яшчэ больш зрабіць – пэўна ж, і маімі рукамі..."

Напрыканцы ліста спадарыні Дашкевіч было прапанавана далучыцца да "сапраўдных расейскіх патрыётаў" разам з артыстамі і кіраўніцтвам тэатру.

Ліст з прапановамі да супрацоўніцтва з гэтай арганізацыяй сёлета ўлетку атрымала таксама намесьніца старшыні абласной арганізацыі АГП Алена Залеская: пад пагрозаю фізычнае расправы ёй было ва ўльтыматыўнай форме прапанавана зьмяніць палітычныя погляды.

Яшчэ празь некалькі тыдняў ліст нібыта ад прадстаўнікоў РНЕ прыйшоў у рэдакцыю недзяржаўнай газэты "Витебский курьер": у ім было напісана, што арганізацыя пакідае за сабою "права задзейнічаць усе свае рэсурсы ў калідорах улады дзеля закрыцьця газэты”, якая “шкодзіць славянскай еднасьці”. Потым ліст ад сяброў РНЕ была атрымала і кіраўніца віцебскай філіі прадзяржаўнага саюзу пісьменьнікаў Тамара Краснова-Гусачэнка, але ў гэтым лісьце замест пагрозаў былі словы падзякі – за тое, што яна нібыта паспрыяла развалу нацыяналістычнай пісьменьніцкай арганізацыі – Саюзу пісьменьнікаў Беларусі.

Усе гэтыя тры лісты прыходзілі ў капэртах, дзе ў якасьці зваротнага адрасу была пазначаная абанэнцкая скрыня. Але на капэрце, атрыманай Вікторыяй Дашкевіч, ёсьць ня толькі дакладны адрас, але й прозьвішча таго, хто нібыта адправіў ліст: Брус В.І. Аднак спраўдзіць гэтыя зьвесткі пакуль аказалася немагчыма: вядомага ў горадзе расейскамоўнага літаратара і прадпрымальніка Васіля Іванавіча Бруса цяпер няма ў Віцебску – ён зьехаў на тыдзень у Расею, на сваю малую радзіму.

Вікторыя Дашкевіч мяркуе, што наўрад ці нехта стаў падпісваць падобныя лісты ўласным прозьвішчам, і што імя спадара Бруса мог выкарыстаць у пэўных мэтах нехта іншы. Аднак весьці прыватнае расьсьледаваньне не зьбіраецца і мае зьвярнуцца ў міліцыю – каб пошукамі тых, хто дзейнічае ад імя незарэгістраванай арганізацыі, займаліся адмыслоўцы. Скласьці адпаведную заяву выказаў гатоўнасьць віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік.

(Сьвецік: ) "Калі дасылалі ў "Витебский курьер" ліст з пагрозамі, калі такі ліст дасылалі Алене Залескай, то гэта можна было б лічыць нейкімі прыватнымі выпадкамі. Але ж калі дасылаюць у дзяржаўную установу – гэта ўжо пераходзіць усе межы! І тут ужо ўлады мусяць зрабіць нейкія захады, каб растлумачыць грамадзкасьці, ці ёсьць такая арганізацыя, ці дзейнічае яна, ці не. З гэтым мусяць разьбірацца адпаведныя органы".

Пакуль з адпаведных органаў рэдактар "Витебского курьера" Ўладзімер Базан, а таксама апазыцыйная актывістка Алена Залеская атрымалі хіба паведамленьні пра тое, што "арганізацыя РН" на тэрыторыі Беларусі не зарэгістравана". Пошукамі датычных да дзейнасьці гэтае незарэгістраванай структуры віцебская міліцыя не займалася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG