Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Волі – онлайн, фота з разгону шэсьця


Радыё Свабода Тысячы людзей сабраліся сёньня ў цэнтры Менску, каб адсьвяткаваць Дзень Волі. Пасьля мітынгу ў Купалаўскім сквэры частка дэманстрантаў на заклік Аляксандра Казуліна рушыла да спэцпрымальніка-разьмеркавальніка на вуліцы Акрэсьціна, каб патрабаваць вызваленьня палітзьняволеных. Каля Тэатру музкамэдыі сілы парадку жорстка спынілі дэманстрантаў, супраць іх былі ўжытыя шумавыя бомбы, ёсьць параненыя. "Свабода" онлайн – жывы рэпартаж у Дзень Волі.

17:40. Машыну Вінцука Вячоркі перасьледуюць чатыры машыны зь невядомымі Вінцук Вячорка паведаміў, што ён беспасьпяхова спрабуе адарвацца ад перасьледу.

16:45. Затрыманы Аляксандар Казулін. Параненых выносяць на насілках

На месцы разгону калёны пачаўся масавы хапун. Сьведкі бачаць трох параненых, двух выносілі на насілках.

16:30. Затрыманы Павал Мажэйка

Як паведаміла нашаму карэспандэнту Іна Кулей, у Менску міліцыя затрымала аўтамашыну, у якой знаходзіўся прэсавы сакратар Аляксандра Мілінкевіча Павал Мажэйка з узмацняльнай апаратурай, што выкарыстоўвалася падчас мітынгу ў сквэры Янкі Купалы. Аляксандар Мілінкевіч і Іна Кулей накіраваліся ў Цэнтральны райаддзел міліцыі, куды павезьлі затрыманага з апаратурай Мажэйку.

16:15. Машыну Мілінкевіча спынілі

На вуліцы Куйбышава спынена машына Мілінкевіча. Дзе цяпер ён сам - невядома.

16.13. Супраць дэманстрантаў ужываюць шумавыя бомбы

У апэрацыі ўдзельнічаюць некалькі сотняў амапаўцаў.


16:10. Спэцназ і АМАП перакрылі шлях калёне. Рыхтуюцца да затрыманьняў

Пад мостам ля будынку райвыканкаму Маскоўскага раёну Менску шлях калёне, якая рухалася да спэцпрыёмніку на вуліцы Акрэсьціна, перакрылі некалькі шэрагаў АМАПу і спэцназу. З рацыяў міліцыянтаў можна пачуць, што яны чакаюць, каб калёна дайшла да бязьлюднага месца, дзе і мяркуюць затрымаць удзельнікаў шэсьця.

16.05. Людзі пакідаюць грамадзкі транспарт і далучаюцца да калёны

Грамадзкі транспарт спыніўся. Пасажыры далучаюцца да калёны, якая ідзе на вуліцу Акрэсьціна да спэцпрыёмніку з патрабаваньнем вызваліць вязьняў. У калёне рушыць больш як 10 тысяч чалавек.

16:00. Спэцназ і АМАП перакрылі шлях калёне. Рыхтуюцца да затрыманьняў

Пад мостам ля будынку райвыканкаму Маскоўскага раёну Менску шлях калёне, якая рухалася да спэцпрыёмніку на вуліцы Акрэсьціна, перакрылі некалькі шэрагаў АМАПу і спэцназу. З рацыяў міліцыянтаў можна пачуць, што яны чакаюць, каб калёна дайшла да бязьлюднага месца, дзе і мяркуюць затрымаць удзельнікаў шэсьця.

15:30. 3 тысячы чалавек ідуць да Акрэсьціна вызваляць палітвязьняў

На дадзены момант калёна крочыць па вуліцы Багдановіча. Удзельнікі скандуюць “Свабоду!” і “Жыве Беларусь”.

15:15. Мітынг у Менску скончыўся

Мітынг у сквэры імя Янкі Купалы ў Менску скончыўся а 15-й гадзіне. Пры канцы мітынгу прынялі зварот у Камітэт па правах чалавека ААН і да ўсіх дзяржаваў сьвету, каб яны зьвярнулі ўвагу на падзеі ў Беларусі і паспрыялі вызваленьню затрыманых удзельнікаў апазыцыйных акцыяў.

Затым у прынятай рэзалюцыі ўдзельнікі мітынгу асудзілі мінулую выбарчую кампанію й запатрабавалі правядзеньне новых сумленных выбараў без удзелу Аляксандра Лукашэнкі, а таксама запатрабавалі вызваліць усіх палітвязьняў. Аляксандар Мілінкевіч заклікаў усіх прысутных далучацца да Народнага руху за свабоду, пра стварэньне якога было абвешчана на мітынгу. Вінцук Вячорка заклікаў памятаць пра наступную буйную акцыю апазыцыі — Чарнобыльскі шлях.



15:10. Казулін і частка мітынгоўцаў скіраваліся на Акрэсьціна

Яны крочаць туды, каб дамагчыся вызваленьня ўсіх затрыманых. Ад Купалаўскага сквэру да спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку 11 кілямэтраў.

15:00. Выступленьне дэпутаткі польскага Сэйму

На мітынгу ў сквэры Янкі Купалы выступіла дэпутатка польскага Сэйму ад Партыі права й справядлівасьці Малгажата Гасіньска. Яна выказала салідарнасьць са змаганьнем беларускага народу за праўду аб выбарах і абвясьціла заяву прэм’ер-міністра Польшчы Казімежа Марцінкевіча: усе студэнты Беларусі, якіх за ўдзел у апазыцыйных мітынгах выключаць зь беларускіх ВНУ, будуць прыняты для бясплатнага навучаньня ў польскіх унівэрсытэтах.



14:50. На даху спэпрымальніка-разьмеркавальніка на Акрэсьціна — снайпэры

На даху турмы дзяжураць 4 снайпэры. Міліцыянты вядуць апэратыўную здымку ўсіх прысутных.

14:45. Людміла Гразнова зьвярнулася да “васьмёркі”

Людміла Гразнова, выступаючы на мітынгу ў сквэры імя Янкі Купалы, заявіла: Уладзімеру Пуціну ня месца побач з прыстойнымі людзьмі ў “васьмёрцы”, бо Эўропа нясе маральную адказнасьць за тое, што адбываецца ў Беларусі. А таму Пуцін, які павіншаваў Лукашэнку зь перамогай, павінен быць выключаны з гэтай арганізацыі.

“Я цяпер бачыла вочы міліцыянтаў, і адчуваю, што яны гатовы далучыцца да нас”, — сказала Людміла Гразнова.

14:35. На Акрэсьціна перасталі прымаць перадачы

Супрацоўнікі спэцпрымальніка-разьмеркавальніка тлумачаць, што пэрсанал перагружаны іншай працай.

У браму вязьніцы заехала машына “хуткай дапамогі”.

14:30. Аб’яўлена пра стварэньне Народнага руху за свабоду

Выступаючы на мітынгу ў сквэры імя Янкі Купалы, Аляксандар Мілінкевіч абвясьціў аб стварэньні Народнага руху за свабоду. Ён сказаў, што ўдзельнікі гэтага руху дойдуць да ўсіх гарадоў і вёсак краіны, каб давесьці да людзей праўдзівую інфармацыю пра тое, што адбываецца ў краіне.

14:20. Казулін: “Месца апошняга дыктатара Эўропы — у Гаазе”

Аляксандар Казулін заклікаў удзельнікаў па сканчэньні мітынгу ісьці на Акрэсьціна й дамагацца вызваленьня палітвязьняў. Ён дадаў, што месца апошняга дыктатара Эўропы — у Гаазе. Прысутныя скандавалі: “Чамадан — вакзал — Гаага!”



14:15. Уладзімер Арлоў: “Пакараныя зьняволеньнем — героі”

На мітынгу выступае Ўладзімер Арлоў. Усіх зьняволеных жыхароў намётавага лягеру ён назваў героямі Беларусі.

14:00. На мітынгу выступаюць Вячорка й Мілінкевіч

Вінцук Вячорка заклікаў да салідарнасьці з тымі, хто сядзіць за кратамі.

Мілінкевіч нэгатыўна ацаніў вынікі выбараў.

13:55. У Купалаўскім сквэры хутка пачнецца мітынг

У Купалаўскім сквэры цяпер знаходзіцца каля 8 тысяч чалавек. Людзі працягваюць падыходзіць. У гэты момант тут усталёўваецца гукаўзмацняльная апаратура. Хутка пачнецца мітынг.

13:50. Удзельнікі мітынгу прагналі здымачную групу БТ

Падчас мітынгу, які адбываецца ў сквэры імя Янкі Купалы, ягоныя ўдзельнікі прагналі здымачную групу БТ. Дзяржаўныя журналісты пакідалі сквэр пад крыкі “Паклёпнікі!”, “Ганьба!”






13:45. Затрыманыя ў камэрах сьпяваюць беларускія песьні

Людзі ў сквэры імя Янкі Купалы абмяркоўваюць лёс затрыманых напярэдадні на Кастрычніцкай плошчы. Маці адной з затрыманых дзяўчат удалося прайсьці ў разьмеркавальнік на Акрэсьціна. Яна паведаміла, што затрыманыя ў камэрах сьпяваюць беларускія песьні, вывучаныя ў намётах на плошчы.

13:40. Мілінкевіч: “Страх улады дасягнуў апагею. У цэнтры гораду — каля 20 000 тысяч чалавек”

Мілінкевіч прыйшоў у сквэр Янкі Купалы. Ён зьвярнуўся да прысутных: “Тое, што ўлады пайшлі на сілавыя дзеяньні ў гэты дзень, сьведчыць пра іхны страх. Ён дасягнуў свайго апагею”. Мілінкевіч адзначыў, што менскія турмы перанаселеныя: “Я шукаў свайго сына, і толькі сёньня даведаўся, што ён у Жодзіне”.Спадар Мілінкевіч заклікаў іншыя калёны далучыцца да мітынгу ў Купалаўскім сквэры. Але байцы АМАПу і СОБРу перашкаджаюць калёнам злучыцца”. У цэнтры гораду знаходзіцца блізу 20 000 тысяч чалавек.

13:20. Затрыманы Павал Шарамет

Кіраўніца Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна паведаміла, што невядомыя людзі ў цывільным затрымалі Паўла Шарамета.

13:20. Каля тысячы дэманстрантаў накіравалася да плошчы Свабоды

На плошчы Свабоды ўжо стаіць калёна людзей. Мяркуецца, што разам яны паспрабуюць прайсьці да Купалаўскага сквэру. Канцэнтраваныя сілы АМОНу, узброенага дубінкамі, высадзілі з машын і аўтобусаў ў раёне Нямігі, і яны шчыльнымі шэрагамі акальцоўваюць Кастрычніцкую плошчу ззаду Палацу Рэспублікі.

13:17 Апэрацыяй кіруе Паўлючэнка

Дзеяньнямі спэцназу кіруе камандзір СОБРу Зьміцер Паўлючэнка. Яго заўважылі на гаўбцы Дому афіцэраў, адкуль ён праз рацыю перадае нейкія загады.

13:15 Мілінкевіч заклікае ісьці ў сквэр Янкі Купалы

Аляксандар Мілінкевіч, які толькі што зьявіўся ў раёне Кастрычніцкай плошчы, заклікаў удзельнікаў акцыі рухацца ў Купалаўскі сквэр.

12:50. Дэманстрантаў блякавалі ля ўнівэрсаму “Цэнтральны”

Калёну дэманстрантаў блякавалі на ходніках ля ўваходу ва ўнівэрсам “Цэнтральны”. Агульная колькасьць дэманстрантаў — больш за 5 тысяч. Калёны выцягнуліся да Галоўпаштамту. Людзі стаяць на ходніках. Яны выкрыкваюць “Жыве Беларусь!” , “Свабоды не спыніць!” і сьпяваюць “Магутны Божа”. Толькі што з боку Адміністрацыі прэзыдэнта выбегла некалькі соцень спэцназаўцаў у баявой экіпіроўцы й з дручкамі. Яны атачылі калёны дадатковым ланцугом.

12:40. З боку Ўручча ў цэнтар гораду па праспэкце Незалежнасьці

на вялікай хуткасьці рухаецца калёна з 12-ці аўтобусаў-“пазікаў” і 8-мі вайсковых крытых грузавікоў у суправаджэньні “мігалак” ДАІ. У грузавіках заўважаныя вайскоўцы з шчытамі.

12:35. Рух дэманстрантаў перакрыты. Дэманстрантаў блякаваў спэцназ.

Калёны не дайшлі да Кастрычніцкай плошчы. Іх блякавалі на тратуары спэцназаўцы. Людзі кажуць, што іх тут некалькі тысяч.

12:30. Дэманстранты рушылі на плошчу. Міліцыя не перашкаджае

Міліцыя выціснула дэманстрантаў з праезнай часткі на ходнікі. Цяпер калёны рухаюцца да Кастрычніцкай плошчы. Міліцыя не перашкаджае. Рух па праспэкце не прыпынены. Машыны сыгналяць, выказваючы гэткім чынам падтрымку дэманстрантам.

12:25. Дэманстранты перакрылі праспэкт Незалежнасьці

Некалькі тысяч дэманстрантаў выйшлі на праезную частку праспэкту. Дарогу на Кастрычніцкую плошчу ім перакрыў АМАП. Міліцыянты выхопліваюць людзей з калёны й зьбіваюць.

12:20. Дэманстрантаў заганяюць у мэтро

Міліцыянты заганяюць дэманстрантаў у падземныя пераходы мэтро. Тунэлі забітыя, а людзей усё яшчэ адціскаюць у іх.

На вуліцы Леніна сабралася каля 2 тысячаў чалавек зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Іх блякуе ўзмоцнены шэраг АМАПу.

12:07. АМАП зьбівае дэманстрантаў нагамі

Удзельнікі акцыі паспрабавалі прарваць ачапленьні міліцыі. Супрацоўнікі АМАПу павалілі іх на зямлю й пачалі зьбіваць нагамі. Сярод пацярпелых ёсьць жанчыны.

Некалькі тысяч удзельнікаў акцыі стаяць на ходніках паабапал праспэкту Незалежнасьці. У руках яны трымаюць бел-чырвона-белыя сьцягі й кветкі.

12:00. Дэманстрантаў адагналі ад Кастрычніцкай плошчы на некалькі дзясяткаў мэтраў

АМАП выціснуў дэманстрантаў з Кастрычніцкай плошчы й працягвае адганяць людзей у бок ГУМу.

Удзельнікі акцыі, скандуючы “Ганьба!”й “Жыве Беларусь!”, намагаюцца ізноў патрапіць на плошчу.

11:45. АМАП пачаў выціскаць людзей з Кастрычніцкай плошчы

Супрацоўнікі АМАПу выціскаюць людзей з плошчы, дзе сабралася агулам каля сотні чалавек.

Міліцыянты кажуць, што знаходзіцца ў гэтым месцы нельга, бо тут прыбіраюць каток. На прылеглых вуліцах сабралася некалькі дзясяткаў чалавек, якія спрабуюць патрапіць на плошчу.


11:30.На Кастрычніцкую плошчу звозяць сьнег, на прылеглых вуліцах – шмат тэхнікі зь міліцыянтамі

Кастрычніцкая плошча Менску, дзе сёньня павінна адбыцца акцыя з нагоды Дня Волі, застаўленая сьнегазборнай тэхнікай.

На месцы намётавага лягеру звалены сьнег. Сама плошча міліцыянтамі пакуль не ачэпленая. На прылеглых вуліцах карэспандэнт “Свабоды” налічыў 6 МАЗаў-“аўтазакаў”, 3 аўтобусы з АМАПам, 5 ГАЗікаў зь міліцыянтамі ды ішная спэцтэхніка сілавых структураў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG