Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акадэмік Патон: “Лукашэнка павінен раіцца з навукоўцамі”


Сяргей Навумчык, Кіеў У сталіцы Ўкраіны 20-годзьдзе аварыі на Чарнобыльскай АЭС адзначана дзесяткамі мерапрыемстваў – як афіцыйных, гэтак і арганізаваных няўрадавымі арганізацыямі.

Сёньня ўначы у 1 гадзіну 24 хвіліны – роўна праз 20 гадоў пасьля выбуху на 4-м энэргаблёку Чарнобыльскай АЭС – прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка запаліў сьвечку ля мэмарыяльнага кургану “Ахвярам Чарнобыля”.

Юшчанка таксама падпісаў Указ аб наданьні званьняў Героя Украіны пяцём ліквідатарам – пасьмяротна.

Гучыць у Кіеве і беларуская тэма. Удзельнікі міжнароднай канфэрэнцыі, арганізаванай дэпутатамі Эўрапарлямэнту, у сваёй рэзалюцыі скрытыкавалі пазыцыю афіцыйнага Менску:

“Мы падтрымліваем усе дэмакратычныя сілы ў Беларусі, краіне, якая пацярпела і працягвае цярпець ад Чарнобылю болей, чым якая іншая краіна. Дэмакратыя – неад''емны кампанэнт аховы навакольнага асяродзьдзя. Пляны і праграмы аўтарытарнага беларускага рэжыму па перасяленьні ў найбольш забруджаныя раёны краіны трэба ўспрымаць надзвычай скептычна”, – гаворыцца ў рэзалюцыі.

Дарэчы, гэтымі днямі ў Кіеве мне ўдалося паразмаўляць з усясьветна вядомым навукоўцам, прэзыдэнтам Нацыянальнай Акадэміі навук Украіны Барысам Патонам.

Я запытаўся ў акадэміка, як, з навуковага погляду можна ацаніць ініцыятыву Аляксандра Лукашэнкі пра вяртаньне людзей у забруджаныя раёны:

(Патон: ) “Гэта складаная праблема. З аднаго боку, радыяцыя небясьпечная для здароўя, гэта – факт. З другога, кіраўніцтва Беларусі кіруецца, магчыма, эканамічнымі прычынамі. У любым разе, калі Аляксандар Рыгоравіч хоча гэта зрабіць – а выглядае, што ён вельмі хоча гэта зрабіць, – ён павінен раіцца з навукоўцамі”.

Сярод тэмаў, якія найбольш часта гучаць гэтымі днямі ў Кіеве – сытуацыя вакол самой атамнай станцыі. Паводле навукоўцаў, саркафагу над 4-м энэргаблёкам быў пабудаваны з разьлікам на 20 гадоў, і цяпер гэта тэрмін сканчаецца.

Канструкцыя саркафагу дэфармуецца, бачная іржа, агульная плошча шчылінаў – сто квадратных мэтраў. Пад такім ненадзейным укрыцьцём знаходзіцца 200 тонаў радыяактыўнага паліва. Прэзыдэнт Віктар Юшчанка заявіў, што Ўкраіна дакладна выконвае свае абавязаньні ў справе нераспаўсюджаньня ядзернай зброі – і заклікаў міжнародную супольнасьць дапамагчы Украіне ў справе пабудовы новай канструкцыі. На гэта спатрэбіцца блізу мільярду даляраў.

Даведка: Барыс Патон (нар. 1918 г.), акадэмік АН Украіны, дзейны член Расейскай АН і Швэдзкай АН, ганаровы акадэмік больш як дзясятка іншаземных акадэміяў, з 1962 года – Прэзыдэнт Нацыянальнай АН Украіны. Быў намесьнікам Старшыні Вярхоўнага Савету СССР, дэпутатам Вярхоўнага Савета УССР некалькіх скліканьняў. Герой Украіны, двойчы Герой сацыялістычнай працы. У цэнтры Кіева ўсталяваны бронзавы бюст Барыса Патона.
XS
SM
MD
LG