Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэстантаў прымушаюць прадаць будынак царквы


Радыё Свабода, Менск Менгарвыканкам прымушае вернікаў пратэстанцкай суполкі “Новае жыцьцё” прадаць гарадзкім уладам будынак, які належыць царкве. Будынак плошчай 1 600 квадратных мэтраў ацанілі ў 17 000 даляраў. Столькі сёньня каштуе пакой у камунальнай кватэры з агульнай кухняй. Вернікі ўпэўненыя, што ўлады, насамрэч, намагаюцца ліквідаваць іх суполку. Летась вернікаў пазбавілі зямельнага ўчастку, на якім месьціцца царква, а потым аштрафавалі адміністратара царквы на 6 000 даляраў за правядзеньне набажэнства, на якое ўлады не далі дазволу.

У Менскім гаспадарчым судзе пачаўся разгляд пазову Менгарвыканкаму да пратэстанцкай суполкі “Новае жыцьцё”. Юрыст суполкі Сяргей Луканін прынёс дакумэнты і фотаздымкі будынка, які гарадзкія ўлады хочуць набыць за 35 мільёнаў рублёў (гэта каля 17 000 даляраў). Вернікі набылі былы калгасны кароўнік у 2001 годзе. Згодна з дакумэнтамі, на той момант будынак меў 80% зносу. Вернікі адрамантавалі яго за ўласныя грошы і цяпер, паводле экспэртаў, знос складае 19%. Гаворыць адміністратар царквы Васіль Юрэвіч:

(Юрэвіч: ) "Наш будынак Менгарвыканкам хоча купіць за такія грошы, за якія можна сёньня набыць пакой у камунальнай кватэры, і пакой недзе 10 квадратных мэтраў. Гэта яшчэ і цынічна. Мы прыклалі шмат намаганьняў, каб зрабіць выдатным гэты будынак, на ахвяраваньні сваіх вернікаў мы зрабілі паўнавартасны эўрарамонт. Стаяць шклопакеты, добрая фарба..."

Прадстаўнік Менгарвыканкаму Аляксандар Казятнікаў патлумачыў у судзе, што будынак выкарыстоўваецца не па прызначэньню. Юрыст суполкі Сяргей Луканін зьвярнуў увагу суду на парадаксальную сытуацыю. Калі вернікі набылі будынак, ён знаходзіўся за гарадзкой рысай. А пазбавілі вернікаў участку і забаранілі ладзіць набажэнствы тады, калі ён уваходзіў ужо у склад мікрараёна “Сухарава”. У межах гораду трымаць кароў забаронена. Апроч таго, Менгарвыканкам не прадставіў дакумэнтаў аб тым, што будынак парушае плян забудовы, і ці будзе, наогул, тут будаўніцтва.

(Луканін: ) "Па ўсяму відаць, што яны ўпэўнены, што рашэньне суда будзе вынесена на іх карысьць, і таму яны нават не рыхтаваліся і не прапрацоўвалі нейкія юрыдычныя нормы. Як мне падаецца, судзьдзя накіроўваў ход працэсу ў тое рэчышча, каб было за што зачапіцца і каб хутчэй вынесьці яшчэ адно рашэньне".

Пастар царквы “Новае жыцьцё” Вячаслаў Ганчарэнка прысутнічаў на паседжаньні.

(Ганчарэнка: ) "Ідзе мэтаскіраваная барацьба супраць пратэстантаў. Мы проста сталіся першай мішэньню. Пасьля выбараў асабліва многія пастары атрымалі мноства розных папярэджаньняў. Калі ўлада настолькі адкрыта пачынае ісьці супраць царквы, то гэта, канечне ж, падаўленьне свабоды".

Судзьдзя прапанаваў юрысту Менгарвыканкама прынесьці на наступнае паседжаньне ўсе неабходныя дакумэнты. Канчатковае паседжаньне ў справе заплянавана на сярэдзіну траўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG