Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Ліпай: “Я веру, сыне, што гэты шлях пройдзеш ты”


Радыё Свабода Алесь Ліпай – удзельнік перадачы “Ў што я веру”

Ну, вось і дзень скончыўся. Нават сонейка стамілася і на спачын пайшло, вечаровымі промнямі сабе дол выслаўшы. І ты, сынок, кладзіся, годзе на сёньня гуляў. Кладзіся і слухай.

Даўно, ой, даўно, у самым маленстве ўзяла ды нарадзілася мая мара. Сонечнымі зайчыкамі мітусяцца абразкі ўспамінаў пра тыя часы. Вось я ўзьбіраюся па хісткай лесьвіцы на гарышча, пад самы дах. О, ты ня ведаеш пакуль, што за дзіўнае царства на гарышчы ў тваёй бабулі! Нават у самы ясны дзень усё там ахутана густым паўзмрокам, і толькі праз маленькае акенца прасунуты слуп дзённага сьвятла. Там пануе водар сушаных яблык і падвешанага дзедам тытуню. У куфрах складзеныя старажытныя апранахі, самаробныя цацкі і пажоўклыя фота. У радок выстраіліся вышчарбленыя збанкі. Адны ў адны, меншыя ў большыя, састаўленыя патрэсканыя начоўкі. У падстрэшша паўтыканыя ржавыя лёзы косаў ды сярпоў. На расьцягнутым упоперак гарышча дроце зьнямогла павісьлі мяхі. Комін абвешаны рознакаляровымі паскамі і завязкамі...

І вось, уяві – паўз усе гэтыя скарбы іду я, шасьцігадовы хлапчук. Змрок у самых кутах прымае выявы нейкіх страхоцьцяў. Але я ступаю да сьвятла, і насыпаная тоўстым слоем тырса пружыніць пад маімі нагамі. Нырнуць пад дрот, пераступіць невысокі парог – і я пакладу рукі на калаўрот. Але гэта матуля мая думае, што тое – кола самапрадкі. А я ведаю: у маіх руках – штурвал карабля, пра які я столькі чытаў. І ў думках я даўно ўжо праклаў маршрут да мора. Вось зараз, адразу за пляцамі, пачынаецца нешырокае жытнёвае поле, за ім – луг, потым паўз лес – на Люкевічаў хутар зь яго дробнымі азярцамі да высахлага рэчышча Камянкі, якая некалі падпаясвала капыльскую Замкавую гару, пасьля па рачулцы Мажа праз Чырвонаслабодзкае возера і па Морачы – да Случы, а далей – па Прыпяці і Дняпры ў самае Чорнае мора...

Го, гэта гледзячы па мапе, здаецца, колькі там таго шляху! Але ўлічы: я на караблі – адзін. Неба цямнее, аднекуль налятае вецер, пагрозьліва скрыпяць мачты, раптоўны дождж шпурляе ўсё больш частыя кроплі, і вось ужо з-за дажджу нічога ня бачна. Таго й глядзі, наляціш на якую скалу ці на іншы карабель такога ж, як ты, аматара прыгодаў...

Па праўдзе, і ў гэтым сорамна прызнацца, мне так ні разу і не ўдалося правесьці карабель па ўсім шляху з нашага азёрнага краю да мора. То надакучыць, а то маці пакліча вячэраць ці яшчэ якой дапамогі папросіць... А зараз, сталаму чалавеку, неяк няёмка тырчэць столькі часу на гарышчы. Ды й штурвал усё часьцей здаецца колам ад звычайнай самапрадкі. А з такім рыштункам, сам разумееш, далёка не заплывеш.

Але я веру, сыне, што гэты шлях пройдзеш ты. Хутка, мо наступным летам, як мы ў чарговы раз паедзем да бабулі, я завяду цябе на ейнае гарышча. І ты сам станеш да штурвалу. Я веру, што ты правядзеш карабель праз жытнёвае поле, за ім – па лузе, потым паўз лес – на Люкевічаў хутар, праз невялічкія азёры – да высахлага рэчышча Камянкі, далей – па Мажы, Морачы, Случы, Прыпяці і Дняпры ў самае Чорнае мора...

Цяпер гэта наша агульная мара. Агульная вера. Сьпі.

Алесь Ліпай – паэт, журналіст, першы карэспандэнт Радыё Свабода ў Беларусі. Аўтар паэтычных кніг “Пад сьнегам”, “Рэшта”, шматлікіх публіцыстычных артыкулаў. Стваральнік незалежнай інфармацыйнай агенцыі БелаПАН. Захапляецца прыгажосьцю. Мае сыноў Яна і Аляксея і дачку Алесю.


Ці верыце Вы ў нешта? Што дапамагае Вам жыць? Як і чаму Вы прыйшлі да сваіх перакананьняў? Вашы каштоўнасьці і прынцыпы могуць натхніць іншых, сёньня і ў будучыні, у Беларусі і за мяжой. Раскажыце, ў што верыце Вы!

Пішыце на адрас у Беларусі: П/С 111 Менск 220005, у Чэхіі: П/С 44 Vinohradska 1, Praha 110 00

E-Mail: svaboda@rferl.org

Тэлефон-аўтаадказьнік у Менску: 266 39 52
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG