Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня кардынал Сьвёнтак стане Камандорам Ганаровага легіёну


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня ўвечары ў загараднай рэзыдэнцыі францускага амбасадара ў Беларусі Стэфана Шмялеўскага пройдзе цырымонія ўручэньня ордэна Ганаровага легіёну кардыналу Казіміру Сьвёнтку.

Прэзыдэнт Францускай Рэспублікі Жак Шырак cваім дэкрэтам надаў кардыналу Сьвёнтку званьне Камандора ордэна Ганаровага легіёну.

У дэкрэце зазначаецца, што ўзнагарода прысуджаная чалавеку, “які ў вачах францускіх грамадзянаў увасабляе гісторыю беларускага народу апошніх сямідзесяці гадоў”.

Паводле амбасады Францыі ў Беларусі, кардынал Сьвёнтак — першы грамадзянін Беларусі, уганараваны гэтым званьнем.

Ордэн Ганаровага легіёну зьяўляецца найвышэйшай вайсковай і грамадзянскай узнагародай Францыі, ён быў заснаваны Напалеонам Банапартам у 1802 годзе й прыйшоў на зьмену каралеўскаму ордэну сьвятога Людовіка —францускаму ордэну, які скасавалі ў 1792 годзе.

11 траўня 1998 году гэты ордэн быў уручаны кардыналу Рацынгеру, цяперашняму папу Бэнэдыкту XVI.

Ордэн мае пяць ступеняў — кавалер, афіцэр, камандор, найвышэйшы афіцэр і кавалер Вялікага крыжа. Усе яны аб’яднаныя ў арганізацыю, якой кіруе Вялікі магістар — прэзыдэнт Францыі.
XS
SM
MD
LG