Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Жарнасек


Ірына Жарнасек, Наваполацак Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Свае асабістыя нататкі мінулага тыдня слухачам Свабоды падае Ірына Жарнасек – пісьменьніца, галоўная рэдактарка каталіцкага часопіса для дзяцей “Маленькі рыцар Беззаганнай”, якая жыве ў горадзе Наваполацку.

15 кастрычніка, нядзеля

Першае і другое чытаньні Божага слова на сьвятой Імшы ў касьцёле сёньня – пра мудрасьць, якая так патрэбна была Салямону, сучасьнікам Хрыста, якая так патрэбна і нам. Эвангельле таксама пра тое, як малады чалавек шукаў адказ на сваё мудрае пытаньне, як яму заслужыць вечнае жыцьцё. Запытаўся нібыта мудра, а атрымаўшы радыкальны адказ Хрыста раздаць багацьце бедным і ісьці за Ім, малады чалавек адышоў засмучаны, бо ён быў багаты. Нявыгадная мудрасьць, нязручная праўда, справядлівасьць, завысокі кошт за свабоду... Як навучыцца ўсё гэта прымаць ў імя ўсё тых жа мудрасьці, праўды, справядлівасьці, свабоды?..

16 кастрычніка, панядзелак

Еду ў Менск выпускаць чарговы нумар “Маленькага рыцара Беззаганнай”, часопіса, які вельмі люблю хоць бы ўжо й за тое, што ён – адзіны дзіцячы каталіцкі беларускі часопіс. Удзень працую ў рэдакцыі, а ўвечары трапляю на госьці да сваіх добрых сяброў. П’ем гарбату, радуемся размове, абмяркоўваем апошнія падзеі. Раптам на нас звальваецца радасьць: са сьледчага ізалятара выпусьцілі Паўла Красоўскага! Вядома, гэта яшчэ ня поўная свабода, але ўжо тое, што гэты малады чалавек пасьля шоку ад прад’яўленых яму жудасных абвінавачваньняў сёньня дыхае чыстым паветрам разам са сваімі роднымі й сябрамі, ня можа ня радаваць.

17 кастрычніка, аўторак

Каля катэдры імя Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Менску назіраю, як жанчыны ды мужчыны ў памаранчавых камізэльках з дапамогай вежавага крана садзяць у падрыхтаваныя на тратуары ямы амаль дарослыя ўжо дрэвы. Здаецца, ліпы. Прыгадалася колішняе татава: “Старое дрэва няма чаго перасаджваць – не прыжывецца”. Гэта ён казаў пра тое, чаму ў свой час ня выехаў разам са сваякамі зь Беларусі ў Польшчу. Ён быў запісаны ў дакумэнтах палякам, маці таксама (парадоксы беларускай рэальнасьці: бацькі – палякі, а дачка вось беларуска). Пазьней, ужо за хрушчоўскім часам не пажадаў ён таксама выехаць разам з братам і сястрой у Латвію, куды яны ўцяклі ад апрыклай хрушчоўскай кукурузы. На ўсё жыцьцё зьберагла я ў сваёй душы ўдзячнасьць яму за гэта. Нават тады яму за гэта ўдзячная, калі бывае вельмі цяжка й горка, калі падступаюцца крыўда й роспач, калі так цяжка дыхаць паветрам маёй Бацькаўшчыны, калі ўжо часам здаецца, што ня хопіць сілаў на чарговыя выпрабаваньні. Нават і тады я ўдзячная свайму бацьку за вернасьць нашай зямлі. Як жа я разумею Уладзімера Арлова, які ў адным са сваіх інтэрвію сказаў: “Зь Беларусі – толькі па этапах!”

18 кастрычніка, серада

Скончылі працу над часопісам, і я, маючы колькі часу да адпраўленьня маёй маршруткі на Полацк, праглядваю ў рэдакцыі газэты. “ЛіМ”, які я некалі, за Вярцінскім, а потым і за Гілём, вельмі любіла, цяпер падобны да ўсіх іншых дзяржаўных газэтаў. Вось група літаратараў зь нядаўна створанага Саюза пісьменьнікаў Беларусі горача дзякуе прэзыдэнту за клопат аб іхным Саюзе і адначасна скардзіцца, як цяжка ім было ў нашым Саюзе беларускіх пісьменьнікаў. Бедныя! Ну, нарэшце тыя іхныя пакуты скончыліся, а таму і варта парадавацца за былых “таварышаў па пяры”. Прынамсі, ім не давядзецца больш прытварацца, што ім таксама баляць нашыя болькі, наш клопат за бядотны стан беларускай мовы, за тое, што ўсё часьцей беларуская культура падмяняецца бескультур''ем, а то й адкрытым хамствам. Дык, можа, й някепска, што адбыўся гэты наш развод? Калі ўжо было цяжка нам знаходзіцца пад адным дахам... Праўда, у нас жа ўжо й даху над галавой няма пасьля таго, як адабралі Дом літаратара... Без кала й двара засталіся мы... А неўзабаве, можам пачуць, што й нас увогуле больш няма...

19 кастрычніка, чацьвер

Полацкае аддзяленьне Таварыства беларускай мовы запрасіла мяне ў падарожжа па літаратурных мясьцінах Ушаччыны. Шкада, што яно плянуецца на нядзелю, калі ў Менску адбудзецца зьезд нашага Саюза беларускіх пісьменьнікаў. Я, вядома ж, паеду за зьезд.

Увечары даведалася, што навапалачанін Анатоль Кулік сканчае галадоўку, якую ён трымаў на знак салідарнасьці з палітыкам Аляксандрам Казуліным, які заўтра, у сваю чаргу, распачне галадоўку за кратамі. Характэрная рыса нашага часу – галадоўка. У Бабруйску, Наваполацку, у Менску... На месцы працы й дома, у турме і... у царкве... Мой Божа! У што ператвараецца мая краіна?!

20 кастрычніка, пятніца

Сёньня з Наваполацка паехаў аўтобус пілігрымаў у польскую Чанстахову. Даўно я выношвала ідэю гэтай паездкі, прапанавала яе, зьбіралася сама паехаць, а вось цяпер, калі іншыя ўжо ў дарозе ў Чанстахову, я дома. Бо мушу быць на зьезьдзе нашага Саюза беларускіх пісьменьнікаў. У іншы, больш спрыяльны час, магчыма, я выбрала б Чанстахову, цяпер жа не магу дазволіць сабе такой раскошы. Чакаю зьезду і хвалююся. Напэўна, як і тады, калі амаль 20 гадоў таму ўступала ў гэтую старэйшую пісьменьніцкую арганізацыю. Усё тады здавалася прыгожым, урачыстым... Ішоў 1987 год. Здрыгануўшыся ды жахнуўшыся год таму ад Чарнобыля, мы ўсё ж не гублялі надзеі на лепшае, на тое, што наша Айчына пераможа гэты жудасны боль, загоіць жахлівую рану і акрыяе да новага, годнага жыцьця... Дом літаратара быў для мяне храмам літаратуры, домам, у якім я шчасьліва сустрэла столькі добрых людзей, знайшла новых сяброў, аднадумцаў! А творчыя сэмінары, сустрэчы ў Каралішчавічах, у Доме творчасьці “Іслач”!.. Цяпер усяго гэтага няма. З дня на дзень мы можам пачуць таксама, што не павінна быць таксама й нас, нашай арганізацыі. Вось таму й трэба абавязкова быць на гэтым зьезьдзе, каб сказаць ва ўвесь голас: "Мы ёсьць!"

21 кастрычніка, субота

Сёньня – дзень сьмерці адзінага майго брата Рамуальда. Адзінага й любімага. Ён быў самым старэйшым у нашай сям’і, я – самай малодшай. Калі ён памёр, мне было 9 гадоў. На ўсё жыцьцё засталася ў душы гэтая рана. Потым іх будзе яшчэ шмат, стратаў родных і блізкіх, сяброў, але тая, першая, баліць да гэтага часу. Ураньні іду ў касьцёл, дзе сёньня спраўляецца сьвятая Імша за сьвятой памяці майго брата Рамуальда. Малюся, прашу ў Пана Бога шчасьлівай вечнасьці для яго...

А па абедзе выпраўляюся ў Менск, на зьезд Саюза беларускіх пісьменьнікаў, да якога я маю гонар належаць. Гонар ужо таму, што да яго таксама належаць Купала й Колас, Быкаў і Караткевіч, Брыль і многія ды многія з тых, каго я заўтра сустрэну. Шчасьлівы гэта час – сустрэча з сябрамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG