Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Вітаўт Кіпель


Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістыя развагі і думкі аб пражытым і перажытым мінулым тыднем у Менску падае Вітаўт Кіпель. Знаны дзеяч беларускае эміграцыі, дырэктар Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, ён нарадзіўся ў 1927 годзе ў Менску, але ў 1944-м разам з бацькамі змушаны быў пакінуць Бацькаўшчыну. Ад часу абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі Вітаўт Кіпель штогод прыяжджае на радзіму.

Апошнім часам у некаторых газэтах Злучаных Штатаў Амэрыкі зьявіліся нататкі пра студэнтаў зь Беларусі, якія трагічна загінулі пры нявысьветленых абставінах. Пачуліся закіды, нібыта нешта антыбеларускае цяпер ёсьць у Амэрыцы. Гэта няпраўда. Моладзь заўсёды пападае ў такія перапалкі і калі яна не гатовая быць у нейкай грамадзе, то лепш туды не выходзіць. Тым ня менш, гэта пакінула такі нейкі невыразны налёт, непрыемны прысмак, такі духовы прысмак, што вось нешта пра беларусаў пішацца, зьвязанае з крымінальнай хронікай. Бо весткі, якія падаюцца пра гэтакія здарэньні, безумоўна, ідуць да крымінальнае хронікі.

ххх

Іншыя разважаньні пра тое, што рыхтуецца пару новых выданьняў у Амэрыцы, і думалася, што пачнем гутарыць з выдаўцамі на Бацькаўшчыне, каб тыя выданьні зрэалізаваць. Адно зь іх – энцыкляпэдычная чытанка рэлігійных тэкстаў. Што найлепшае было надрукавана з рэлігійнай літаратуры сабраць у адно і выдрукаваць гэта ў выглядзе кнігі-хрэстаматыі. Гэта ініцыятыва выходзіла ад Беларускага інстытуту навукі і мастацтва, пару асобаў гэтым займалася і на шчасьце якраз мне ўдалося гэтую гутарку зрэалізаваць, і я думаю, што такая чытанка зь цягам часу пабачыць сьвет.

ххх

У галаве варочаліся думкі і чыста бытавога такога, сямейнага характару. Як-ніяк, у кожнага з нас, хто быў на эміграцыі, ёсьць жа нейкія карані і на Бацькаўшчыне, і з гэтымі каранямі хочацца мець нейкую сувязь: тому-сёму пазваніць, тога-сёга адведаць. А як пачаў тэлефанаваць зь Менску, дык кожны хоча, каб да яго прыехаў, а гэта адлегласьці з Гомельскае вобласьці ў Віцебскую аж пад Глыбокае. Так што, безумоўна, да ўсіх не даедзеш, ну але, прынамсі, зь Менску ўдалося пагутарыць па тэлефоне з шмат якімі сямейнымі разгалінаваньнямі. І на маё вялікае зьдзіўленьне ўчора ўвечары пазваніў адзін чалавек і сказаў, што ён ёсьць трэнэрам амаль ці не рэспубліканскай нейкай спартовай каманды і па прозьвішчы Кіпель, якраз з тых мясцовасьцяў, адкуль Кіпелі і паходзяць. Гэта Глушчына, цэнтар Беларусі.

хх

Сустрэчы зь сябрамі, зь сябрамі, якіх тут ужо цяпер поўна. Зь сябрамі-аднадумцамі, аднадумцамі палітычнымі, аднадумцамі культуралягічнымі, аднадумцамі дзяржаўнікамі і зь сябрамі дзяцінства, якіх у мяне ў Менску аказалася ня так ужо і мала. Я думаў, што яны паўміралі некалі, але яны жывыя і зь імі былі гутаркі. Я занёс у дзёньнік такія сабе напаміны, каму што зь іх трэба сказаць, і зь кім што трэба выясьніць. Асабліва важныя вось гэтыя прыпаміны, бо я сам асабістага дзёньніка ня вёў, я яго пачаў весьці ад 2003 году, калі мая спадарожніца Зора адышла ў лепшы сьвет. Яна вяла дзёньнік і я палічыў, што трэба яе дзёньнік прадаўжаць, і якраз прадаўжаць успамінамі далёкага дзяцінства. І вось у Менску зь некаторымі з маіх сяброў тога далёкага адышоўшага мінулага ўдалося якраз высьветліць і занатаваць ужо ў запісанай форме.

ххх

Праз увесь тыдзень ідзе адна думка пра справаводства Беларускага інстытуту навукі і мастацтва. У нас ёсьць свае такія бюракратычныя ня тое, што рагаткі, але валакіты. Атрымоўваем карэспандэнцыю – трэба адказаць, атрымоўваем ахвяраваньні – іх трэба занесьці ў банк, іх трэба адпаведна запратакаляваць. Ну і не заўсёды гэта робіцца ў час, бо мы ўсе – добраахвотнікі, мы ўсе працуем за нечым іншым і спазьняемся. Такім чынам увесь час у галаве акумулюеш, што яшчэ ня зроблена і пры першай нагодзе гэтыя рэчы залагоджваеш.

ххх

Лейтматывам гэтага тыдню была падзея – гэта прэзэнтацыя ангельска-беларускага слоўніка, якая адбылася ў чацьвер 21 верасьня ў Менску. І мае нататкі гэтага тыдня пачынаюцца ад часу, калі я сеў у Амэрыцы ў самалёт і разважаў над тым, колькі ўклалася працы ў гэты слоўнік. Над гэтым слоўнікам гэтулькі працавалася, гэтулькі думалася над кожным словам!.. І калі грамадзтва раптам не зразумее?..

Безумоўна, мы не былі спэцыялістамі-лексыкографамі, але што мы ведалі дзьве мовы – гэта бясспрэчна. Беларускую мову мы ведалі з маленства, чыталі, узбагачалі свой слоўнік, і безумоўна, трыццаць-сорак гадоў працы ў англамоўным асяродзьдзі давала надзею, што мы ведаем і ангельскую мову.

Грамадзтва зразумее, нягледзячы на тое, што слоўнік укладаўся не спэцыялістамі. Спэцыялісты прыйшлі значна пазьней. Першым спэцыялістам быў Сяргей Шупа, потым прыйшлі Алена Юрэвіч, Зьміцер Саўка. Яны тыя недахопы выправяць…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG