Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З архіву “Свабоды”: гутарка зь Янкам Брылём (люты 2006 г.)


Міхась Скобла, Менск У лютым сёлета Янка Брыль быў госьцем перадачы “Дом літаратара”.

Амаль сем дзясяткаў гадоў працуе ў беларускай літаратуры Янка Брыль. Брылёўская лірычная мініятура даўно стала клясыкай жанру. У эпоху сацрэалізму, калі візытоўкай пісьменьніка зрабіліся пульхныя раманы ды шматтамовыя зборы твораў, Брыль гаварыў ляканічна, роздумна, афарыстычна. І ў паважным веку ён адчувае сябе ў добрай творчай форме. Дамоў да народнага пісьменьніка завітаў Міхась Скобла.

(Міхась Скобла: ) “Іван Антонавіч, вы заўсёды многа чыталі — гэта відаць па вашых лірычных запісах. Чытаючы іх, можна падумаць, што жывяце вы ў бібліятэцы. А ў вашай кватэры, я гляджу, кніг зусім мала”.

(Янка Брыль: ) “Ну, і хата ж малая таксама. Я адсяліўся ад сына, якому пакінуў ільвіную долю сваёй бібліятэкі — зборы твораў па дваццаць, па трыццаць тамоў. Я лічу, што кнігі павінны працаваць, яны не для таго, каб стаяць у шафах, чакаючы, пакуль нехта зьлітуецца ды прачытае. Таму я раздаваў кнігі. Прыкладам, Гуманітарнаму ліцэю аддаў некалькі соцень адборных, харошых кніг, каторыя цяпер Бог ведае дзе. Скарынаўскаму цэнтру я аддаў многа ўкраінскай і польскай літаратуры. Пэўную частку свайго кнігазбору перадаў бібліятэцы Саюзу пісьменьнікаў. І яшчэ адно. У нашых архівах ёсьць спэцыяльныя фонды аўтографаў, куды я таксама перадаў нямала кніг — там яны больш надзейна захоўваюцца”.

(Скобла: ) “Адзін з такіх аўтографаў у Акадэмічнай бібліятэцы я прачытаў на кнізе Валянціна Тараса: “Янку Брылю — мае сьціплыя руны. Вялікаму караблю ад маленькае шхуны”. Столькі кніг вы раздалі, а з чым засталіся?”

(Брыль: ) “З аўтографамі кнігі я ня ўсе раздаў. Засталіся самыя дарагія кнігі маіх блізкіх сяброў — Івана Мележа, Уладзімера Калесьніка, Уладзімера Караткевіча, Аляксея Пысіна, Анатоля Кудраўца, Міхася Стральцова, кнігі ад сям’і акадэміка Радзіма Гарэцкага. Даведачная літаратура — беларуская, польская, украінская (у мяне ёсьць увесь Грынчанка — украінскі Даль), усё, што трэба для працы, у мяне засталося. Улічы ж і тое, што мне ўжо столькі гадоў, што я ўсё чакаю — вось-вось, вось-вось… Так што я не зьбіраю кнігі, а раздаю. Хай ідуць у людзі, хай робяць сваю справу”.

(Скобла: ) “Вы працуеце ў літаратуры амаль семдзесят гадоў. Калі наш пісьменьнік мог пісаць, абсалютна не зважаючы на цэнзуру? Ці быў такі час?”

(Брыль: ) “Такі час у мяне быў, відаць, толькі тады, калі я пісаў на кухні ў заходнебеларускай хаце матчынай. Тады я і паняцьця ня меў пра цэнзуру. Лямпа-газоўка, папера і цёмная ноч. Пасьля працы сядзеў, пісаў. А потым у савецкі час зьявілася цэнзура. Як аказалася, надоўга. Але калі гаварыць пра канец 1980-х — пачатак 1990-х гадоў, то мы вельмі дрэнна выкарысталі гэты час у сэнсе разумнай бесцэнзурнасьці. Некаторыя спрыяльны час патрацілі на ёрнічаньне, на ляпаньне нечага пустога. Чытаеш і думаеш — ат, не хапала табе цэнзуры, можна было б і не гаварыць такой пустаты, як гаворыш. Трэба найперш разьнявольвацца самім, каб ня быць рэдактарам самому сабе. Да чаго нас прывучыла эпоха сацрэалізму? Сам сябе рэдагуеш. Пішаш і думаеш: пройдзе гэта ці ня пройдзе? Трэба пісаць, гаварыць усё, што “Бог на душу положил”.

(Скобла: ) “Вы часам апісваеце сны. Гэта літаратурны прыём ці сон сапраўдны?”

(Брыль: ) “Ну вось у мяне ў мініятурах, якія буду чытаць, ёсьць адзін запісаны рэальны сон. І такіх рэчаў у маіх запісах некалькі. Не, гэта не літаратурны прыём, гэта рэальны сон, які вырашаў нейкае ўнутранае пытаньне майго жыцьця. Але тое ў літаратуры ня новае. Скажам, у Льва Талстога ёсьць апавяданьне, якое так і называецца: “Что я видел во сне” — шэдэўр, напісаны ім у старасьці. Як вядома, і наш Максім Гарэцкі запісваў сны. Наагул, гісторыя літаратуры шмат падобных прыкладаў ведае. Зь Бібліі пачынаючы. Памятаеш: “И услышал во сне — беги в Египет…” Так што і ў мяне сны не прыдуманыя”.

(Скобла: ) “У вас на стале я бачу карэктурныя аркушы. Рыхтуеце новую кнігу?”

(Брыль: ) “Выдавецтва “Про Хрысто”, дзе пасьпяхова працуе таленавітая Хрысьціна Лялько, прыняло ў мяне для выданьня другі пасьля “Блакітнага зьніча” зборнік пад назвай “Парастак”. У ім таксама перш за ўсё лірычныя запісы і мініятуры”.
XS
SM
MD
LG