Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка паспрабуе згуртаваць Рух недалучэньня


Валер Каліноўскі, Менск Як чакаецца, днямі кіраўнік Беларусі накіруецца ў Гавану на 14-ю канфэрэнцыю кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў Руху недалучэньня. Напярэдадні форуму прадстаўнікі беларускіх уладаў выказаліся пра ролю гэтага Руху ў сьвеце, месца Беларусі ў ім і пляны беларускай дэлегацыі на гаванскім саміце.

Паводле нядаўняй заявы Аляксандра Лукашэнкі, “Руху недалучэньня не хапае адзінства. Калі б усе сябры руху недалучэньня — а гэта болей за сто дзяржаваў — згуртаваліся, то гэта была б сіла, зь якой вымушаныя б былі лічыцца”. Афіцыйны Менск лічыць, што Беларусь зарэкамэндавала сябе як актыўная ўдзельніца Руху недалучэньня. Заяўлена таксама, што краіна зьбіраецца на гэтым саміце выступіць з ініцыятывамі, якія нададуць Руху новы імпульс. Гаворыць міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў:

(Мартынаў: ) “Адносна Руху недалучэньня наш падыход палягае ў тым, што Рух павінен стаць адным з важнейшых фактараў разьвітаньня з аднапалярным сьветам і пераходу да шматпалярнага сьвету. Гэта павінен быць дзейны гулец”.

Паводле спадара Мартынава, афіцыйнаму Менску выгадна ўдзельнічаць у Руху, таму што ягоныя сябры дапамагаюць адхіляць “антыбеларускія рэзалюцыі” ў ААН і ўхваляць карысныя рэзалюцыі — напрыклад, чарнобыльскую.

Беларусь уваходзіць у Рух недалучэньня з 1998 году, яна зьяўляецца адзінай краінай Эўропы ў гэтай арганізацыі, у якую ўваходзяць 116 краінаў трэцяга сьвету. Больш за 60% жыхароў гэтых краінаў жыве ў галечы, нагадвае менскі палітоляг Андрэй Фёдараў. Удзел Беларусі ў Руху недалучэньня ня мае асаблівага плёну, лічыць спадар Фёдараў, гэта толькі спробы паказаць актыўную замежнапалітычную дзейнасьць:

(Фёдараў: ) “Адзінае, што можна, — і тое я ня ўпэўнены, што гэта ўжо так патрэбна нашаму насельніцтву, — дэманстраваць, што Беларусь ні ў якой ізаляцыі не знаходзіцца, бо ўваходзіць у арганізацыю, якая зьяўляецца другой пасьля ААН і бярэ там самы актыўны ўдзел”.

Паводле спадара Фёдарава, сам удзел Беларусі ў Руху недалучэньня не адпавядае статуту гэтай арганізацыі. Беларусь зьяўляецца сябрам арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы ў рамках СНД і мае на сваёй тэрыторыі замежныя вайсковыя аб’екты. Але паколькі сам рух перажывае крызіс ідэнтычнасьці, то там на гэта не зьвяртаюць увагі. Магчымыя ж спробы Беларусі арганізаваць у межах Руху недалучэньня нейкі антызаходні альянс ня будуць мець плёну, перакананы спадар Фёдараў:

(Фёдараў: ) “Гэта спробы толькі… У арганізацыі ў цэлым няма антыамэрыканскага патэнцыялу, можна выкарыстаць настрой некаторых удзельнікаў гэтай арганізацыі. Але я ня думаю, што яны будуць ствараць нейкую фармальную антыамэрыканскую структуру. Ніхто зь іх на гэта ня пойдзе, навошта дражніць ільва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG