Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз высьвятляе акалічнасьці паездкі Зімоўскага ў Партугалію


Радыё Свабода Кіраўнік Беларускай тэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі, які ўваходзіць у сьпіс чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю краінаў Эўразьвязу, паведаміў, што ён наведаў на мінулым тыдні Партугалію. Прадстаўніцтва Эўразьвязу пачало высьвятленьне гэтай заявы й акалічнасьцяў паездкі.

Тыльман Шміт-Ноербург, супрацоўнік нямецкай амбасады, якая прадстаўляе ў Беларусі Эўразьвяз, паведаміў “Свабодзе”, што сёньня раніцай быў накіраваны запыт ва ўрад Фінляндыі, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе. Урад Фінляндыі мусіць афіцыйна высьветліць усе акалічнасьці паездкі Аляксандра Зімоўскага ў Партугалію на чарговае паседжаньне агульнага сходу Эўрапейскага вяшчальнага саюзу. Колькі зойме часу гэтае высьвятленьне, складаць сказана, бо гэта першы такі выпадак, сказаў спадар Шміт-Ноербург:

(Шміт-Ноербург: ) “Перш чым спэкуляваць пра выдачу візы ці нявыдачу, трэба даведацца, ці была такая паездка ўвогуле, і ў якіх рамках яна была. У прынцыпе, гэты сьпіс дзейнічае — і ўсе зацікаўленыя ў тым, каб ён сапраўды паважаўся”.

Спадар Шміт-Ноербург зазначыў, што, у прынцыпе, паездка Аляксандра Зімоўскага ў Эўразьвяз немагчымая, аднак дзейнічаюць пэўныя (даволі рэдкія) выключэньні — у прыватнасьці, зьвязаныя з запрашэньнем ад імя міжнародных арганізацыяў, такіх як ААН, ЮНЭСКО. Ці ўваходзіць у сьпіс такіх арганізацыяў Эўрапейскі вяшчальны саюз, яшчэ трэба ўдакладніць. Таму каб неяк адрэагаваць на заяву спадара Зімоўскага, прадстаўніцтву Эўразьвязу патрэбна даведацца ўсе падрабязнасьці гэтай паездкі.

На сёньня вядома, што амбасада Францыі, якая прадстаўляе Партугалію ў Менску, не давала спадару Зімоўскаму візы.

У штаб-кватэры Эўрапейскага вяшчальнага саюзу “Свабодзе” пацьвердзілі, што спадар Зімоўскі быў удзельнікам агульнага сходу арганізацыі. Гаворыць прэсавы сакратар Эўрапейскага вяшчальнага саюзу Дэвід Льюіс:

(Льюіс: ) “Мы не кіруемся правіламі Эўразьвязу ў гэтай сувязі. У любым выпадку, запрашэньне было ад прэзыдэнта ЭВС у супрацоўніцтве з партугальскай тэлекампаніяй, кампаніяй-гаспадаром сустрэчы. Нашай задачай не зьяўляецца клопат пра тое, ці дазволены нашым гасьцям уезд у Партугалію ці не”.

Паводле спадара Льюіса, Эўрапейскі вяшчальны саюз не залежыць ад Эўразьвязу, гэта міжнародная няўрадавая арганізацыя, якая аб’ядноўвае тэлекампаніі, да таго ж саюз зарэгістраваны ў Швайцарыі, якая не зьяўляецца сябрам Эўразьвязу, і калі хто-небудзь вінаваты ў тым, што Зімоўскі наведаў Партугалію, то толькі партугальскія памежнікі, заявіў прэсавы сакратар Эўрапейскага вяшчальнага саюзу Дэвід Льюіс.

P.S. Памочнік генэральнага сакратара Эўрапейскага вяшчальнага саюза Дэвід Льюіс паведаміў “Свабодзе”, што Аляксандру Зімоўскаму ўязная віза была выдадзеная партугальскім кансулятам у Маскве на падставе запрашэньня партугальскай тэлекампаніі RTP.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG