Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гавэл думае пра Беларусь


Алена Ціхановіч, Прага Сёньня спаўняецца 70 гадоў Вацлаву Гаўлу – аднаму з найбольш вядомых эўрапейскіх палітыкаў, дысыдэнту і прэзыдэнту, пісьменьніку і вялікаму сябру дэмакратычнай Беларусі. Гавэл стаў прэзыдэнтам Чэхаславаччыны ў выніку аксамітнай рэвалюцыі, пазьней – на працягу двух тэрмінаў быў прэзыдэнтам Чэхіі. Дакладна ў адпаведнасьці з чэскай канстытуцыяй, якая не прадугледжвае трэцяга тэрміну, тры гады таму, Гавэл пакінуў сваю пасаду і Праскі град. Яго асоба па-ранейшаму застаецца прыкладам маральнага аўтарытэту ў палітыцы.

Там, дзе зьяўляецца Гавэл, людзі па-ранейшаму з пашанай устаюць і сустракаюць яго воплескамі. Гэтак, учора сотні людзей прыйшлі павіншаваць юбіляра ў праскі касьцёл Сьвятой Ганны. Сярод гасьцей быў і польскі экс-прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі з жонкай. Сярод падарункаў – бутэлька фірмовай сьлівовіцы "Зэманаўка" ад былога прэм''ера Чэхіі Мілаша Зэмана ці карціна, якую асабіста намаляваў і ўручыў сьпявак Карэл Гот.

Учора ж ва ўкраінскім пасольстве Гаўлу ўручылі высокую дзяржаўную ўзнагароду Ўкраіны – ордэн князя Яраслава Мудрага. У беларускім пасольстве паведамілі, што Гаўла віншаваць ня будуць. Але пра беларускія дачыненьні Гаўла – крыху пазьней.

Той час, калі Гавэл быў дысыдэнтам і сядзеў у турме – для Чэхіі даўно гісторыя, якая жыве хіба ў гэтай папулярнай песьні барда і сябра Гаўла Яраслава Гуткі:

Зьявіліся госьці, зайшлі асьцярожна, Шляхотна,прыстойна, адмовіць няможна… А недзе ўжо творцу чакаюць пакоі, Ня трэ гарнітуру – там лепшыя строі.

Артыкул, параграф, а ў выраку – шабля… Думай пра права, Гаўлічку-Гаўле.

(Тэкст на беларускую пераклаў Сяржук Сокалаў-Воюш).

Турэмны тэрмін, які Гавэл адседзеў за дзейнасьць, зьвязаную з заснаваньнем Хартыі-77, цягнуўся бяз малага чатыры гады. Падчас яго наступнага зьняволеньня вядомага дысыдэнта выпусьцілі з-за масавых пратэстаў дома і за мяжою. Гавэл потым прызнаўся, што зьняволеньне мела нейкі сэнс, і што сам сябе ён усьведамляе толькі падставай для таго, каб людзі абудзіліся да свабоды:

(Гавэл: ) "Грамадзтва, якое на доўгія гады было загнанае ў стан апатыі і летаргіі, пачынала абуджацца, а я быў усяго падставай для таго, каб людзі сябе маглі свабодна праявіць, і гэты рух да свабоды, калі гаварыць увогуле, мяне цешыць, умацоўвае, абуджае. Маю адчуваньне, што маё зьняволеньне не было залішнім, што ў тым быў нейкі сэнс".

Адным зь першых абяцаньняў, якое даў у 1989-м годзе былы дысыдэнт Гавэл, абраны прэзыдэнтам Чэхаславаччыны, было прывесьці краіну да свабодных парлямэнцкіх выбараў. І гэтае абяцаньне ён выканаў.

Гавэл, які лічыў, што яго справа – быць пісьменьнікам і казаць сьвету праўду, стаў палітычнай зоркай, яго асоба – сымбалем перамогі духа, культуры над злом, несвабодай, няпраўдай. Вось як ацэньваў яго фэномэн таксама беспартыйны пісьменьнік Васіль Быкаў, які апошнія месяцы перад сьмерцю жыў у Празе:

(Быкаў: ) "Цяпер ужо ўсім зразумела, што гады прэзыдэнцтва Вацлава Гаўла сталіся эпохай ня толькі ў гісторыі Чэхіі, але ў некаторай меры і ўсёй Эўропы ці нават сусьветнай супольнасьці. На прыкладзе Гаўла сьвет убачыў ня так часта ажыцьцёўлены пастулят, мару антыка Плятона пра тое, каб філёзафы апыналіся пры ўладзе, а ўладары рабіліся філёзафамі.

Як ён толькі прыйшоў да ўлады, я, быўшы ў Бэрліне, паслаў яму ліст з просьбай знайсьці магчымасьць прыняць у Карлаў унівэрсытэт тых маладых беларусаў, якія за палітыку, за апазыцыйнасьць да нялюдзкай улады былі выкінутыя з беларускіх унівэрсытэтаў, тым самым узнавіць даўнюю традыцыю масарыкаўскай рэспублікі. Празь нейкі час гэта было зроблена".

У нашым архіве я знайшла і запіс інтэрвію зь вядомай беларускай багемісткай, прафэсаркай, цяпер ужо нябожчыцай Ірынай Шаблоўскай. Яна пераклала кнігу Гаўла “Сіла бязмоцных” і ў нашай размове разважала, якія шанцы, паводле Гаўла, мае іншадумства, дысыдэнцтва на тое, каб перамагчы таталітарызм:

(Шаблоўская: ) “Выдатна, як мастацкі твор, пабудаваная кніжка, распавядае пра тое, што такое гэтае дысыдэнцтва, іншадумства. І дае нам адказ, што рабіць асобе, гуманісту ў той пэрыяд, калі няма магчымасьці выказацца ў нармальным палітычным жыцьці, калі яно проста адсутнічае, як супрацьстаяць гвалту. Галоўнае, да чаго, мне здаецца, прыходзіць Гавэл – гэта зусім простая формула: ён вызначае дысыдэнцтва як пратэст асобы супраць таталітарызму, як немагчымасьць жыць у ілжы”.

Для былога дысыдэнта Гаўла сучасная Беларусь невыпадкова стала краінай яго асаблівай увагі. Беларускі інтарэс, беларускі клопат і нават свайго роду беларускасьць палітычнага мысьленьня Гаўла не перастае зьдзіўляць і яго аднадумцаў. Так, у свой час пашырэньне межаў Эўрапейскага зьвязу і далучэньне да зьвязу Чэхіі Гавэл пракамэнтаваў так: цяпер Беларусь будзе нашай новай суседкай.

9 зь 10 прэзыдэнцкіх гадоў Гаўла супалі з гадамі прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. І пры тым Гавэл ніколі з Лукашэнкам не сустракаўся. Больш таго, як мяркуюць палітолягі, рашэньне не выдаваць Лукашэнку чэскую візу на саміт НАТО ў Празе ў 2002 годзе таксама было прадыктаванае воляй і маральнай пазыцыяй Вацлава Гаўла.

Невыпадкова, што Гавэл пры кожнай нагодзе прыпамінае, што нельга пакідаць Беларусь па-за ўвагай і адгароджвацца ад яе жалезнай заслонай. Для многіх нечаканай была і апошняя заява Гаўла, у якой ён падкрэсьліў, што адносіць Беларусь і Ўкраіну да эўрапейскай цывілізацыі, і што прыняцьцем гэтых краінаў павінна было б закончыцца пашырэньне Эўрапейскага зьвязу.

Сёньня прыйшла яшчэ адна навіна са Славянскай бібліятэкі ў Празе: выйшлі сыгнальныя экзэмпляры кнігі перакладаў Рыгора Барадуліна на чэскую мову. Прадмову да зборніка напісаў таксама Гавэл. Што да найбольш паэтычных і вядомых радкоў самога Гаўла, то варта нагадаць яго празарлівае: “Праўда і любоў мусяць перамагчы зло і нянавісьць”.
XS
SM
MD
LG