Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Празе адбылася дыскусія “Беларусь паміж Эўропай і Расеяй”


Вячаслаў Ракіцкі, Прага У Празе ў Польскім Інстытуце адбылася дыскусія “Беларусь паміж Эўропай і Расеяй” з удзелам лідэра аб’яднанай беларускай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча і сябра Эўрапарлямэнту, былога міністра замежных справаў Польшчы, прафэсара Браніслава Герэмка.

Аляксандар Мілінкевіч гаварыў пра гістарычныя і культурныя традыцыі Беларусі як эўрапейскай нацыі. Ён падкрэсьліў, што бачыць будучыню Беларусі ў складзе аб’яднанай Эўропы. Ягоны аптымізм базуецца на відавочнай зьмене сьвядомасьці беларусаў, доказам чаго служаць падзеі сёлетняй вясны. Мілінкевіч асабліва акцэнтаваў увагу на неабходнасьці інфармацыйнай падтрымкі беларускай дэмакратыі з боку Эўропы.

Браніслаў Герэмэк заявіў, што “Беларусь мае свайго годнага прадстаўніка ў Эўропе -- Аляксандра Мілінкевіча”. Ён таксама выказаў аптымістычны погляд на пэрспэктывы беларускай дэмакратыі. Аднак, зь ягонага гледзішча, Эўропа ніяк ня можа знайсьці мэханізмы яе падтрымкі. Сам Герэмэк лічыць, што найперш эўрапейскія краіны павінны дапамагчы адукацыйнымі праграмамі для моладзі. Таксама важная інфармацыйная падтрымка (і перадусім патрэбна сапраўднае беларускае радыё).

Абодва палітыкі гаварылі, што нельга дапусьціць, каб візы ў шэнгенскую зону каштавалі беларусам 60 эўра, бо гэта будзе скіравана ня супраць улады, а супраць звычайных людзей. Дыскусію вёў сябра чэскай Асацыяцыі ў міжнародных справах Петр Марэш.

Сёньня Аляксандар Мілінкевіч бярэ ўдзел у дзесятым "Форуме-2000", які арганізуе экс-прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG