Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы і твары Плошчы: Сям’я Шылаў


Радыё Свабода Мы працягваем расказваць пра прыхільнікаў пераменаў, якія пацярпелі ад уладаў падчас нядаўніх прэзыдэнцкіх выбараў. Актыўнымі ўдзельнікамі акцыі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску была салігорская сям’я Шылаў.

Шылаў – чацьвёра. Уладзімер – галава сям’і, яго жонка Сьвятлана й два іх сыны: 15-гадовы Іван і 13-гадовы Ільля. У сакавіку ўсе яны неаднаразова выяжджалі ў Менск, у “намётавы лягер”. Прыгадвае Сьвятлана Шыла.

(Сьвятлана: ) “Мы і 19-га туды езьдзілі, і 20-га там былі. Езьдзілі і вярталіся назад, бо на працу трэба было. І потым муж выканаў сваю працу і разам з хлопцамі вярнуўся на Плошчу. А я, вядома, засталася дома, бо ў нас жывёлы ёсьць, якіх кінуць нельга…”.

У ноч з 23-га на 24 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы знаходзіліся трое Шылаў – бацька з сынамі. Прыгадвае Іван.

(Іван: ) “Нас затрымалі, у розных машынах везьлі на Акрэсьціна. Мы як непаўнагадовыя былі ў спэцыяльным корпусе, а бацька таксама патрапіў спачатку на Акрэсьціна, а потым у Жодзіна”.

Уладзімеру Шылу прысудзілі 10 сутак арышту. Чым запомнілася Жодзінская турма?

(Уладзімер: ) “Запомніліся людзі, зь якімі я там апынуўся разам, клетка, у якой сядзеў. Я наагул першы раз апынуся за кратамі, я думаў, што праз акно нешта хоць бачна, але там жа такія жалюзі, празь якія нічога наагул не бачна”.

На турэмныя адметнасьці ва Ўладзімера – прафэсійны погляд. Ён інжынэр-будаўнік. Як, дарэчы, і Сьвятлана. А вось дзеці пакуль школьнікі. Ці задаволеныя імі бацькі?

(Сьвятлана: ) “Ільля больш паслухмяны, Ваня вельмі калючы. Начытаны: ён у асноўным чытае беларускія часопісы. Ён, канечне, вельмі цікавіцца гісторыяй. Запамінае добра. Ён удзельнічае ў алімпіядах. У яго гісторыя ідзе на высокую адзнаку. Але я думаю, што ён усё-такі тэхнар – у яго аднолькавыя здольнасьці”.

Між тым, школьнае начальства Івана ня любіць. Ён – актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, і большасьць моладзевых акцый праходзіць у Салігорску пры ягоным удзеле. За гэта мясцовая міліцыя затрымлівала хлопца дзесяткі разоў. Першага траўня, напрыклад, адвезьлі ў пастарунак, бо падазраюць, што нібыта ён павесіў расьцяжку “Не – кантрактнай сыстэме” на цэнтральнай вуліцы гораду.

А вось што думае пра сыноў бацька.

(Уладзімер: ) “Ільля – вельмі арганізаваны такі, яго не трэба правяраць: зрабіў ён урокі ці не. Ільлю яшчэ трынаццаць гадоў, але, можа, Ванін прыклад яго спакусіў на такія вось актыўныя дзеяньні. Таму што для мяне таксама было нечаканым, што Ільля прыме такі актыўны ўдзел. Ён жа таксама ўсё разумее, што адбываецца з намі, з краінаю. Калі нас выклікаюць на камісіі, калі размаўляю з дырэктарам школы, я ім кажу стандартную рэч, што хворы не я, не мае дзеці, а – хворая краіна…”.

А яшчэ Ільля – здольны футбаліст. Ён – капітан моладзевага саставу салігорскага “Шахцёру”, дарослая каманда якога летась стала чэмпіёнам Беларусі.
XS
SM
MD
LG