Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Часам узьнікаюць пустыя плёткі, то пра паступленьне ў горад нядобраякасных харчоў, а то й пра тое, што рыхтуецца эвакуацыя жыхароў Менску” (1986)


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Цытаты мінулага – 13 чэрвеня. Што пісалі беларускія газэты ў гэты дзень.

“Беларуская справа”, 1926 год:

“За апошнія часы беларуская выдавецкая праца ў Заходняй Беларусі разьвіваецца вельмі слаба, апрача аднае толькі прэсы… У сувязі з гэтым прыходзіцца адзначыць факт, што пачынаюць друкаваць кніжкі ў беларускай мове людзі і арганізацыі, далёкія ад беларусаў і беларускага руху. Гэтак у Лодзі Выдавецтва Т-ва “Компас” выпусьціла пабеларуску “Эвангельле паводле Лукі” — у перакладзе, зробленым з грэцкае мовы. Эвангельле высылаецца Т-вам дарма…”

“Беларуская крыніца”, 1936 год:

“Бяз роднай-жа школы трудна, а бадай й сусім немагчыма, зрабіць нешта канкрэтнае для культуры вёскі. Разумее гэта добра й сам наш народ. Сёлета, як ведаем, на беларускай вёсцы праводзіцца акцыя за беларускую школу. Агулам трэба сказаць, што акцыя гэта дзіўнае зразуменьне знайшла ў беларускім сялянстве. Школьны Сакратар’ят у Вільні мае дакумэнты, якія сьведчаць проста аб гэроічнай стойкасьці нашых сялян у іх барацьбе за сваю родную беларускую школу”.

“Вечерний Минск”, 1986 год. Галоўны санітарны лекар Менску Н.Шастапалаў:

“Дзеля зручнасьці менчукоў і прыезных вэтэрынарна-санітарная служба на рынках гораду пашырыла дазымэтрычны кантроль… Але разам з тым часам узьнікаюць пустыя плёткі, то пра паступленьне ў горад нядобраякасных харчоў, пра “негалоснае” распараджэньне не ўжываць мяса, а то й пра тое, што рыхтуецца эвакуацыя жыхароў Менску… Усё гэта, зразумела, бязглузьдзіца, якую распаўсюджваюць асобы, ахвочыя да ўсялякіх чутак…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG