Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Г.Бураўкін: “Такога цкаваньня Быкава, як пры Лукашэнку, не было ніколі”


Сяргей Навумчык, Прага Улады спрабуюць пераканаць беларусаў замежжа ў тым, што дапамагалі Васілю Быкаву. У нумары ад 13 ліпеня штотыднёвіка “Голас Радзімы” (у ліку заснавальнікаў выданьня – Міністэрства замежных справаў РБ, камітэт у справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў пры Савеце міністраў) надрукаваны артыкул Вольгі Ягоравай “Успомнім Быкава, успомнім яшчэ і яшчэ...”

Сярод іншага ў артыкуле сьцьвярджаецца, што менавіта Аляксандар Лукашэнка, які “выхоўваўся на кнігах Быкава”, нібыта “дапамог, па просьбе Ірыны Міхайлаўны, пераехаць ім з-за мяжы, настаяў, каб паклалі пісьменьніка ў лепшую клініку, зрабілі ўсё магчымае, змагаліся за яго жыцьцё да апошняга”.

Ірына Міхайлаўна Быкава неаднаразова, у тым ліку і на “Свабодзе”, абвяргала сьцьверджаньні пра якое б там ні было спрыяньне Быкаву з боку Лукашэнкі.

Пры прэзыдэнту Лукашэнку зь дзяржаўных выдавецтваў выкідаліся ўжо набраныя кнігі ўсясьветна вядомага пісьменьніка, яго самога аблівалі брудам у дзяржаўных СМІ. Незалежныя СМІ, у тым ліку Радыё Свабода, у 2003 годзе і пазьней неаднаразова падрабязна паведамлялі пра драматычныя акалічнасьці прыезду Быкава ў Менск. Гэта і цяжкі пералёт на старым маршрутным самалёце, пасьля якога Быкаў страціў прытомнасьць, і пазбаўленьне Быкавых прапіскі ў менскай кватэры за некалькі тыдняў да сьмерці пісьменьніка. Вядома і пра сумневы праскіх лекараў адносна мэтадаў лячэньня, якія былі абраныя ў Бараўлянах. Пахаваньне Быкава адбылося насуперак плянам уладаў і бязь іх удзелу.

Пра ўсё гэта шмат казалася сябрамі пісьменьніка ў інтэрвію і кнігах, у тым ліку ў кнізе “Быкаў на Свабодзе” і падчас онлайн-канфэрэнцыі на сайце “Свабоды”.

Сябар Васіля Быкава, паэт Генадзь Бураўкін назваў словы журналісткі В.Ягоравай “неверагоднымі”: “Такога цкаваньня Васіля Быкава, як пры Лукашэнку, не было ніколі”.
XS
SM
MD
LG