Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вадзім Болбас


Вадзім Болбас, Сьветлагорск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Свае асабістыя нататкі мінулага тыдня падае Вадзім Болбас – хімік, эколяг, грамадскі актывіст, турыст і літаратар са Сьветлагорску.

30 ліпеня, нядзеля

Зранку зайшла мастачка і паэтка Натальля Бордак. Яе за ўдзел у выбарчай камандзе А. Мілінкевіча звольнілі з працы. У роспачы паведаміла, што ўчора паранілі яе старэйшага сына Юрася. Такі вось “парадак” у горадзе. За міліцыяй не прайсьці, а злачынцы з заточкамі пачуваюцца досыць утульна.

Як заўсёды ў нядзелю ўключаю тэлевізар, каб паглядзець “Тэлебаромэтар” на канале ЛАД. Але абаяльная вядучая Сьвятлана Панкратава ў адпачынку, а замены ёй, каб весьці праграму, няма. На экране нейкая папса, натуральна што на расейскай мове.

Размова па тэлефоне зь Міколам Буслом, непахісным змагаром за Беларушчыну, адным з самых цікавых людзей Сьветлагоршчыны.

31 ліпеня, панядзелак

Сустрэўся і пагаварыў з жанчынаю, якая ў час чарнобыльскай катастрофы жыла зь сям’ёю ў Прыпяці, пасьля пераехала з Украіны ў Сьветлагорск. На Ўкраіне мелі чарнобыльскія ільготы, а тут ні яна з мужам, ні народжаны ў Сьветлагорску сын ніякіх ільготаў ня маюць. Яскравы прыклад так званага клопату кіраўніка Беларусі аб простых людзях.

Абзваніў актывістаў Партыі БНФ, узгаднялі час і месца чарговага сходу. Цікавая размова з Тэльманам Масьлюковым, старшынём Сьветлагорскай арганізацыі ТБМ імя Ф.Скарыны. Ён вярнуўся з цэнтральнай Украіны, дзе знаёміўся з працаю органаў мясцовага самакіраваньня, абраных па прапарцыянальнай сыстэме. Вельмі добрае ўражаньне пакідаюць кіраўнікі радаў і выканаўчых органаў. Людзі простыя, даступныя, відаць, што сапраўды абраныя народам.

Адзначыў спадар Тэльман і вельмі прыхільнае стаўленьне ўкраінцаў да беларускамоўных.

1 жніўня, аўторак

Кансультацыя зь сябрамі-лекарамі па пэўных праблемах уласнага здароўя. Абнадзеілі.

Праблема ВІЧ-СНІДу ў Сьветлагорску не зьмяншаецца. Траціна ўсіх ВІЧ-інфікаваных у Беларусі (прыкладна 2500 асобаў) – жыхары нашага гораду. У барацьбе з гэтай навалай Сьветлагорск, як і Беларусь у цэлым, атрымлівае значную дапамогу Глябальнага Фонду ААН па прафіляктыцы і лячэньню ВІЧ-СНІДу. Грамадская арганізацыя “Альтэрнатыва” прыцягнула да працы зь ВІЧ-інфікаванымі і іх сямейнікамі лекараў. Псыхалягічнай дапамогай ахоплена прыкладна ўдвая больш людзей гэтай групы, чым ва ўсіх астатніх рэгіёнах Беларусі. Дзейнічаюць пункты абмену шпрыцоў наркаманам. Замінаюць толькі бюракратычныя перашкоды ў дастаўцы з-за мяжы неабходных хворым на СНІД лекаў. Так, партыя такіх лекаў праляжала на мытні амаль паўгоду. Памерлы ў мінулую суботу хворы так і не дачакаўся неабходных яму мэдыкамэнтаў.

2 жніўня, серада

Зранку займаюся хатнім вінаробствам. Маліны, чырвоныя парэчкі. Такое віно калісьці высака ацаніла грамада пры адзначэньні выхаду маёй кнігі.

Сёньня рэліктавае савецкае сьвята – дзень дэсантніка. У горадзе падпітыя і добра п’яныя маладзёны ў блакітных бэрэтах. На мінулае такое сьвята – дзень памежніка – пасьля п’янай бойкі памёр 22-х гадовы хлопец.

Не люблю ўсяго гэтага тлуму. Зьяжджаю да жонкі на агарод. Гэта 8 кілямэтраў на ровары. Па дарозе заўважаю, што бусьляняты зьляцелі з бусьлянкі.

Дзень сьвятога Ільлі. Хутка восень.

3 жніўня, чацьвер

Уражаны жорсткасьцю патрабаваньняў пракурора да пакараньня сяброў арганізацыі “Партнэрства”. Тры і два гады зьняволеньня для маладых людзей, якія і зрабіць нічога канкрэтнага не пасьпелі – гэта не па-людзку.

Уражаны, але зьдзіўляцца, відаць, ня трэба. Такі рэжым кіруе нашай краінай. Яны, на чале з кіраўніком, як агню, баяцца людзей. Гэта адчуваецца і тут, далёка ад сталіцы.

Сход актыву Партыі БНФ. Абмеркавалі нашыя магчымасьці ўдзелу налета ў мясцовых выбарах. Вырашылі падтрымаць рэкамэндацыі дэмакратычнай кааліцыі і шукаць як мага больш патэнцыяльных кандыдатаў.

4 жніўня, пятніца

Зранку еду на агарод, дзе з учарашняга дня працуе жонка. Сам зь сябе сьмяюся. Я, ідэйны праціўнік матыжнага земляробства, усё ж еду гэтыя 8 кілямэтраў, падпіраю яблыні, каб не паламалася гольле, паліваю, ня памятаю, каторы раз ад вясны, выкошваю малюсенькі газон, абразаю лішнія парасткі на вінаградзе.

Дыскусія з суседам Пятром. Ён ніяк ня ўцяміць, чаму я так не люблю ягонага куміра Лукашэнку. Ніяк не зразумее бедны стары рабацяга, што тая жабрацкая пэнсія, якую ён атрымлівае рэгулярна – толькі нязначная частка ад заробленага ім за доўгія гады цяжкой працы мантажніка.

Купаюся ў Бярэзіне. Вада цёплая, 23 градусы, хоць Ільля прайшоў.

5 жніўня, субота

Чацьвёрты дзень працуе ў вёсцы Адрубы, блізу Сьветлагорска, археалягічная экспэдыцыя. Арганізавалі экспэдыцыю сьветлагорскія валянтэры на чале з Тэльманам і Аленай Масьлюковымі. Курыруюць раскопкі гісторыкі з Нацыянальнай акадэміі навук. Раскопваюць старажытнае гарадзішча на беразе Бярэзіны. Гэта працяг раскопак мінулых сямі гадоў.

Працуюць болей дзесятка валянтэраў, зь іх двое замежнікаў: вугорац і бэльгіец.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG