23 ліпеня, нядзеля
Еду раненька на летнік электрычкай у бок Маладэчна. У вагоне яшчэ ня так шмат народу. Заходзіць трохі захмеленая траістая кампанія: гармонік, скрыпка і бубен. Ці то зь вясельля, ці то каля кастра начавалі? Сьпяваюць “Домик окнами в сад”. Людзі даюць грошы: хто 100, хто 50. Прашу выканаць беларускую песьню. Калі ласка, кажуць. Даю аж 500 рублёў. Прашу сьпяваць далей, даю за кожную беларускую песьню па тысячы. Так ужо і маю Крыжоўку праехалі. Да мяне далучаецца даволі малады хударлявы дзяцюк. Таксама кладзе сваю тысячу. Выходзім зь ім у Зялёным. Знаёмімся. Ён таксама праехаў сваю Ратамку. Завуць Віктар. А прозьвішча – Зернетко! “Віктар, ты ж Зярнятка, – кажу. У тваім родзе быў нехта дробненькі. Вось і назвалі – Зярнятка!” Прыемны хлопец. Тэлефон свой не захацеў даць. Не, кажа, у мяне дома абы што. А можа я быў надта напорысты ды хударляваму згадаў пра дробненькага продка і пакрыўдзіў?
24 ліпеня, панядзелак
Шалёны дзень. У Менск прыляцеў Уга Чавэс, прэзыдэнт Вэнэсуэлы, сучасны лацінаамэрыканскі Балівар, які змагаецца супраць амэрыканскага імпэрыялізму. Што дрэннага зрабілі амэрыканцы Беларусі? У 1920-я гады АРА ратавала беларусаў ад голаду, а цяпер Злучаныя Штаты прывозяць лекі чарнобыльцам ды даюць студэнцкія гранты.
Лідэрства ў барацьбе за шчасьце чалавецтва каштуе шмат. І вядома, чым канчаецца. Як мы з нуля скокнем да мільярдных лічбаў у эканамічным супрацоўніцтве з Вэнэсуэлай і як там далей пойдзе ў гэтай далёкай краіне? Чавэс на “Лініі Сталіна” – гэта шызафрэнічная фантасмагорыя. Папытайцеся ў нашых яшчэ жывых беларускіх кабетаў зь вёсак, ля якіх былі тыя капаніры, доты ды дзоты. Яны бачылі нямецкі наступ першых дзён вайны ды трагедыю чырвонаармейцаў, што сядзелі ў тых бэтонных лёхах.
25 ліпеня, аўторак
Памёр Янка Брыль. Апошнія 15 гадоў мы суседзі на вуліцы Дразда, што стала праспэктам Машэрава. Двухпакаёўка Івана Антонавіча – пад нашай. Амаль штодня сустракаліся ля паштовых скрынак і ля пад’езду, калі ён, ужо хварэўшы і асабліва пасьля сьмерці Ніны Міхайлаўны, рабіў праходкі вакол дому. Гаварылі ўсё часьцей пра горкія навіны. Часам я заходзіў да яго: з ТБМ перадаваў “Наша слова”, то абменьваліся якім чытаньнем. Чытаць апошнім часам яму было цяжка. Казаў: “Найгоршая хвароба, калі ня можаш чытаць”. Пачуўшы пра зьезд дэмакратычных сіл, сказаў: “Ну як там ідзе? Можа б зайшлі расказалі… Я ж некалі выступаў на такім зьезьдзе, калі яшчэ Карпенка і Захаранка жывыя былі. У Палацы прафсаюзаў... Добра, што Мілінкевіч ціха гаворыць, не крычыць. Лябедзька – малайчына, толькі занадта квяціста і шмат піша...”
Калі я зьбіраў подпісы за Мілінкевіча, Іван Антонавіч убачыў сябе на адной старонцы з Шушкевічам, Элеанорай Вецер, Сьвятланай Алексіевіч і Нінай Мажэйкай. “Ну, Вы мне па-суседзку кампанію бардзо пачэсну падабралі”. 26 ліпеня, серада
З ранішняй “Свабоды” чую, што “разьвітаньне зь Янкам Брылём адбудзецца на ягонай апошняй кватэры, былая вуліца Дразда, цяпер праспэкт Машэрава 78, кватэра 40”. Адразу неяк прыйшло ў голаў: Іван Антонавіч такі вялікі, а кватэра такая маленькая…
Кручу тры праграмы БТ: можа скажуць, дзе разьвітацца з народным пісьменьнікам... Учора ўвечары толькі па ОНТ бягучым радком ды 3 сэкунды партрэт у жалобнай рамцы. Сёньня – ані слова… Затое: пра Пугачову, з кім і як жыве; амаль паўгадзіны пра Харанэку, які пойдзе на ўсясьветны рэкорд, падымаючы бочку з малаком на дажынках у Бабруйску…
Як мы зьдзічэлі! Падымаць малако ў бочцы, перад людзьмі, у шпагаце! Слава Беларусі! Хворы дух у здаровым целе. Божа, дай нам рады!
27 ліпеня, чацьвер
У гэты дзень у 1990 годзе мы, дэпутаты Вярхоўнага Савету XII скліканьня, прынялі Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР. Праз год, пасьля жнівеньскага путчу ў Маскве, прагаласавалі за наданьне ёй статусу канстытуцыйнага закону. Ці захаваліся на сёньня літара і дух Дэклярацыі? Не! Дзяржаўнасьці беларускай мовы няма, правы грамадзян для нас ужо перасталі быць унівэрсальнай катэгорыяй. “У нас свая спэцыфіка”, – даводзіць член Канстытуцыйнага суду таварыш Груша. Вайсковага нэўтралітэту няма: хаўрусуемся з Расеяй, сябруем з Чавэсам супраць Амэрыкі. Артыкул восьмы Дэклярацыі гаворыць: сувэрэнітэт павінен служыць выратаваньню нацыі ад наступстваў Чарнобылю. А цяпер? Як у той прыпеўцы: в поле пашет мирно трактор, на горе горит реактор. Што это за нация плюёт на радиацию? Сей пад Брагінам, будуй “Лінію Сталіна” пад Вязынкай, узводзь антыамэрыканскі вал у Каракасе!
28 ліпеня, пятніца
Мінулыя 2 тыдні ня быў у Менску. Назапасілася ладна нечытаных пэрыядычных выданьняў: нямецкіх і англамоўных, што ласкава дае Гётэ-інстытут, ды яшчэ дасланых па Інтэрнэце рускамоўных артыкулаў зь Летувы. У гэтых шмат пра Žalgirio mūšis – Грунвальдзкую бітву – ды пра каранацыю Міндоўга. Па 1-й праграме нашага радыё пачуў замілаваны аповед, як у літоўскіх вёсках на Гарадзеншчыне сьвяткуюць Міндоўгаву каранацыю. Ні слова пра Наваградак ды Вялікае Княства. Наша няўцямная дзяржаўная тупасьць! Якой куртатай робяць нашу гісторыю! Летувісы вунь усё за вушы цягнуць. Пры Грунвальдзе біліся нашыя харугвы больш чым з 20 местаў, а з этнічнай Летувы – толькі адна з Коўна. Аднак, паводле апытаньня нямецкага дасьледчыка з Браўншвайгу, бітва пад Грунвальдам (немцы кажуць пад Танэнбэргам, летувісы – пры Жальгірысе) займае 3-ю пазыцыю ў герархіі нацыянальных каштоўнасьцяў летувіскай моладзі. Дзіва што! Імя Жальгірыс маюць і спартыўныя клюбы, і вуліцы, і электронныя гульні. Запытайце на менскіх вуліцах, што такое Грунвальд!