Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Імёны Свабоды”: Расьціслаў Лапіцкі (1.9.1928 – 28.10.1950)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

У пасьляваенныя 1940-я ў Мядзельскай дзесяцігодцы не было вучня, таленавіцейшага за Расьціслава Лапіцкага. Ён сьпяваў і граў на тузіне інструмэнтаў, майстраваў ровары і радыёпрымачы, зрабіў электрамашыну, якой спрабаваў лекаваць людзей ад розных хваробаў, маляваў плякаты для урокаў батанікі й заалёгіі...

Аднак большасьць настаўнікаў не ганарылася Расьціславам, а трымалася зь ім насьцярожана. І ня толькі таму, што ён быў сынам “сацыяльна чужога элемэнта” – сьвятара. У школе ведалі, што яшчэ раней, у сямігодцы, Лапіцкага арыштоўвалі за сувязь з падпольнай арганізацыяй навучэнцаў Віленскай беларускай гімназіі й Віленскай сэмінарыі. 16-гадовы Расьціслаў быў асуджаны на тры гады, выйшаў на волю ў 1945-м па амністыі, але антысавецкіх поглядаў не зьмяніў, прычым адстойваў іх нават на ўроках.

Калі Лапіцкія пераехалі ў Смаргонь, дзе Расьціслаў пайшоў у дзясятую клясу, занепакоілася ўжо кіраўніцтва тамтэйшай школы. Пагатоў што новы вучань адмовіўся пісаць сачыненьне пра фадзееўскіх “моладагвардзейцаў”, абвясьціўшы, што ў іх ёсьць свая “Маладая гвардыя”, якая змагаецца за Беларусь.

У словах Расьціслава не было асаблівага перабольшаньня: ён сапраўды стварыў арганізацыю зь пятнаццаці чалавек. Юнакі не бяз посьпеху вялі агітацыю на школьных вечарынках і ў клюбе, дзе іхні кіраўнік падзарабляў, граючы на піяніне. А неўзабаве ў Смаргоні зьявіліся сотні антыкамуністычных улётак...

Расьціслаў мусіў перайсьці на нелегальнае становішча. Партызаны Арміі Краёвай абяцалі пераправіць яго за мяжу, але перашкодзіла цяжкая хвароба.

Яго арыштавалі ў Кабыльніку, на Нарачы. На допытах у Вялейскай турме Расьціслава так зьбівалі, што знаёмы арыштант не пазнаў яго, прыняўшы за старога дзеда.

Выступ на судзе Лапіцкі выкарыстаў не для апраўданьняў, а дзеля абвінавачваньня камуністычнага рэжыму ў антынароднай палітыцы — непамерных падатках, калгасным прымусе, закрыцьці храмаў.

Ваенны трыбунал Беларускай вайсковай акругі прысудзіў яго да расстрэлу. Расьціслаў адмовіўся ад прапановы прасіць памілаваньня.

Яшчэ й сёньня ў родных мясьцінах пра яго ходзяць легенды. Вядомыя прыклады, калі, атрымаўшы на ўроку вольную тэму пра героя, да якога яны хацелі б стаць падобнымі, вучні пісалі пра Расьціслава Лапіцкага.
XS
SM
MD
LG