Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Лявада-цэнтар" адмаўляецца ад вынікаў экзыт-полу?


Юры Дракахруст, Прага Учора прадстаўнікі штабу Аляксандра Мілінкевіча са спасылкай на расейскі "Лявада-цэнтар" агучыў дадзеныя экзыт-полу, паводле якога за Аляксандра Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах прагаласавала 47% выбаршчыкаў, за Аляксандра Мілінкевіча – каля 30%.

Сёньня прэсавы сакратар "Лявада-цэнтру" Ірына Палікава заявіла, што адмыслоўцы цэнтра сапраўды праводзілі ў Беларусі ўчора тэлефонае апытаньне, але не зьбіраліся і не зьбіраюцца публікаваць гэтыя дадзеныя з прычыны мэтадалягічных праблемаў – вялікай колькасьці адмоваў адказаваць на пытаньне.

Спадарыня Палікава паведаміла, што “Лявада-цэнтар” спрабаваў атрымаць акрэдытацыю для правядзеньня экзыт-полаў падчас беларускіх выбараў, але атрымаў адмову.

Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што адмова "Лявада-цэнтра" ад аўтарства праведзеных у Беларусі ўчора экзыт-полаў тлумачыцца ціскам на незалежныя аналітычныя цэнтры ў Расеі.

"Відаць, на “Лявада-цэнтар” націснулі, паколькі яшчэ ўчора яны ад аўтарства экзыт-полаў не адмаўляліся" – заявіў Мілінкевіч.

Гэтую заяву палітыка мы папрасілі пракамэнтаваць намесьніка дырэктара "Лявада-цэнтру" Аляксея Гражданкіна.

(Гражданкін: ) "Мы праводзілі дасьледаваньне ў Беларусі ў дзень выбараў, але гэта ня быў экзыт-пол, гэта не былдо апытаньнем каля выбарчых скрыняў. Мы праводзілі апытаньне адносна настрояў беларускіх выбаршчыкаў, але ня сталі шырока публікаваць ягоныя лічбы, таму што сутыкнуліся з пэўнымі мэтадычнымі праблемамі пры апрацоўцы дадзеных.

Справа ў тым, што больш за 30% апытаных адмовіліся адказваць, як яны прагаласавалі ці зьбіраюцца галасаваць у гэты дзень на выбарах прэзыдэнта Беларусі. Гэта не дало нам магчымасьці даць дакладную ацэнку, як насамрэч павінны былі разьмеркавацца галасы выбаршчыкаў на гэтых выбарах.

Мы працягваем аналіз гэтых дадзеных і калі мы прыйдзем да нейкіх высноваў адносна той інфармацыі, якую мы маем, мы паведамім.

Прадстаўнікі штабу Мілінкевіча ўчора спасылаліся на дадзеныя апытаньня "Лявада-цэнтру", атрыманыя праз электроную пошту.

Ізноў гаворыць Аляксей Гражданскін.

(Гражданкін: ) "Мы наўпрост гэтыя дадзеныя ім не пасылалі. Мы атрымалі нейкія папярэднія дадзеныя, сутыкнуліся з тымі праблемамі, якія я Вам назваў. І гэтыя праблемы не даюць нам магчымасьць адназначна інтэрпрэтаваць вынікі дасьледаваньня".

Дадзеныя, якія агучылі ўчора прадстаўнікі штабу Мілінкевіча, яны маюць дачыненьне да вынікаў апытаньня, праведзенага “Лявада-Цэнтрам” ці не?

(Гражданкін: ) "Тыя дадзеныя, якія агучвае беларуская апазыцыя – гэта папярэднія дадзеныя нашага тэлефонага апытаньня, якія мы праводзілі ў дзень выбараў. Але пры гэтым, на наш погляд, не зусім карэктна інтэрпрэтаваныя. Мы атрымалі вынікі гэтага дасьледаваньня, але з прычыны таго, што больш за 30% апытаных адмовіліся адказаць, як яны прагаласавалі ці як зьбіраюцца прагаласаваць, то мы ня здолелі прыйсьці да пэўных высноваў, якая колькасьць галасоў была пададзеная за кожнага з кандыдатаў.

Тыя лічбы, якія публікуюцца, яны цалкам несправядлівыя і мы не гатовыя іх падцьвердзіць".

Тлумачэньні спадара Гражданкіна да пэўнай ступені супярэчлівыя, ён падцьвяржае, што дадзеныя, агучаныя ўчора Сяргеем Калякіным і Сяргеем Вазьняком, гэта папярэднія дадзеныя тэлефоннага апытаньня “Лявада-цэнтру”.

У той жа час ён называе гэтыя лічбы несправядлівымі і няправільна інтэрпрэтаванымі. Адно з тлумачэньняў гэтай супярэчлівасьці прапанаваў Аляксандар Мілінкевіч – гэта вынік палітычнага ціску на “Лявада-цэнтар”.

Але можа быць і чыста прафэсыйная інтэрпрэтацыя.

Магчыма, у апытаньні “Лявада-цэнтру” траціна апытаных адказала, што прагаласавала за Лукашэнку, 20% – што прагаласавалі за Мілінкевіча, 30%, як паведаміў спадар Гражданкін, адмовіліся адказваць, які выбар яны зрабілі. Калі гэтыя 30% адкінуць, то 33% за Лукашэнку як раз і ператвараюцца ў 47%, а 20% за Мілінкевіча – у 30%. Але гэтае адкіданьне сапраўды некарэктнае – гэтыя 30%, што адмовіліся адказваць – гэта “чорная скрыня”, калі усе яны былі за Лукашэнку, то ён атрымаў за 60%, калі скажам, усе за Мілінкевіча, то ён атрымаў 50%, Але як насамрэч разьмеркаваліся галасы, хто адмовіўся адказваць, невядома. Менавіта пра гэтую няпэўнасьць, відаць, і казаў намесьнік кіраўніка “Лявада-цэнтру”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG