Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ўпершыню пакаралі арыштам пратэстанцкага сьвятара


Радыё Свабода Суд Партызанскага раёну Менску арыштаваў на 10 сутак пастара баптысцкай суполкі “Запавет Хрыста” Георгія Вязоўскага. Яго абвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванага ўладамі набажэнства.

У суд Партызанскага раёну прыйшлі вернікі з розных баптысцкіх суполак, каб падтрымаць пастара Георгія Вязоўскага.

Суполка “Запавет Хрыста” была зарэгістравана ў 1994 годзе. Летась у вернікаў пачаліся праблемы: юрыдычны адрас не адпавядаў патрабаваньням новага заканадаўства. У лістападзе на пастара Георгія Вязоўскага склалі адміністрацыйны пратакол за правядзеньне набажэнства і суд вынес папярэджаньне. Цяпер сьвятара арыштавалі на 10 сутак.

Георгій Вязоўскі заявіў Свабодзе, што гэта робіцца дзеля таго, каб запалохаць вернікаў і зьнішчыць пратэстанцкія суполкі.

(Вязоўскі: ) “Правялі фотаздымку без дазволу ў парушэньне ўсяго. Мы рабілі ў судзе спасылкі на закон, на міжнародныя пакты, але гэта нічога ня значыла, бо ўсё гэта замоўлена. Усё робіцца дзеля таго, каб прынізіць, каб запалохаць, каб утаптаць у бруд. Думаю, што маліцца Богу ніхто ня можа забараніць… Ніякія штрафы, ніякія санкцыі, ніякія рэпрэсіі”.

На судзе прысутнічалі пастары іншых пратэстанцкіх суполак, сярод якіх Уладзімір Буканаў і Міхаіл Рэкуноў. Яны не чакалі такога прысуду. Улады ўпершыню пакаралі пратэстанцкага сьвятара арыштам. Раней суды штрафавалі і ліквідавалі суполкі.

Летась цягам двух месяцаў суды ліквідавалі дзьве пратэстанцкія суполкі, пастарамі якіх зьяўляюцца Эрнст Сабіла і Леанід Ліпень. Адміністратара суполкі “Новае жыцьцё” Васіля Юрэвіча за правядзеньне набажэнства суды аштрафавалі на 6 000 даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG